Распавядаем аб праекце, які робіць гучнымі
важныя гісторыі і яскрава даводзіць, што тэатр – гэта не пра пыльную заслону ды
выгул урачыстых сукенак.
Аўтар праекта «3 акт» Кірыл некалі вучыўся ў
БДУ на тэхнара, але ўсё студэнцтва правёў ва ўніверсітэцкім тэатры «На
балконе». Разам з рэжысёрамі адтуль Кірыл ствараў тэатр SEPT, і рабяты нават
паставілі спектакль да таго, як стала зразумела, што працягваць справу ў
Беларусі могуць не ўсе. Наколькі гэта рэальна – захаваць тэатральную працу,
нават калі калектыў разляцеўся па свеце? Задачку з зорачкай дапамаглі вырашыць
падкастарскія навыкі Кірыла. Так і з'явіўся «тэатр ля мікрафона» – праект «3
акт».
«А далей прыйшло разуменне, што гэта не
выключна пра пастаноўкі, якія выкарыстоўваюць толькі гук, але і пра даступны,
просты тэатр, – распавёў «Беларускаму Падкаст Хабу» Кірыл. – Калі ты можаш
паслухаць яго ў любы момант і сам вырашаць, што табе падабаецца, а што не,
паслухаўшы розныя матэрыялы і пастаноўкі ў адным месцы. Гэта стала лейтматывам
нашай дзейнасці – рабіць просты і займальны тэатр».
Сам Кірыл спачатку пераехаў з Беларусі ў
Расію, потым у Грузію, дзе з такімі ж энтузіястамі тэатральнага мастацтва
сабраў тэатральную суполку «Камень.Нажніцы.Тэатр». Яе ўдзельнікі сталі ладзіць
чыткі (прыходзіць на іх запрашаюць усіх, хто ў Тбілісі стала ці пралётамі),
выпускаць аўдыёспектаклі, а потым і арганізавалі ўласны open-call, каб знайсці
аўтар_ак, якім хочацца ўдыхнуць у тэксты жыццё праз агучку.
Зараз у праекце «3 акт» задзейнічана мноства
людзей. Гэта і профі, і энтузіясты без аніякіх тэатральных «корачак». Тут і
цэлыя тэатральныя трупы, і асобныя дзеячы – рэжысёр_кі і актор_кі. Геаграфічна
– Беларусь, Расія, Грузія, Польшча. Таксама ў камандзе ёсць мантажоры,
аператары, тэатральныя менеджэры, PR-шчыкі і іншыя людзі, якія так ці інакш
бачаць сябе ў праекце. Пры гэтым няма ніякіх фіксаваных «пасад»: аператар можа
і ў чытцы паўдзельнічаць, а рэжысёр – уключыцца ў працу PR-аддзела. Грузінскі
касцяк каманды налічвае каля 20 чалавек, некалькі тэатральных каманд
падлучаюцца на выдалёнцы.
Мэтаў у праекта як мінімум тры: 1) зрабіць
тэатр простым і такім жа папулярным, як кінематограф; каб людзі слухалі,
абменьваліся ўражаннямі, чакалі новых п'ес; 2) агучыць сучасныя тэксты, якія
падымаюць актуальныя тэмы, падсвятляюць рэальныя праблемы – будучы пачутымі,
гэтыя тэксты могуць запусціць хвалю абмеркавання, а там, глядзіш, нешта і
вырашыцца; 3) стаць пляцоўкай для розных рэжысёраў, драматургаў і акцёраў;
рэалізоўваць моцныя ідэі.
А далей прыйшло разуменне, што гэта не выключна пра пастаноўкі, якія выкарыстоўваюць толькі гук, але і пра даступны, просты тэатр.
Матэрыял звычайна адбірае режысёр_ка, бо
працаваць хочацца з тэкстам, які чапляе цябе асабіста. А з чаго выбіраць – тут
ужо акіян магчымасцяў: чытай сабе бібліятэкі і конкурсы драматургіі. Цяпер і
ўвогуле шык: open-call прынёс 98 п'ес, бяры ды шукай «сваю». Лепшае для новага
сезона спрабавалі адабраць, арыентуючыся на тое, як жыва напісаны тэкст, пра
што ён і куды можа прывесці чытача. «П'еса – гэта невялікі шлях, таму важна,
каб яна давала нешта таму, хто па ім ідзе: эмоцыю, думку і/або мараль», –
патлумачыў Кірыл. Рыдэрамі на оўпэн-коле выступілі драматургі, літаратары,
рэжысёры з вельмі рознымі густамі і поглядамі. Таму і новы сезон атрымаецца ну
вельмі разнастайным, што для слухачоў, безумоўна, толькі плюс.
Дарэчы, слухачы ў «3 акта» таксама вельмі
розныя: ад падлеткаў, якія здымаюць па аўдыёспектаклях тыктокі, да пажылых
людзей. Але асноўная аўдыторыя – людзі 18-34 гадоў, якія любяць або тэатр, або
падкасты, або 2-у-1, чым «3 акт» і з’яўляецца.
Text by Zamandarin