Беларускую культуру цяжка ўявіць без габрэйскай. Ледзь не ад пачатку існавання ВКЛ (а па некаторых звестках і раней) нашыя народы жылі і працавалі побач, хадзілі адно да аднога ў госці, спявалі і разам жартавалі. Гэта не магло не адбіцца на перапляценні дзвюх культур, звычаяў і мастацтва. Запрашаем занурыцца ў свет ідышу, рабінскіх мудрасцяў і габрэйскай спадчыны, якая засталася сучаснай Беларусі, праз нашую падборку падкастаў на гэтую тэму. Бо пазнаючы габрэйскую культуру, пазнаеш і сябе.
Габрэі ў Беларусі: ад ВКЛ да БССР
На платформе «Лятучага ўніверсітэта» выкладзены курс лекцый культуролага і мастацтвазнаўцы Сяргея Харэўскага, прысвечаны габрэям Беларусі. Тут і пра першыя згадкі пра габрэяў у ВКЛ, правы і свабоды народа ў хартыях Вітаўта, першы акт генацыду; і пра заснаванне Літоўскага ваада – вышэйшага органа габрэйскай аўтаноміі пры Рэчы Паспалітай; і пра мастакоў; і пра новую савецкую габрэйскую культуру ды літаратараў; і пра гета ў гады Другой Сусветнай вайны. Асобнай ўвагі, вядома, заслугоўвае выпуск пра духоўнае жыццё габрэяў і галоўныя сінагогі на тэрыторыі Беларусі.
Гайды па габрэйскім Менску і музыцы
Некамерцыйная ўстанова «Цэнтр беларуска-габрэйскай культурнай спадчыны» усебакова асвятляе тэму, за якую ўвіхаецца. Напрыклад, пры падтрымцы Цэнтра на канале мастацтвазнаўцы Мікіты Моніча «Каля культуры» выйшлі некалькі выпускаў пра мастакоў-габрэяў. У аўдыяфармаце выпусцілі два аўдыягіда: першы прапануе шпацырнуць старымі вуліцамі Менска і акунуцца ў гандлёвую мітусню канца XIX стагоддзя, каб адчуць мультыкультурнасць беларускай сталіцы; другі праводзіць слухач_ку ў прадмесці і жылыя раёны Менска мяжы XIX–XX стагоддзяў, з яго можна больш даведацца пра габрэйскія святы, побыт, гандаль. Таксама не скіпані незнарок падкаст-даследаванне, прысвечаны перасячэнню габрэйскіх і беларускіх музычных традыцый: ад народных песень да сучаснага фьюжна.
Пра габрэйскую рэлігійную адукацыю
Падкаст Vandra прысвечаны вандроўкам па Беларусі і, што прыемна, яго стваральнікі рыдлююць тэму і ўшыркі, і ўглыб. Адзін з эпізодаў прысвечаны габрэйскай рэлігійнай адукацыі на Беларусі. Спікеркай тут выступае Нэля Крэйн – стваральніца праекта majsy.by пра габрэйскую спадчыну Беларусі. Нэля працуе ў музеі гісторыі і культуры габрэяў Беларусі, ездзіць у тэматычныя экспедыцыі, збірае спадчыну літаральна па каліўцы. У падкасце можна паслухаць пра тое, як на Беларусі развівалася сістэма габрэйскай адукацыі, якія выбітныя рэлігійныя дзеячы выйшлі ў свет з беларускіх устаноў, як пачувае сябе рэлігійный габрэйскі турызм і куды паломнічаюць іўдзеі на беларускіх тэрыторыях.
Пра гісторыю культуры габрэяў
Яшчэ адна перадача з культурнай антрапалагіняй Нэляй Крэйн. Вядучы «Нататніка» Максім распытвае ў эксперткі, ці засталіся ў беларускіх вёсках габрэі; што можна заўважыць на старых хатах; хто такія літвакі, а хто – хасіды; ці можна лічыць Змітрака Бядулю габрэйскім паэтам; ці трэба ратаваць старыя сінагогі, якіх у Беларусі засталося вялікае мноства; і дзе яшчэ ў свеце можна знайсці драўляныя мацэвы, якія захаваліся у вёсцы Ленін.
Пра парыжскіх мастакоў
Падкаст 34mag.net пра мастацтва Беларусі не мог абысціся без выпуску, прысвечанаму мастакам Парыжскай школы, імёны якіх вядомыя свету (а вось тое, што нарадзіліся гэтыя артысты на тэрыторыі сучаснай Беларусі, вядома толькі знаўцам). У пачатку ХХ стагоддзя з беларускіх гарадоў і мястэчак у Парыж з'ехаліся вучыцца дзясяткі таленавітых маладых людзей, якія мроілі аб мастацкай кар'еры – часцяком насуперак планам іх бацькоў. З гэтага падкаста ты крыху больш даведаешся пра двух самых яркіх зорак з гэтай плеяды – Марка Шагала і Хаіма Суціна. У біяграфіях абодвух было дастаткова паваротаў, якія маглі б захапіць сцэнарыста HBO: напрыклад, каханне з першага погляду і назаўжды або з'яўленне мільянера, які скупляе твае работы ледзь не оптам, хоць імя тваё зусім не мільгае на першых старонках арт-аглядаў. Але падкаст, вядома, не толькі пра займальныя факты з жыцця, але і пра галоўнае – пра карціны, якімі захапляюцца і сёння.
Тайрэ Віцебск
Ужо некалькі разоў згаданы на старонках Belarus Podcast Hub, але ад гэтага не менш варты ўзгадак падкаст «Тайрэ Віцебск» («Дарагі Віцебск») знаёміць слухач_ак з габрэйскай спадчынай гордага горада на Заходняй Дзвіне, але дае даволі шырокі кантэкст, таму зацікавіць не толькі аматар_ак Віцебшчыны. Рэкамендуем пачаць з першага эпізоду, госцем якога стаў мясцовы рабін. Адсюль можна начарпаць «базу»: даведацца, чым габрэі адрозніваюцца ад іўдзеяў; у чым заключаецца праца рабіна; ці можна зайсці ў сінагогу, калі ты не іўдзей; у якіх кантэкстах дапушчальна (калі ўвогуле дапушчальна) выкарыстоўваць слова на «ж» і гэтак далей. Наступныя эпізоды «Тайрэ Віцебск» распавядаюць пра ідыш і габрэйскую літвацкую музыку. Падкаст адкрывае незвычайны вугал зроку на культурную сталіцу Беларусі і краіну ў цэлым, дапамагае пазбавіцца ад «дэфолтнага» погляду хрысціянскай большасці.
Гісторыі беларусаў, якія пераехалі ў Ізраіль
Падкаст «Беларусы на выдаленцы» расказвае пра жыццё беларусаў за мяжой. Выпуск пра Ізраіль можа быць вельмі цікавы для тых, хто цікавіцца габрэйскай тэмай. Героі выпуску – самелье Лізавета Хургіна, якая восем гадоў жыве ў Петах-Цікве, і арт-дырэктар мясцовага тэлеканала Арцём Свіршчык, ён пасяліўся ў Іерусаліме. Яны распавядаюць пра сваю рэпатрыяцыю, нюансы ізраільскай бюракратыі, цымес ізраільскага стылю жыцця і асаблівасці мясцовай дыяспары. Безумоўнае ўпрыгожванне выпуску – шматлікія дэталі, пра якія не даведаешся з першых старонак гугла.
Сатырычны раман Мойхера-Сфорыма
«Падарожжы Беньяміна ІІІ» – гісторыя пра чалавека з тыповага беларускага мястэчка, які раптам вырываецца з руціны ў памкненнях да мроі. Ваяжор Беньямін накіроўваецца на Усход, прыхапіўшы за сабою адданага «збраяносца» Сэндэрла. У фанастычных краях іх чакаюць не менш фантастычныя прыгоды і лёсавызначальныя сустрэчы. Раман быў напісаны Мэндэлэ Мойхерам-Сфорымам у ХIX стагоддзі на ідышы, у ХХ стагоддзі аўтар перасабраў яго на іўрыце, а ў ХХI стагоддзі урэшце рэшт з’явіўся беларускі пераклад (праца Паўла Касцюкевіча і «Цэнтра беларуска-габрэйскай культурнай спадчыны») і нават аўдыяверсія (агучка купалаўца Міхася Зуя). Прыемнага падарожжа!
Text by Zamandarin