Распавядаем аб праекце, які робіць гучнымі важныя гісторыі і яскрава даводзіць, што тэатр – гэта не пра пыльную заслону ды выгул урачыстых сукенак.
Аўтар праекта «3 акт» Кірыл некалі вучыўся ў БДУ на тэхнара, але ўсё студэнцтва правёў ва ўніверсітэцкім тэатры «На балконе». Разам з рэжысёрамі адтуль Кірыл ствараў тэатр SEPT, і рабяты нават паставілі спектакль да таго, як стала зразумела, што працягваць справу ў Беларусі могуць не ўсе. Наколькі гэта рэальна – захаваць тэатральную працу, нават калі калектыў разляцеўся па свеце? Задачку з зорачкай дапамаглі вырашыць падкастарскія навыкі Кірыла. Так і з'явіўся «тэатр ля мікрафона» – праект «3 акт».
«А далей прыйшло разуменне, што гэта не выключна пра пастаноўкі, якія выкарыстоўваюць толькі гук, але і пра даступны, просты тэатр, – распавёў «Беларускаму Падкаст Хабу» Кірыл. – Калі ты можаш паслухаць яго ў любы момант і сам вырашаць, што табе падабаецца, а што не, паслухаўшы розныя матэрыялы і пастаноўкі ў адным месцы. Гэта стала лейтматывам нашай дзейнасці – рабіць просты і займальны тэатр».
Сам Кірыл спачатку пераехаў з Беларусі ў Расію, потым у Грузію, дзе з такімі ж энтузіястамі тэатральнага мастацтва сабраў тэатральную суполку «Камень.Нажніцы.Тэатр». Яе ўдзельнікі сталі ладзіць чыткі (прыходзіць на іх запрашаюць усіх, хто ў Тбілісі стала ці пралётамі), выпускаць аўдыёспектаклі, а потым і арганізавалі ўласны open-call, каб знайсці аўтар_ак, якім хочацца ўдыхнуць у тэксты жыццё праз агучку.
Зараз у праекце «3 акт» задзейнічана мноства людзей. Гэта і профі, і энтузіясты без аніякіх тэатральных «корачак». Тут і цэлыя тэатральныя трупы, і асобныя дзеячы – рэжысёр_кі і актор_кі. Геаграфічна – Беларусь, Расія, Грузія, Польшча. Таксама ў камандзе ёсць мантажоры, аператары, тэатральныя менеджэры, PR-шчыкі і іншыя людзі, якія так ці інакш бачаць сябе ў праекце. Пры гэтым няма ніякіх фіксаваных «пасад»: аператар можа і ў чытцы паўдзельнічаць, а рэжысёр – уключыцца ў працу PR-аддзела. Грузінскі касцяк каманды налічвае каля 20 чалавек, некалькі тэатральных каманд падлучаюцца на выдалёнцы.
Фота з інстаграма «3 акт»
Мэтаў у праекта як мінімум тры: 1) зрабіць тэатр простым і такім жа папулярным, як кінематограф; каб людзі слухалі, абменьваліся ўражаннямі, чакалі новых п'ес; 2) агучыць сучасныя тэксты, якія падымаюць актуальныя тэмы, падсвятляюць рэальныя праблемы – будучы пачутымі, гэтыя тэксты могуць запусціць хвалю абмеркавання, а там, глядзіш, нешта і вырашыцца; 3) стаць пляцоўкай для розных рэжысёраў, драматургаў і акцёраў; рэалізоўваць моцныя ідэі.
А далей прыйшло разуменне, што гэта не выключна пра пастаноўкі, якія выкарыстоўваюць толькі гук, але і пра даступны, просты тэатр.
Матэрыял звычайна адбірае режысёр_ка, бо працаваць хочацца з тэкстам, які чапляе цябе асабіста. А з чаго выбіраць – тут ужо акіян магчымасцяў: чытай сабе бібліятэкі і конкурсы драматургіі. Цяпер і ўвогуле шык: open-call прынёс 98 п'ес, бяры ды шукай «сваю». Лепшае для новага сезона спрабавалі адабраць, арыентуючыся на тое, як жыва напісаны тэкст, пра што ён і куды можа прывесці чытача. «П'еса – гэта невялікі шлях, таму важна, каб яна давала нешта таму, хто па ім ідзе: эмоцыю, думку і/або мараль», – патлумачыў Кірыл. Рыдэрамі на оўпэн-коле выступілі драматургі, літаратары, рэжысёры з вельмі рознымі густамі і поглядамі. Таму і новы сезон атрымаецца ну вельмі разнастайным, што для слухачоў, безумоўна, толькі плюс.
Дарэчы, слухачы ў «3 акта» таксама вельмі розныя: ад падлеткаў, якія здымаюць па аўдыёспектаклях тыктокі, да пажылых людзей. Але асноўная аўдыторыя – людзі 18-34 гадоў, якія любяць або тэатр, або падкасты, або 2-у-1, чым «3 акт» і з’яўляецца.
Праект некамерцыйны, і запіс аднаго аўдыёспектакля абыходзіцца прыкладна ў $ 50 з асабістай кішэні. Таму «3 акт» не адмаўляецца ад падтрымкі. Як падтрымаць? Падпіскай на інсту і тэлегу, шэрынгам інфы аб праекце сярод знаёмых, данатам на Patreon.
Text by Zamandarin