У пошуках арыенціраў падчас блукання па не
самай чарназёмнай глебе беларускага падкастынгу прапануем зірнуць на Захад.
Belarus Podcast Hub сабраў 8 гісторый з’яўлення на свет амерыканскіх падкаст-шоу, якія
слухаюць міліёны.
The Joe Rogan Experience
Амерыканскі комік, акцёр, майстар баявых адзінаборстваў і спартыўны каментатар Джо Роган прыйшоў у падкастынг ужо ў статусе вялікай зоркі. У 2000-х ён ездзіў у стэндап-туры, і за ім бадзяўся відэёграф Браян
Рэдбан. Апошняму было даручана рыхтаваць матэрыялы для сайта Рогана. Праз нейкі
час Рэдбан заўважыў, што фанаты Рогана патрабуюць болей кантэнту і жадаюць атрымліваць
відэа з іх любімчыкам на першым плане хутчэй, чым дазваляе звычайная схема
«зняць →
змантаваць
→ выкласці ў інтэрнэты». Так узнікла ідэя ладзіць прамыя
трансляцыі з камедыйных канцэртаў. Потым Роган прапанаваў арганізаваць лайв з
уласнага дома, і аўдыё з лайва выгрузілі як падкаст. Ну і закруцілася.
У 2009 годзе пачалася гранд-гісторыя гутарковага шоў The Joe Rogan
Experience з запрошанымі гасцямі-зоркамі, і гісторыя гэта доўжыцца па сённяшні
дзень. Нават людзі, якія ўвогуле не слухаюць падкасты, бачылі штосьці з Рогана
– хаця б урыўкі эпізода з
Іланам Маскам,
дзе ён у прамым эфіры паліць траўку.
У 2020 годзе правы на эксклюзіўную трансляцыю падкаста купіла платформа
Spotify. СМІ агучвалі суму здзелкі хто ў $100 млн, хто ў $200 (карацей,
шалёныя грошы). Хутка колькасць выпускаў The
Joe Rogan Experience перакрочыць за 2000.
This Week in Tech
Падкаст пра тэхналогіі This
Week in Tech з'явіўся на самым світанку падкастынгу. Яго стваральнік – Леа Лапортэ – вядомы радыё- і тэлежурналіст, аўтар тэхналагічных шоу.
Атрымалася так, што This Week
in Tech вырас з дыскусіі за круглым сталом, якая была запісаная на форуме Macworld Expo 2005 у Сан-Францыска. Слухачам абмеркаванне тэхнічных рэалій прыйшлося па гусце, і Лапортэ не празяваў гэты сполах. Журналіст перайменаваў запіс круглага стала ў «Эпізод 0» і стаў запрашаць на новыя размовы былых гасцей тэлешоу The Screen Savers, якое на той час ужо сыйшло з эфіру. Вядучы, зразумела, хацеў пагрэць рукі на старым брэндзе і адразу назваў падкаст Revenge
of the Screen Savers. Але яму тут жа прыляцела ад
ТБ-кампаніі, якая не дазволіла выкарыстоўваць назву, што вельмі падобная да
назвы закрытага шоу. Давялося ладзіць конкурс на нэймінг сярод слухачоў
(інтэрактыў заўсёды добрая ідэя, дарэчы). Хтосьці прапанаваў This Week in Geek,
Лапортэ высокагустоўна выкінуў рыфму і прыдумаў This Week in Tech.
Першыя эпізоды This Week in Tech запісваліся на стэлефаноўках па Skype.
Але потым фармат шоу змяніўся: Леа застаўся адзіным пастаянным вядучым, а
розныя госці сталі збірацца ў яго студыі. Падкаст квітнее і няспынна прырастае
ўдзячнай публікай.
Planet Money
Найкруцейшы падкаст для тых, хто хоча лепш разумець нешта ў эканоміцы.
Алекс Блумберг і Адам Дэвідсан запусцілі шоу ў 2008 годзе, каб распавесці пра
фінансавы крызіс 2007–2008 гг. (памятаеш, у чалавецтва былі такія праблемы?). У
невялікіх выпусках даўжынёй ад 6 да 30 хвіліны вядучыя гутараць з навукоўцамі,
прадпрымальнікамі і іншымі людзьмі, якія могуць сказаць нешта экспертнае па
эканамічных топіках. Напрыклад, у эпізодах з 496-га па 502-й каманда Planet
Money праз эканамічную оптыку адсочвае шлях футболкі з моманту яе нараджэння на
баваўняных палях праз вытворчасць на фабрыцы і падарожжа да адзёжнай крамы. У
пачатку 2020-га ў Planet Money выйшаў 1000-ы эпізод. Вось так з адной
інфанагоды вырасла плённая справа на доўгія гады.
Stuff You Should Know
У гэтага пазнавальнага падкаст-шоу выйшла ўжо больш за 1400 эпізодаў, і
яго папулярнасць грунтуецца на простай чалавечай цікаўнасці. Людзям цікава
ведаць, як усё ўладкавана, а Джош Кларк і Чарльз Брайант гатовыя пра гэта
распавядаць. Чаму брыльянты такія каштоўныя? Як адчувае сябе чалавек з
шызафрэніяй? Якім чынам махляры адмываюць грошы? Што адбываецца на паліцэйскіх
допытах? З чаго складаюцца фашысцкія погляды? Вядучыя распавядаюць пра ўсё на
свеце, і часам нават паўтараюцца: двойчы распавядалі пра «закон Мёрфі»,
перапрацоўку адкідаў і работу мытні. Ну а што – свет змяняецца, і заўсёды можна
дадаць нешта да ўжо вядомага. Але і развівацца патрэбна, шукаць новыя фарматы.
І ў 2011 годзе Кларк і Брайант сталі выпускаць бонусныя 60-секундныя
відэаролікі, дзе гутараць на ўжо асветленыя імі тэмы, паралельна займаючыся
нейкай справай: гуляюць у шашкі, мераюць касцюмы, наведваюць аўтамыйню або
ідуць на прыём да ўрача – і пакуль яны балакаюць, карцінка шматкроць мяняецца,
але гэта ніяк не перашкаджае топіку паслядоўна разгортвацца на вачах гледача.
MuggleCast
Гэта добры прыклад поспеху фанацкага шоу. Калі чатыры энтузіясты
прапанавалі запусціць падкаст на базе самага буйнога фан-сайта па сусвеце «Гары
Потэра» – MuggleNet, то стваральнік платформы ў поспех гэтай задумы не паверыў.
А дарма. Ужо праз год пасля запуску MuggleCast узяў узнагароду Podcast Awards у
катэгорыі «Peoples Choice».
Пасля выхаду «Гары Потэра і Дароў Смерці» вядучыя падкаста збіраліся
згарнуць гэтую лавачку, але на гарызонце замаячылі «Фантастычныя пачвары і дзе
яны водзяцца» – і, вядома ж, не абмеркаваць гучны рэліз было ніяк немагчыма. І
што ты думаеш: MuggleCast ідзе па гэты дзень! У гасцях у вядучых з 2005 году
пабывалі Артур Боўэн, Джым Дэйл, Уорык Дэвіс і іншыя кіназоркі.
Call Her Daddy
Вельмі гарачае шоу пра дэйтынг і адносіны, якое імкліва ўзляцела і гэтак жа імкліва ледзь не змоўкла назаўжды. Калі ў 2018 годзе Аляксандра Купер і яе суседка Сафія Франклін запусцілі Call
Her Daddy, то ўжо праз два месяцы пасля выхаду першага выпуску іх аўдыторыя вырасла да 2 млн чалавек (вось што значыць клубнічка і смачная падача!). Натуральна, да дзяўчат тут жа прыйшлі біг-босы з медыякарпарацыі: BarstoolSports заключыла з імі кантракт на тры гады. Але потым пачаўся разбор грашовых палётаў, шоу стала на паўзу, і з
гэтага «адпачынку» Купер вярнулася ўжо на самоце.
Перазапуск з гарачымі гісторыямі ад спявачкі Майлі Сайрус атрымаўся
суперскім, так што Call Her Daddy па-ранейшаму трымаецца ў топах сваёй
тэматыкі. Spotify заплаціў Купер $ 60 млн за тое, каб трансляваць гэтую
«непатрэбшчыну» сваім падпісчыкам. Вось так з тэмы, на якую ты гатовая казаць
шчыра і без купюр, вырастае файны бізнэс.
Morbid: A True Crime Podcast
Morbid – адзін з самых папулярных падкастаў у жанры true crime, і яго абавязкова варта паслухаць, калі ты даследуеш нішы, у якія беларускія падкастары яшчэ не вілі гнёздаў. Алейна Уркварт і Эш Кэлі распавядаюць пра сапраўдныя злачынствы і іх расследаванні так, што нязменна залятаюць у кожную падборку ці рэйтынг «лепшых з лепшых».
Цікава, што Уркварт – спецыялістка па аўтапсіі (выкрыцці трупаў), а вось яе пляменніца Эш ніяк не звязаная з светам смерці і жаху – яна цырульніца. Дзяўчаты распавядаюць пра забойствы, містычныя здарэнні, страшныя выпадкі. З хайлайтаў назавем серыю, што распавядае пра Карла Панцрама – серыйнага забойцу, які прызнаўся ў 21 забойстве і 1000 актах сэксуальнага гвалту ў дачыненні да хлопчыкаў і мужчын; а таксама эпізод «The
Chicago Ripper Crew» – пра сатанінскі культ серыйных забойцаў, канібалаў, некрафілаў і гвалтаўнікоў, якія падазраваліся ў выкраданні і нанясенні калецтваў жанчынам у 1980-х.
My Dad Wrote a Porno
На самай справе падкаст можа нарадзіцца амаль з чаго заўгодна. Вельмі
цікавая гісторыя стварэння, напрыклад, у шоу з інтрыгуючай (і адначасова
брыдкаватай) назвай My Dad Wrote a Porno. Вось як яно было. На адным з сямейных
святаў бацька тэлесцэнарыста Джэймі Мортана ўручыў яму некалькі аркушаў з
раманам ўласнага сачынення. Раман гэты ён пісаў у хляве, таму што жонка забараняла
пісаць гэта ў сценах дома. Чаму? Таму што раман быў эратычны. Раней бацькі
Мортана пісалі кнігі пра падарожжы, але прадаваліся яны не вельмі, і тады
бацька вырашыў зрабіць стаўку на сэкс, а маці адмовілася ў гэтай задуме
ўдзельнічаць.
Калі Мортан прачытаў урыўкі з рамана сваім
сябрам-калегам, тыя прапанавалі зрабіць падкаст на аснове гэтага тэксту. Так
пачалося шоу з 7-гадовай гісторыяй.
Text by Zamandarin