У 2015 годзе літоўскія
фотажурналіст_кі Берта Цілмантайтэ і Артурас Марозавас вырашылі заснаваць
уласную арганізацыю, якая мусіла займацца працяглымі мультымедыйнымі
праектамі на сацыяльныя тэмы. Берта і Артурас запрасілі яшчэ медыя-працоўні_ц,
і так нарадзілася Nanook. Праз пяць год і мноства
артыкулаў, эпізодаў падкастаў і мультымедыйных праектаў медыя змяніла назву. Nanook ператварыўся
ў Nara. У той час не толькі само медыя імкліва набірала папулярнасць, але і падкаст Nar», які выходзіў
з 2017 года. Дзіўна, бо Nara спецыялізавалася на правах чалавека і сацыяльных тэмах, а гэта рэдка цікавіць шырокую
аўдыторыю. Пра тое, як развіваліся Nara, як змяняўся
падкаст і якія перспектывы рынку падкастаў у Літве, мы паразмаўлялі з Індрэ
Кіршайце, якая адказвае за аўдыёвытворчасць арганізацыі ў Nara.
Ад Nanook да Nara: гісторыя
аднаго СМІ.
– Nanook пачынаўся з мультымедыйнага праекту аб зняволеных жанчынах, якія адбываюць пакаранне ў папраўчай калоніі г.
Панявеж, – кажа Індрэ. – Праз
некаторы час каманда Nanook выпусціла мультымедыйны матэрыял пра літоўскіх паралімпійцаў. Тады да ўдзельні_ц паралімпіяды не было асаблівай
увагі. Такая сусветная практыка: алімпійцы атрымліваюць значна больш увагі
збоку медыя, чым паралімпійцы. Гэта пры тым, што літоўская каманда паралімпійцаў
здабывае значна больш медалёў, чым алімпійская зборная.
Праз некаторы час да каманды Nara далучылася рускамоўная
журналістка Іна Шыліна – з таго часу серыя матэрыялаў Nara папоўнілася
праектамі пра жыццё і праблемы рускай дыяспары ў Літве. Так з'явіліся
публікацыі пра расейскіх
палітычных уцекачоў у Літве, а таксама праект пра рускую дыяспару, дзе ўздымалася пытанне
ідэнтычнасці рускамоўнай меншасці ў Літве.
– Гэтыя праекты
выходзілі на рускай і літоўскай мовах, у той час як папярэднія выходзілі на
літоўскай і англійскай мовах, - каментуе Індрэ.
У 2017 годзе да Nara далучыўся
журналіст Караліс Вішняўскас. Караліс раней працаваў на розных
літоўскіх радыёстанцыях, і таму менавіта ён стаў ініцыятарам стварэння
падкаста Nara.
– У тыя часы ў
Літве падкасты былі ў прынцыпе непапулярныя , – успамінае
Індрэ. – Нават не было адзінага
меркавання, як перакласці на літоўскую мову слова «падкаст». Аднак Караліс пачаў весці падкаст, і
праз некаторы час ён стаў набіраць папулярнасць. Неўзабаве Караліс разам з калегамі пачалі
рабіць не толькі звычайныя размоўныя падкасты, але і аўдыядакументалкі.
Сама Індрэ Кіршайце далучылася да Nara ў 2020 годзе.
Раней яна працавала на Літоўскім нацыянальным радыё. У Nara яна пачала
адміністраваць аддзел падкастаў.
– Я далучылася да
Nara ўлетку 2020 года, – кажа Індрэ. – І ўвосень мы вырашылі змяніць брэнд. Мы змянілі назву з Nanook на Nara, а таксама
моцна змянілі наш падыход да PR-дзейнасці. Мы пачалі працаваць у
розных фарматах: тэксты, падкасты, фотагісторыі і мультымедыя. Кантэнт стаў
выходзіць больш рэгулярна і, у той жа час, мы стварылі сайт, каб усе
мультымедыйныя гісторыі былі ў адным месцы. Да гэтага ў кожнага праекту была асобная
старонка.
Хаця цяпер мы
засяроджваемся на менш складаных формах, чым доўгія мультымедыйныя гісторыі,
візуальная частка па-ранейшаму важная для нас. Кожны наш падкаст-эпізод мае
фатаграфіі. Мы не просім нашых гера_інь дасылаць некалькі фота для ілюстрацыі:
заўсёды самі адпраўляем фатографа. Яшчэ адно важнае адрозненне Nara ад многіх іншых СМІ ў тым, што мы
можам браць больш глыбокія і складаныя тэмы. Мы асвятляем тэмы правоў чалавека,
экалогіі і культуры так, як гэта не робіцца, напрыклад, у навінах.
Падкаст Nara і рынак падкастаў у Літве
Магло б падацца, што розныя падтэмы ў Nara разглядаюцца
ў розных падкастах: асобна эпізоды пра экалогію, асобна – пра культуру, асобна
– пра правы чалавека. Аднак усе эпізоды – і гутарковы, і наратыўныя аўдыядакументалкі – выходзяць у межах аднаго падкаста Nara. Напрыклад, у
межах падкаста выходзіла інтэрв’ю з іранскай актывісткай наконт пратэстаў на яе
радзіме.
Таксама быў эпізод пра жанчыну з інваліднасцю з Коўна, якую
дыскрымінавалі і праз яе стан здароўя, і праз тое, што яна стала маці. Перад
гэтым быў выпуск з валанцёрамі, якія дапамагалі мігрантам, што захраслі на
літоўска-беларускай мяжы.
– Па сутнасці,
выпускі падкаста ўсё ж аб’яднаныя адной тэмай, – каментуе
Індрэ. – Гэта тэма сацыяльных праблем. Сапраўды,
дыяпазон тэм у выпусках нашых падкастаў, як і ва ўсіх нашых праектах, даволі
шырокі. Час ад часу мы маем размовы з эксперт_камі па актуальных палітычных
падзеях. Або бярэм інтэрв'ю ў вядомых актывіст_ак. Разам з тым час ад часу мы
выпускаем аўдыядакументалкі – жанр у прынцыпе рэдкі для літоўскага аўдыёрынку.
Напрыклад, у нас было тры выпускі пра народ рома: пра гісторыю генацыду і пра
тое, як зараз жыве дыяспара ў Літве. Усе гэтыя тэмы
са сваёй разнастайнасцю цікавыя нашай аўдыторыі.
Вы маглі заўважыць, што некаторыя супрацоўнікі Nara прыйшлі ў падкастынг пасля працы на радыё. У сусветнай практыцы гэта звычайная
з'ява. Напрыклад, вядомае амерыканскае падкаст-медыя Gimlet заснаваў былы
радыёжурналіст Алекс Блумберг. У Беларусі ж сітуацыя выглядае крыху інакш: у
нас няма такой развітай традыцыі забаўляльнага радыё і ў сферы падкастаў не
дамінуюць былыя радыёжурналісты. Сітуацыя ў Nara на першы погляд больш
нагадвае амерыканскі прыклад.
– У выпадку з Nara мы сапраўды група журналістаў, якія
супрацоўнічалі з рознымі нацыянальнымі і міжнароднымі СМІ, – кажа Індрэ.
Увогуле ў літоўскі падкастынг прыходзяць людзі з вельмі розных сфер.
Зараз падкасты сталі ўжо даволі папулярнымі, і адзін з самых папулярных робяць
літоўскія комікі. Таксама зараз папулярныя падкасты пра ментальнае здароўе і
псіхалогію. Ёсць такі жарт, што зараз у кожна_й ёсць падкаст, і гэта збольшага
справядліва для Літвы.
Nara выпускае ўвесь свой кантэнт, уключна
з эпізодамі падкасту, на розных мовах: літоўскай, англійскай і рускай. Індрэ
тлумачыць прычыну такога выбару моваў.
– На гэта ёсць
некалькі розных прычын , – каментуе Індрэ. – У першую чаргу мы робім матэрыялы
па-літоўску, бо мы літоўскае медыя. Некаторыя матэрыялы даступныя на англійскай
мове, бо гэта сусветная мова. На самой справе ў свеце ўсяго каля чатырох
мільёнаў людзей, якія размаўляюць па-літоўску, таму лагічна арыентавацца на
больш шырокую аўдыторыю. Выбар мовы таксама прадыктаваны разнастайнасцю нашай
каманды. Калі ў каманду прыйшла рускамоўная журналістка Іна Шыліна, то некаторы
час яна рабіла падкаст на рускай мове «КоМета», напрыклад. Нашы рускамоўныя калегі
таксама могуць рабіць матэрыялы на рускай мове. Паколькі мы некамерцыйная
арганізацыя і маем абмежаваныя чалавечыя і фінансавыя рэсурсы, наш выбар моў
вызначаецца, сярод іншага, тым, на якой мове размаўляюць нашы супрацоўнікі. Мы
маглі б рабіць кантэнт на іншых мовах, калі б былі журналісты і рэдактары, якія
размаўляюць на тых мовах.
Аўдыторыя
Індрэ дадае, што аўдыторыя «Nara жыве далёка
за межамі Літвы і статыстыка праглядаў па краінах лагічна суадносіцца з
выбарам моваў.
– 75% нашай
аўдыторыі жыве ў Літве, а 25% – за мяжой. Я думаю, што чвэрць – даволі значная
частка. Вядома, трэба разумець, што кантэнт з-за мяжы спажываюць не толькі
замежнікі, але і літоўскія мігранты, якія туды з'ехалі. Першае месца па
колькасці праглядаў за мяжой займае Вялікабрытанія. Затым ідуць ЗША, Нарвегія,
Германія і г.д. Гэта ўсё краіны, куды эмігравала шмат літоўцаў. Што
цікава, Беларусь займае 6-е месца па праглядах. Думаю, гэта звязана з тым, што
мы асвятлялі пратэсты 2020 года і перыядычна вяртаемся да беларускай тэматыкі.
Акрамя геаграфічнага размяшчэння, Індрэ таксама адзначае,
што іх аўдыторыя – гэта адукаваныя людзі ва ўзросце 25-34 гадоў. Таксама вялікую
частку аўдыторыі складаюць людзі ва ўзросце ад 35 да 44 гадоў. У асноўным гэта
людзі, якія жывуць у гарадах.
– Мы шмат можам
распавесці пра сваю аўдыторыю, бо ў нас даволі цесныя адносіны з ёй, – кажа
Індрэ. – У нас ёсць суполка ў Facebook, дзе мы з чытач_камі абмяркоўваем тэмы
нашых матэрыялаў і публікуем «закулісныя» кадры нашай працы. Мы ўвесь час
атрымліваем сапраўдную зваротную сувязь і адчуваем кантакт з нашай аўдыторыяй.
Калі я працавала на радыё – у мяне не было такой сувязі. Часам мне здавалася,
што я размаўляю са сцяной. Магчыма, з-за гэтай адсутнасці кантакту рэйтынгі
радыё ў нашыя дні ўвесь час падаюць.
Вытворчасць
падкастаў
Што да тэхнічнага боку вытворчасці кантэнту, то, як кажа
Індрэ, у Nara сама тэма дыктуе, які фармат выбраць. Калі ў сюжэце, пра
які збіраюцца рабіць матэрыял журналіст_кі, ёсць што паглядзець, то выбіраецца
фармат фотарэпартажу або мультымедыйнага сюжэту. Калі гэта нешта, што лягчэй успрымаецца
візуальна, напрыклад, аналітыка з вялікай колькасцю лічбаў, то лепш выбраць
тэкставы артыкул. Калі гукавы аспект вельмі важны ў гісторыі – абіраецца
падкаст.
– Калі мы робім
падкаст, у нас ёсць два варыянты, што запісваць, – кажа Індрэ. –
Калі гэта размова са спецыялістам, мы можам
запісацца ў студыі ў Нацыянальнай бібліятэцы імя Марцінаса Мажвідаса (маем з
імі партнёрства). У нас таксама ёсць свая тэхніка, так што мы можам запісваць
недзе «ў полі». Калі ўсё запісана, пачынаецца стадыя поствытворчасці: мы
рэдагуем тое, што запісалі.
Некаторыя з
нашых супрацоўнікаў могуць рабіць увесь падкаст самастойна: ад пошуку гер_аінь
да мантажу. Тады атрымліваецца, што над эпізодам падкаста працуе толькі адзін
чалавек. Але калі мы працуем над аўдыядакументалкамі, то звычайна працуем камандай.
Матэрыялу больш, і патрэбны яшчэ адзін-два чалавекі, якія могуць дапамагчы і
паглядзець на працу свежым позіркам. Выразнага падзелу на ролі ў такой камандзе
звычайна няма, але можна ўмоўна азначыць ролі аўтар_кі падкаста, рэдактар_кі і
гукарэжысёр_кі.
Часам я
зайздрошчу вялікім падкаст-студыям, якія, напрыклад, ёсць у ЗША. Там над адным
выпускам можа працаваць дзесяць і нават больш чалавек. З іншага боку, калі я
працавала на радыё, я ўсё рабіла сама. Цяпер мы працуем над дакументалкамі ўдвох-утрох.
То бок паступова, крок за крокам, сітуацыя мяняецца ў лепшы бок.
Nara: медыя і падкаст у будучыні
Як распавяла Індрэ, у 2017 годзе, калі падкаст Nara толькі
пачынаўся, у Літве падкасты ў цэлым не былі папулярныя. Відавочна, што і сам
падкаст, і рынак падкастаў тым часам змяніліся. Пра тое, што падкаст чакае ў
будучыні, Індрэ кажа так:
– Мы бачым, што
падкасты сталі даволі папулярнымі ў Літве. Аднак у нас няма дакладнай
статыстыкі, і мы не маем ніякіх лічбаў аб колькасці аўдыторыі падкастаў. Мне
здаецца, нельга сказаць, што мы дасягнулі піка: аўдыторыя падкастаў у Літве
яшчэ будзе расці.
За шэсць гадоў
існавання падкаста Nara прайшла розныя этапы. І цяпер мы ў рэдакцыі дыскутуем,
у які бок рухацца далей. Напрыклад, нядаўна ў нас быў выпуск пра псіхалогію, і
ён набраў добрыя праслухоўванні. Увогуле, мы гаворым пра тое, каб больш звужаць
тэматыку нашых падкастаў.
Акрамя
падкастаў, мы хацелі б папулярызаваць тэму медыяпісьменнасці. У нас ёсць асобны
напрамак работы з адукацыяй. Мы вельмі занепакоеныя тым, што ва ўсім свеце
падае давер да СМІ ў цэлым, але хацелася б, каб журналістам Літвы давяралі
больш.
Text by Дар'я Гардзейчык