З’яўляецца ўсё болей якасна запісаных аўдыякніжак – у аўтарскай ці акторскай агучцы, з прыгожым музычным аздабленнем, цікавым саўнддызайнам. Іх галасы ўжо праз пяць хвілін гучаць як сяброўскія і нібыта захутваюць трывожны мозг ў модную ўцяжараную коўдру. Калі ты толькі адкрываеш для сябе аўдыялітаратурны сусвет, раім пачаць з некалькіх томікаў, якія ўзбуджаюць самыя розныя пачуцці, але вельмі шчырыя і сапраўдныя.
«Віня-Пых», Алан Аляксандр Мілн
«Кніжны воз» – гэта праект-апка з дзіцячымі (але не толькі) кнігамі. За два з паловай гады існавання праекта пад гэтым «брэндам» было запісана болей за паўсотні кніжак. Крысціна Дробыш, адна са стваральніц праекта, распавядала ў СМІ, што перад камандай стаяла задача стварыць «беларускае асяроддзе для маленькіх дзетак, каб яны маглі чуць якасную беларускую мову, якасныя цікавыя кніжкі, якія па ўзросце». І менавіта такое асяроддзе ў «возаўцаў» атрымліваецца.
Музыку спецыяльна для кніжак з «Кніжнага возу» пішуць беларускія кампазітары. У прыватнасці да гісторыі пра Віні-Пыха саўндтрэк стварала выпускніца Беларускай акадэміі музыкі і Вышэйшай школы музыкі Фрайбурга Алена Гуціна. Цісні на плэй, каб успомніць, чаму Пых захрас у дзірцы, калі ішоў у госці, і як атрымалася, што Вослік Іа згубіў хвост.
«Шэрлак Холмс: Эцюд у пунсовым», Артур Конан Дойл
Кніга, у якой Шэрлак Холмс з'яўляецца ўпершыню. У ёй доктар Уотсан (або Ватсан – каму як звычней) успамінае пра сваю бясслаўную вайсковую службу, падчас якой атрымаў раненне і захварэў, а потым асеў у Лондане на мізэрнай вайсковай пенсіі. Выпадкова Уотсан пасяляецца ў доме 221Б на Бэйкер-стрыт, але не адзін, а з вельмі цікавым суседам – сышчыкам. Спачатку Уотсан скептычна адносіцца да талентаў Холмса, але хутка яму давядзецца на ўласныя вочы пабачыць, што за дзіўны сусед яму патрапіўся. Мясцовая паліцыя просіць Шэрлака дапамагчы адшукаць мсціўцу, які забіў двух амерыканцаў, і сышчык выходзіць на след.
Упершыню беларускі пераклад аповесці Конан Дойла «A Study in Scarlet» быў зроблены Кацярынай Маціеўскай, ён выйшаў у 2017 годзе ў кнізе «Знак чатырох».
«Дзікае паляванне караля Стаха», Уладзімір Караткевіч
Класіка беларускай літаратуры ў выкананні Алега Гарбуза. Малады навуковец-фалькларыст Беларэцкі трапляе ў радавы замак, гаспадыня якога распавядае яму пра страшэннае пракляцце: на ёй павінен скончыцца род Яноўскіх, і розныя здані прадвяшчаюць яе хуткую гібель. Але Беларэцкі не бярэ ўсё на веру цалкам і адразу, ён імкнецца дазнацца пра тое, што адбываецца ў замку, больш, чым прыстала мімалётнаму госцю.
Дэтэктыў Караткевіча быў экранізаваны пры жыцці пісьменніка, але вынік яму не спадабаўся, бо ў стужцы начыста выпілілі матыў смутку аб цяжкім лёсе беларускага народа. Таму гэта дакладна той выпадак, калі кніга лепей за кіно, а ў такой агучцы – зусім ух!
«Каханак Вялікай Мядзведзіцы», Сяргей Пясецкі
Пераклад рамана Сяргея Пясецкага ірве ўсе топы продажаў беларускіх кнігарняў. І зараз гэты топавы тэкст можна паслухаць у выкананні папулярнага акцёра Рамана Падалякі. Стваральнікі выдання рэкамендуюць яго для аўтападарожжаў па Беларусі, і асабліва ў ракаўскім кірунку, бо гаворка ў кнізе Пясецкага ідзе пра ракаўскіх кантрабандыстаў, гаспадынь тамтэйшых крымінальных «малін», мясцовую шпану і памежнікаў, якія пільна ці не вельмі ахоўваюць польска-савецкую мяжу. Час дзеяння – 20-я гады ХХ стагоддзя. У тэксце згадваюцца кантрабандысцкія песні, іх пераклаў для выдавецтва «Логвінаў» паэт Андрэй Хадановіч.
«Радзіва “Прудок”», Андрусь Горват
Тэатральная група «Вольныя Купалаўцы» запісала аўдыяверсію бестсэлера Андрэя Горвата – журналіста, які нейкі час працаваў дворнікам пры Купалаўскім тэатры, а потым, стаміўшыся шукаць сваё месца пад сонцам вялікага горада, з'ехаў на вёску – у дзедаву хату на Палессі, «на перакрыжаванне сусветаў». «Радзіва "Прудок"» склалі пасты Горвата ў Facebook, аб'яднаныя канцэптуальнай рэдактурай, агульнымі сэнсамі і персанажамі. Герой кнігі, падазрона падобны на аўтара, спрабуе чыніць дом, вырошчваць агарод, гадаваць казу і не співацца.«Кніга пра тое, як аднавіць напаўразбуранага сябе» – бадай што лепшае апісанне гэтага матэрыялу. У падачы «купалаўцаў» кніга пераўтвараецца ў сапраўдны аўдыяспектакль (і не дзіва, бо яны «Радзіва» ставілі на малой сцэне Купалаўскага). 
«Мая школа», Ганна Севярынец
Ганна Севярынец шмат гадоў працавала настаўніцай мовы і літаратуры ў школе, але яе чарговая кніга не ёсць успамінамі ці настаўніцкім дзённікам. Найперш за ўсё «Мая школа» – мастацкі твор, дзе сюжэтныя лініі і персанажы прыдуманыя або вельмі моцна перапрацаваныя праз прызму жыццёвага вопыту. Хаця, канешне, чытачы вольныя ў гэта не надта верыць і шукаць тут адсылкі да сваіх знаёмых, ды і ўвогуле сітуацыі будуць флэшбэчыць кожнаму і кожнай, хто наведваў беларускую школу.
Адна з галоўных думак твору: «Дзяцінства падаецца чароўнай казкай толькі тым, хто забыўся на ягоную няпростую праўду». Калі ты гатовы(-ая) да гэтай праўды, абавязкова паслухай. І пасмяешся, і пасумуеш таксама. Цікава, што твор начытала сама аўтарка. Выйшла кніга на audiobooks.by, дзе ты знойдзеш яшчэ з дзясятак немэйнстрымавых кніжак.
«Аўтаспынам па галактыцы», Дуглас Адамс
У беларускім перакладзе першы раман серыі «Аўтаспынам па галактыцы» выйшаў у 2015 годзе. У выдавецтве «Логвінаў» падкрэсліваюць, што перакладчык Павел Касцюкевіч зрабіў чароўны лоліпоп, бо чытачы не проста атрымаюць задавальненне ад знаёмства з культавай кнігай на роднай мове, але кайфануць ад распазнавання шматлікіх пасхалак: гульня слоў і ўсялякія прыкалюхі з тэксту Адамса былі адмыслова адаптаваныя пад рэаліі, якія пазнаюць і адчуюць сабе блізкімі беларусы.
Адзначым, што аўдыяверсія рамана была запісаная пры падтрымцы беларускіх супрацоўнікаў кампаніі Google. Бо беларус беларусу беларус – праз межы і акіяны.
«Па што ідзеш, воўча?», Ева Вежнавец
Кнігу, якая прынесла аўтарцы прэмію Ежы Гедройца, часта называюць беларускімі «Сто гадамі адзіноты». Насамрэч тэкст Вежнавец куды болей пранізлівы, і пры ўсёй роўнасці, прыглушанасці абранай інтанацыі ён агаломшвае і не выходзіць з галавы яшчэ вельмі доўга. Жанр «Па што ідзеш, воўча?» – балотная казка, і так, гэтая багна зацягвае так, што мусіш ёй падпарадкоўвацца. Вельмі трапная кніга пра прыроду людзей, якія жывуць на не самай пладавітай беларускай зямлі.
Аўдыяверсію начытвае Алена Зуй-Вайцяхоўская, і гэта праца дазваляе фанатам народнага хіта «Шчучыншчына» разгледзець у акторке талент драматычных інтанацый.
Text by Zamandarin