Беларускія кантэнт-мэйкеры традыцыйна любяць гістарычныя штукі (відаць, так склалася гістарычна), таму і ў падкастынгу не адчуваецца дэфіцыту па тэмах старажытнасці, ВКЛ, падзелаў Рэчы Паспалітай, паўстанняў, сусветных войн, etc. Фарматы пакуль не песцяць разнастайнасцю, але, верым, усё яшчэ будзе. Прапануем тваёй увазе тое, што варта паслухаць ўжо сёння.
«Так склалася гістарычна»
Пра розныя рэчы і з'явы, якія мы не можам растлумачыць, звычайна кажуць: «Так склалася гістарычна». У падкасце з такой назвай кандыдатка гістарычных навук Ганна Дзягель ідзе далей. Яна не згодная ўспрымаць нешта як дадзенае і разам са сваімі высокаадукаванымі гасцямі спрабуе разабрацца: а як жа здарылася, што яно склалася так, а не інакш?
Па фармату «Так склалася гістарычна» – гэта падкаст-інтэрв'ю. Спачатку ў сваіх выпусках Ганна засяродзілася на тэмах, якія ёй хацелася абмеркаваць з калегамі, а потым арганічна вырашыла ісці не ад тэм, а ад людзей, то-бок спецыяліст або спецыялістка па нейкіх з’явах, аб якіх у падручніках (а часам і ў вікіпедыях) не прачытаеш, прыходзіць у студыю і пра гэтыя самыя з’явы распавядае. Напрыклад, Зміцер Скварчэўскі, які абараніў кандыдацкую дысертацыю па астраноміі ў ВКЛ у XIV-XVII стст. і выпусціў кнігу па гэтай тэме, распавядае менавіта пра касмалогію княства; а аўтарка кнігі аб сэксуальных адносінах у ВКЛ у XVI–XVII стст. Наталля Сліж расказвае, як царква і закон рэгулявалі пачуццёвае жыццё нашых продкаў.
У праекта «Так склалася гістарычна» ёсць даволі папулярны тык-ток, раім падпісацца.
«Кароткая гісторыя Беларусі»
Гэта падкаст археолага, медыевіста, доктара гістарычных навук, прафесара Алеся Краўцэвіча. За сваю навуковую кар'еру ён паспеў выдаць больш за 15 кніг акадэмічнага і навукова-папулярнага толку. У падкасце «Кароткая гісторыя Беларусі» аўтар багатай літаратурнай мовай распавядае пра найважнейшыя старонкі гісторыі беларускай дзяржаўнасці: ад першых згадак пра славян да абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь у 1991 годзе.
Усе эпізоды падкаста выйшлі ў траўні 2022 года. У агульнай складанасці атрымалася 11 выпускаў, сумарна яны гучаць каля дзвюх гадзін. Калі пасля школьнага курсу гісторыі ў галаве застаўся суцэльны вінегрэт, то «Кароткая гісторыя Беларусі» дапаможа прывесці аскепкавыя веды ў сістэму: хто калі жыў, чым быў знакаміты, што рабіў і які эфект матылька ад гэтых «рабленняў» мы назіраем стагоддзі праз.
«Шляхецкія сем’і Беларусі»
Свежанькі падкаст 34mag & 34travel запусціўся ў 2022 годзе. Ён распавядае пра беларускіх магнатаў і пра тое, што яны пасля сябе пакінулі не толькі прамым нашчадкам, але і нам усім. Зараз можна паслухаць эпізоды пра Радзівілаў, Сапег, Агінскіх, Тызенгаўзаў, Пуслоўскіх, Тышкевічаў, Храптовічаў і Друцкіх-Любецкіх.
Аповяд звычайна будуецца па адзінай канве: адкуль пайшоў той ці іншы шляхецкі род, што азначае яго прозвішча і чым адметны герб, чым займаліся самыя выбітныя прадстаўнікі сям'і, якія рэалізоўвалі праекты (хтосьці ўздымаў сельскую гаспадарку, а хтосьці даваў сялянам адукацыю), у якія архітэктурныя аб'екты ўсыпалі грошы. Наратыў падтрыманы прыгожым саўнд-дызайнам, які мякка пераносіць слухача ў далёкія часы.
«Шляхецкія сем'і Беларусі» дае жывыя і запамінальныя партрэты гістарычных асоб. Слухач(-ка) нарэшце зможа сабраць разам веды пра асобныя беларускія палацы, храмы і іншыя знакавыя месцы краіны, суаднесці канкрэтныя кропкі на мапе з канкрэтнымі імёнамі.
«Пашпарт грамадзяніна»
Праект партала Onliner, які яго аўтары горда завуць «метадычкай сапраўднага беларуса», з моманту стварэння мяняўся і набываў новыя грані. У 2020 годзе «Пашпарт» пачынаўся з экспертных лекцый пад трансцэндэнтны гукавы шэраг пра музыку, літаратуру, выяўленчае мастацтва і археалогію, а вось потым пераключыўся на больш жывое апавяданне пра значных герояў беларускай гісторыі: тут табе і князі, і партызаны, і фундатар Чырвонага касцёла, і стваральнік беларускага архітэктурнага стылю, і вынаходнік шматступеннай ракеты, і феміністкі тых часоў, калі і слова такога яшчэ не было – «фемінізм». Скарбонка ведаў.
Цяпер «Пашпарт грамадзяніна» вядзе журналіст Тарас Шчыры. Уласна гістарычную інфармацыю, адказваючы на пытанні вядучага, даюць запрошаныя зоркі гуманітарных ведаў: гісторык Антон Дзянісаў, культуролаг Сяргей Харэўскі, мастацтвазнаўца Кацярына Ізафатава і іншыя.
«Беларускія байкі»
«Беларускія байкі» – гэта падкаст «пра сусветна вядомыя, малавядомыя ці невядомыя падзеі, месцы, асобы, прадметы». Галоўную сваю місію аўтар – прафесар ЕГУ Аляксандр Калбаска, «спадар Алесь» – бачыць у тым, каб слухачы дазнаваліся пра Беларусь болей, у крыху гульнявой форме: быццам ім распавядае пра яе сведка даўніх часоў. Інтанацыя ў падкаста насамрэч вельмі «байкавая»: вядучы адрасуе аповед уяўнаму ўнуку, а выказванні будуе па прынцыпах майстра Ёды з яго схільнасцю да інверсій (гэта бачна і ў назвах, напрыклад: «Як Скарына ў Кракаве бакалаўрыят зрабіў»).
У эфір выйшла болей за чатыры дзясятка «Баек»: тут табе і пра дранікі, і пра рушнікі, і пра Каляды, і пра Рагнеду са Скарынам.
Vandra
Галоўная мэта гэтага падкаста – павышэнне турыстычнай падкаванасці беларусаў па частцы іх родных тэрыторый, папулярызацыя беларускіх накірункаў для адпачынку і актыўнага даследавання. Запусціў Vandra Раман Клеўжыц, стваральнік скрэтч-карты Беларусі, на якой зручна адзначаць месцы, дзе ўжо пабываў(-ла). Першы выпуск Vandra здарыўся ў снежні 2021 года.
Нягледзячы на тое, што падкаст не пазіцыянуе сябе як гістарычны, тэмы турызму і гісторыі заканамерна перасякаюцца, таму аматарам паглытаць пыл стагоддзяў будзе чым заняць свае вушкі. Так, Vandra ўжо дропнуў эпізоды пра драўляную спадчыну Беларусі, менскае гарадзішча, краязнаўства, габрэйскую адукацыю на Беларусі, важныя славутасці краіны, што маюць не толькі культурніцкую, але і гістарычную вартасць. Госці падкаста – эксперты(-кі) ў сваёй справе, энтузіясты, людзі, якія робяць праекты на карысць Беларусі.
«Гісторыя беларускага сэксу»
Падкаст праекта «Альтэрнатыўны музей» прыадчыняе заслону таямніцы над тым, як беларусы займаліся любоўю да таго, як пра сэкс стала можна гаварыць вольна. Тут можна знайсці выпускі пра беларускія вясельныя традыцыі; пра тое, як за даўнімі часамі ўспрымалася менструацыя; пра тое, як заканадаўча абмяжоўваліся розныя сэксуальныя практыкі ў ВКЛ; пра прастытуцыю ў Расійскай імперыі; пра складанасці, з якімі сутыкаліся гомасэксуалы ў БССР.
Першы сезон выйшаў у 2021 годзе, і нягледзячы на кароткі час існавання шоу паспела змяніць некалькі фарматаў: спачатку яно было маналагічным; потым выйшаў міні-сезон з гасцямі пра негетэрасексуальны сэкс у Беларусі; а ў трэцім сезоне ў вядучай Дар'і Гарадзейчык з'явілася сувядучая, і шоу загучала на беларускай мове.
Уласна, на інстаграм «Альтэрнатыўнага музея» таксама варта падпісацца тым, хто хоча ведаць пра культуру Беларусі больш, чым давалі на ўроках у школе, і дазнавацца пра ўжо вядомае з новых ракурсаў.
«Асобы гісторыі Беларусі»
Выйшла 8 эпізодаў. Аўтар падкастаў – Дзяніс Рунец, настаўнік гісторыі, краязнаўца. Ён у вельмі бадзёрай манеры канцэнтравана выдае звесткі пра розных прыкметных асоб і сыпле цікавымі фактамі з імпэтам разумніка з ЧГК: у 15 хвілін Дзяніс замешвае столькі сюжэтаў, што хапіла б на модны серыял для Netflix даўжынёй у бясконцасць. Калі і дзе з'явілася першая беларуская футбольная каманда? Як з’явілася першая медыястанцыя ў краіне? Хто стварыў на Беларусі ўласную сялянскую рэспубліку? Што за беларус стаў нацыянальным героем Чылі?
«История в центре»
Гэты падкаст у нашай падборцы – нішавы: «Гісторыя ў цэнтры» – гісторыя аб элітнай нерухомасці Менска. З шасці эпізодаў слухачы даведаюцца, якой была «элітка» беларускай сталіцы раней: у ХІХ стагоддзі, у дарэвалюцыйныя гады і ў перыяд СССР. Вядучая подкаста – Мая Кахно – дае агульны гістарычны кантэкст. Яе госці – гісторыкі, дызайнеры, архітэктары – дадаюць дэталі і факты. У першым выпуску, які прысвечаны нерухомасці ХІХ стагоддзя і, у прыватнасці, даходным дамам, экспертам выступае гісторык Антон Дзянісаў. З яго аповеду можна зразумець, як быў уладкаваны губернскі горад Менск, дзе знаходзіўся яго цэнтр і на якіх вуліцах вілі свае ўтульныя гнёзды самыя багатыя насельнікі.
Text by zamandarin