Што паслухаць на тэмы досведу ЛГБТК+людзей, квір-мастацтва і гісторыі беларускага квір-руха (які, насамрэч, даволі багаты на падзеі і ініцыятывы) – журналістка Дар'я Гардзейчык зрабіла падборку беларускіх квір-падкастаў і не толькі. Tune in!
Квір (англ. Queer) –
гэта парасоністы тэрмін для ўсіх негетэрасэксуальных і нецысгендарных (то-бок
не тых, чый гендар супадае з тым полам, які быў пазначаны пры нараджэнні)
людзей. Напрыканцы 19 стагоддзя слова queer («дзіўны», «дзівацкі») у англамоўным асяроддзі
выкарыстоўвалася як абраза для тых, чые стасункі і сексуальныя жаданні не
адпавядаюць «традыцыйным стандартам». У васьмідзясятыя гады 20 стагоддзя
квір-актывісты самі пачалі называць сябе гэтым словам, якое раней лічылася
абразлівым. Негатыўная канатацыя сышла, і назва замацавалася за супольнасцю.
Квір-рух – гэта частка беларускай гісторыі і культуры, якая замоўчваецца.
Паколькі квір-персоны –
гэта асобная сацыяльная група са сваімі спецыфічнымі праблемамі, то цалкам
лагічна, калі кантэнт, які яны робяць будзе пра іх асобны досвед. Можа падацца,
што галоўная аўдыторыя падкастаў пра квір-супольнасць – гэта квір-людзі. Аднак,
гэта падманлівае адчуванне. Квір-рух – гэта частка беларускай гісторыі і
культуры, якая замоўчваецца, і таму існуе прабел у агульным культурным
наратыве. Да таго ж, калі слухаць такія
падкасты, пытанні кшталту «хто ім забараняе кахаць адно аднаго?», «навошта вам
прайды, гетэрасексуалы ж не крычаць пра сваю арыентацыю?» і «чаму вы хочаце
ўступаць у шлюбы, чаго вам без іх бракуе?» адпадаюць самі сабой.
«Квир-курилка»
Падкаст «Квір-курылка»
створаны вядоўцамі Андрэем Завалеем і Тоні Лашдэн – вядомымі квір-актывіст_камі.
За кадрам застаецца квір-актывіст_ка Яніс Саар, як_ая выконвае прадзюсарскія
функцыі. Назва «Квір-курылка» нарадзілася ад імкнення Андрэя Завалея «ад часу
да часу выйсці пакурыць з квірамі і квірухамі».
Падкаст з’явіўся як
рэакцыя на падзеі 2020 года і квір-кантэкста ў гэтых падзеях. Як кажуць у
першым выпуску Андрэй Завалей і Тоні Лашдэн, калі да супраціву таталітарызму
нашае грамадства дайшло, то да прыняцця базавых правоў чалавека як агульнай
каштоўнасці – яшчэ не. Усё яшчэ праблемы квір-людзей не падаюцца вартымі ўвагі.
Калі вам цікава
паслухаць, што здарылася з рознымі прадстаўні_цамі беларускай квір-супольнасці
пасля пратэстаў, чым квір-мастацтва адрозніваецца ад усяго астатняга мастацтва
і як жывуць квір-людзі з Беларусі пасля пратэстаў і разгрому грамадскай
супольнасці, рэкамендуем гэты падкаст.
Падкаст выходзіў у
2021 годзе, а ў кастрычніку 2022 года Тоні і Андрэй сустрэліся яшчэ раз, каб
прааналізаваць, як змянілася супольнасць за паўтары гады. Што змянілася
дакладна – падкаст больш нельга слухаць на «Яндэкс-музыцы», але на ўсіх
астатніх платформах падкаст усё яшчэ дасяжны.
«Первый белорусский гей-подкаст»
Падкаст ад Gay.Press,
як і медыя Gay.Press у прынцыпе, распавядае пра розныя аспекты жыцця мужчын-геяў.
Адзін з выпускаў
прысвечаны гісторыям беларускіх геяў: з якімі праблемамі яны сутыкаюцца, якая
небяспека пагражае ім у іхняй штодзённасці і як яны камунікуюць з гамафобным
беларускім грамадствам.
Яшчэ адзін выпуск
прысвечаны разбурэнню міфаў пра Біблію і геяў. У падкасце можна даведацца пра
розныя варыянты трактоўкі гісторый пра гарады Садом і Гамора, магчымыя
інтэрпрэтацыі запавету «не кладзіся з мужчынам, як з жанчынаю» і тое, як Новы Запавет
«абнуліў» тыя пункты Старога, што тычыліся аднаполых стасункаў.
Падкаст дасяжны
толькі на Soundcloud.
«ДК Борщевика»
Яшчэ адзін падкаст,
які запуска_ла калісьці Яніс Саар. «ДК Борщевика» – гэта падкаст, які робяць
удзельні_цы квір-арт згуртавання з іранічнай назвай «Красный Борщевик».
Першапачаткова гэта
падкаст пра квір-мастацтва. У першым сезоне ўдзельні_цы «Красного Борщевика»
размаўлялі з квір-людзьмі і іх палечні_цамі, каб запоўніць культурныя прабелы і
надаць бачнасць гэтай частцы беларускай культуры.
Нядаўна выйшаў новы
сезон, прысвечаны квір-гісторыі Беларусі. Праз яго можна даведацца пра тыя
фестывалі, прайды, медыя, фільмы і даследаванні пра беларускую квір-супольнасць,
якія існавалі на працягу сучаснай гісторыі краіны. Магчыма вы здзівіцеся, але
іх было вельмі шмат. Хаця росквіт
большасці праектаў ужо ў мінулым, атрымліваць асалоду ад плёну іх працы мы
можам дагэтуль.
«Лесбы на балоце»
Падкаст культурнай менеджаркі
Вікі Біран і дызайнеркі Дашы Рамановіч пра жыццё лесбіянак і бісексуалак у
Беларусі.
Фішка падкаста ў тым,
што ўсе падзеі адбываюцца вакол... ложка ў пакоі Вікі Біран, дзе запісваюцца
ўсе выпускі. Яшчэ адна адметнасць – вясёлыя перабіўкі з гукамі хаджэння па
балоце і фразамі кшталту «зараз засмокча», «я бачу клюкву, глядзі, якая
развесістая» і «глядзі, дзве кікімары цалуюцца».
Акрамя дзвюх галасоў
Вікі і Дашы ў падкасце яшчэ гучаць галасы іхных каляжанак, якія распавядаюць
пра досвед мацярынства, бісексуальных стасункаў, расставанняў і жыцця ў маленькім
горадзе, калі ты жанчына і знаходзішся ў стасунках з жанчынай.
Шчырыя размовы пра
сіндром самазванкі ў квір-супольнасці, ціск збоку патрыярхальнага грамадства,
квір-актывізм і фемінізм складаюць 12 выпускаў. Паслухаць можна на ўсіх
платформах.
Лекцыі Makeout i Dotyk.fest
Нашая сталая рубрыка
«Не падкасты, але можна слухаць як падкасты».
Makeout – гэта
беларускі антыдыскрымінацыйны праект пра фемінізм, гендар і сексуальнасць. У
межах праектах адбывалася шмат чаго: выходзіў часопіс з артыкуламі на
адмысловыя тэмы, адбываліся адкрытыя лекцыі і нават ладзіўся ютуб-канал.
На ютуб-канале
Makeout можна знайсці лекцыі і воркшопы, прысвечаныя тэмам псіхалогіі,
квір-супольнасці і гендарнай ідэнтычнасці. Серыя лекцый адрасавана
псіхатэрапеўт_кам, якія працуюць з квір-людзьмі і мусяць падтрымліваць іх у
складаныя перыяды: пры сутыкненнях з дыскрымінацыяй, падчас камінг-аўту перад
бацькамі і асэнсавання ўласнай ідэнтычнасці. Хаця лекцыі накіраваныя ў першую
чаргу на псіхатэрпеўта_к, паслухаць будзе варта ўсім зацікаўленым у псіхалогіі
і псіхалагічным кансультаванні.
«Дотык» – гэта
фестываль квір-культуры, які мае за мэты аб’яднаць і зрабіць бачным квір- і
ЛГБТК+ супольнасць у Беларусі з дапамогай культуры і мастацтва. «Дотык» на працягу ўсяго існавання ладзіў
рознага кшталту адукацыйныя анлайн і афлайн-праекты. Адзін з іх – шэраг лекцый
пра фемінізм, які можна паслухаць на ютуб-канале Dotyk.fest. Серыя лекцый
называецца Women in action (Жанчына ў дзеянні»). Калі вам цікава, як змянялася
роля жанчын у мастацтве, гісторыі і камерцыі і прычым тут патрыярхат – раім
паслухаць гэтыя лекцыі.
Text by Дар'я Гардзейчык