Расказваць пра падкасты, у фармаце лекцый і воркшопаў, мы пачалі ў 2018 годзе. І ўжо з таго часу (як і дзесяцігоддзе датуль) большасць экспертных думак пра гэты медыйны фармат зводзілася да таго, што падкасты перажываюць бум: усё больш людзей іх слухаюць, усё больш грошай віруе ў індустрыі, усё больш людзей далучаюцца да вытворчасці падкастаў. Чаму ўсё тое ж самае можна сказаць пра 2022-ы і як змянілася індустрыя за апошнія гады – чытай у нашым аглядным артыкуле.
Падкастары сярод нас
Па прагнозах ААН, у канцы 2022 года насельніцтва Зямлі дасягне васьмімільярднай адзнакі. У гэты ж час па прасторах інтэрнэту лунае, па розных ацэнках, ад двух да трох млн падкастаў. Гэта значыць, што калі ты ў пятніцу пасля абеду выпраўляешся на электрычцы ў вёску пад Маладзечна, то з табой адначасова едзе 1-2 падкастара.
Чаму яны абралі ўзаемадзейнічаць з аўдыторыяй такім шляхам, замест таго, каб здымаць відэаблог пра будаўніцтва хаты ўласнымі рукамі? Чаму, нягледзячы на тое, што ў іх былі толькі разавыя рэкламныя калабарацыі з кавярняй каля Мірскага замка і знаёмым псіхатэрапеўтам, яны працягваюць распавядаць пра легенды і паданні Налібоцкай пушчы ці абмяркоўваць з экспертамі, у якую крыпту лепш укладвацца?
Гэта значыць, што калі ты ў пятніцу пасля абеду выпраўляешся на электрычцы ў вёску пад Маладзечна, то з табой адначасова едзе 1-2 падкастара.
Па-першае, яны з дзяцінства любілі слухаць або распавядаць гісторыі. Па-другое, яны заўважылі, што калі яны запісваюць размовы ў аўдыядарожку, а пасля выкладваюць у сеціва, то атрымліваюць шчыры і прамы водгук ад слухачоў. Калі яны запрашаюць гасцей у свой падкаст, то яны хутка знаёмяцца з разнастайнай колькасцю экспертаў, культурных дзеячаў альбо бізнэсоўцаў і робяцца сваімі ў тусоўцы. Гэта натхняе рабіць далей. А яшчэ ёсць нейкі падлеткавы запал, быццам ты ствараеш шоу на ўяўным пірацкім радыё. І можаш казаць што хочаш, і паглыбляцца ў якія хочаш, нават табуяваныя тэмы.
Яшчэ ім падабаецца, што не трэба ні ад каго залежыць, каб запісаць падкаст. Яны прыдбалі сабе абсталяванне (не важна, гэта пятлічка, якая падлучаецца ў тэлефон, або кандэнсатарны мікрафон на падвесе з аўдыякарткай, што кампрэсуе голас на ляту), разабраліся ў праграме, як апрацоўваць і мантаваць гук, – і вось яны ўжо князі і княгіні падкастынгу, якім зайздросціць Джо Роган, тузаючы «попку» мікрафона ў сваёй наварочанай студыі.
Але таксама яны бачаць, што з кожным годам папулярнасць падкастаў толькі расце. Калі мы пачыналі распавядаць пра падкастарскую індустрыю ў 2018 годзе, то магло падацца, што гэта чарговая модная хваля, як Pokémon GO або Clubhouse. Але час ідзе, а падкасты толькі набіраюць абароты. Згодна даследчай кампаніі Insider Intelligence, у 2022 годзе 20% усіх карыстальнікаў Інтэрнэту – гэта слухачы падкастаў, то-бок 420 мільёнаў чалавек па ўсяму свету. І што самае цікавае, COVID пашырыў колькасць прыхільнікаў аўдыякантэнту экспаненцыяльна.
Трэнды падкастынгу
Канешне, чым далей, тым складаней стварыць прарыўны падкаст: тэмы прапрацоўваюцца глыбей, патрабаванні да якасці ўзвышаюцца, канкурэнцыя расце. Але – і гэта тое, што збліжае падкаст з блогінгам – важна быць шчырым і апантаным у сваёй тэме. Гэта дасць неабходны штуршок для таго, каб знайсці свой стыль, сваю кропку разгортвання гісторый. Галоўнае жа ў падкастынгу, як і ў любым тэксце, – гэта расказваць гісторыі, умець, як кажуць, у наратыў (не важна, самастойна альбо праз вусны твайго госця).
Апроч гэтага, у эпоху новай шчырасці скрыжаванне магчымасцяў блогінгу і падкастынгу ўзносіць шчырасць на дах фешэнебельнага гатэлю. Падкастары робяцца інфлюенсерамі, а зоркі блогінгу, ствараючы ўласны падкаст, якасней раскрываюць агенду свайго персанальнага брэнда. Не дарма зараз папулярны фармат аўдыядзённікаў, якія дапамагаюць іх стваральнікам адсочваць сваё паўсядзённае жыццё і прытрымлівацца руціны, а таксама ўключаць людзей у абмеркаванне праз асабісты вопыт.
Адно можам сказаць, што няма ніякіх прыкмет, што да падкастаў знізіцца цікаўнасць. Наадварот, па прагнозах экспертаў, будзе яшчэ больш выпускацца падкастаў, якія будуць слухаць яшчэ больш людзей. А адпаведна ўсё больш грошай (якіх мы зусім не краналіся ў гэтым артыкуле) будзе цыркуляваць у індустрыі.
Таксама не варта ўсё ж такі скідваць з рахунку Clubhouse, які папулярызаваў практыку лайв-падкастынгу. Яна стала яшчэ адным спосабам пашырыць узаемадзеянне са слухачамі, якія жадаюць прыняць удзел у размове ў той час, калі яна адбываецца (тым болей, што ўсплёск фармату прыйшоўся на час локдаўну, калі ўсе сядзелі дома). Лайв-падкастынг выдатна падыходзіць для правядзення вэбінараў, канферэнцый і самітаў, сесій пытанняў і адказаў, дэбатаў, жывых трансляцый падзей і нават анлайн-курсаў.
Яшчэ адзін трэнд – гэта рост папулярнасці аўдыякніг. Фармат, які ўзнік ледзь не з вынаходніцтвам гуказапісу, але ў выніку лагічна перакачаваў у будынак падкастынгу. Гэты трэнд заўважны нават у беларускай медыяпрасторы: у 2019 годзе Міністэрства інфармацыі апублікавала больш за сотню аўдыякніг на гугл-драйве (!), у 2021-м запусціўся прадакшн-праект «Кніжны воз», а літаральна некалькі месяцаў таму паспяхова прайшла краўд-кампанія па збору сродкаў на агучку кнігі філосафа і палітвязня Уладзіміра Мацкевіча.
У эпоху новай шчырасці скрыжаванне магчымасцяў блогінгу і падкастынгу ўзносіць шчырасць на дах фешэнебельнага гатэлю.
Што тычыцца жанраў, то, у першую чаргу, гэта, канешне, true crime, які не сыходзіць з п’едэсталу з 2014 года, калі першы сезон падкаста Serial яго туды ўзвёў. Можна сказаць, што стваральнікі Serial узламалі код падкастынгу: яны зразумелі, як працаваць менавіта з гэтым медыумам, якімі выразнымі сродкамі (штосьці падобнае адбывалася з кіно ў 1920-я). І мы гучна заяўляем, што вельмі чакаем беларускага тру-крайма! Далей ідуць не менш прыцягальныя кулінарныя шоу, камедыі, адукацыя і адносіны. Што цікава, 36% людзей сцвярджаюць, што не могуць знайсці падкасты па тэмах, якія іх цікавяць. Як ні дзіўна, падкасты не ахопліваюць усе накірункі, якія вы можаце сабе ўявіць. Таму яшчэ столькі вольных ніш у гэтай сферы!
Светлая будучыня
Падкасты – гэта як сучасная архітэктура: як толькі яны прыйшлі ў наша жыццё, узнікла адчуванне, быццам яны заўжды ў ім прысутнічалі. Па меншай меры, яны ўжо дакладна пачалі знаходзіць сваю ўласную мову: калажнасць наратыва, моцны engagement і сумяшчэнне з іншымі справамі. Гэта адкрывае магчымасці ўдасканальваць кантэнт і вынаходзіць новыя гібрыды: ці то расследаванне забойства падчас кулінарнага шоу, ці то аўдыягіды па гораду з фантастычным складнікам у выглядзе высадкі марсіян на Кастрычніцкай плошчы.
Адно можам сказаць, што няма ніякіх прыкмет, што да падкастаў знізіцца цікаўнасць. Наадварот, па прагнозах экспертаў, будзе яшчэ больш выпускацца падкастаў, якія будуць слухаць яшчэ больш людзей. А адпаведна ўсё больш грошай (якіх мы зусім не краналіся ў гэтым артыкуле) будзе цыркуляваць у індустрыі.
Падкасты – гэта як сучасная архітэктура
Таму, калі ты думаў(-ла) пра свой уласны аўдыясерыял, то заставайся разам з Belarus Podcast Hub, мы раскажам пра тэхнічныя азы падкастынгу, папераварочваем падводныя камяні, з якімі сутыкаюцца навічкі, а таксама зазірнём для натхнення ў студыі папулярных беларускіх падкастаў. Let’s hub!
Text by Manaxrom