Дайджэст новых выпускаў беларускіх падкастаў, якія выйшлі з 6 па 12 лістапада 2023 года.
Хочу к врачу
У падкаст «Хочу к врачу» зноў завітаў лекар-псіхіятр Максім Падаляк. На гэты раз каб паразмаўляць пра сексуальную арыентацыю і гендарную ідэнтычнасць. Максім разбірае самыя папулярныя міфы пра квір-асоб, тлумачыць, што вызначае нашу сексуальную арыентацыю і што такое трансгендарнасць. Вядоўцы папярэджваюць: выпуск не для ўражлівых.
Усё складана
Даша і Марні размаўляюць з журналісткай і заснавальніцай ініцыятывы «Палітвязынка» Яўгеніяй Доўгай. Жэня распавядае пра тое, з чым сутыкаюцца беларускі ў турме, як турма ўплывае псіхіку і што мы можам зрабіць, каб дапамагчы з рэабілітацыяй тым, хто прайшоў праз досвед зняволення. Слухайце асцярожна.
Радыё Citydog
Citydog запускае серыю падкастаў «Мінск без голасу». У Беларусі масавыя рэпрэсіі, маўчаць зараз бяспечней, чым гаварыць, і таму людзі нібыта губляюць свой голас. Але ім важна выгаварыцца, каб распавесці пра сваё жыццё сёння, летам-восенню 2023 года. Першы выпуск – гісторыя мінчанкі, якая пазнаёмілася са сталкерам. Потым гэты сталкер данёс на яе сілавікам, і дзяўчыну пасадзілі.
Белліт
Наста з падкаста «Белліт» расказала пра дзіцячыя кнігі, якія яна чытала апошнім часам. У новым выпуску тры дзіцячыя кнігі пра вайну, сяброўства і ўнікальнасць, рэпартажы пра мядзведзяў і таталітарныя рэжымы, а таксама адна захапляльная гісторыя з Другой сусветнай вайны. Слухайце па спасылцы.
Вось, што я знайшоў у Вікіпедыі
Уладзь і тыктокер Ілля Шынкарэнка ўспамінаюць пісьменніка Мойшэ Кульбака. Ён нарадзіўся ў Смаргоні, выкладаў у Вільні, працаваў у тэатры ў Берліне, выдаваўся ў ЗША, а потым нечакана павярнуўся ў Менск і напісаў свой геніяльны раман «Зельманцы» пра жыццё адной вялікай габрэйскай сям'і падчас хутказмяняльных часоў.
Белліт пад піва
Соня, Тоня і Наста Хлеб абмяркоўваюць дэпрэсіўны твор «Жыццё сіраты» Яна Баршчэўскага і п'юць безалкагольнае піва. Крынжовыя персанажы, прывіды, вяр'яцтва і дэпрэсія ў класічным творы. Слухайце па спасылцы.
Вясна прыйдзе
У праваабрончым падкасце «Вясна прыйдзе» гісторыя трох сясцёр: Паліны, Ульяны і Машы. Маша Каленік – адна з асуджаных па «справе студэнтаў», яна вызвалілася 30 лістапада. Вядоўца падкаста паразмаўляла з Ульянай і Палінай за тры дні да вызвалення Машы, а потым паразмаўляла і з самой Машай, калі яна выйшла. Але падкаст не пра турэмныя будні, а пра сям'ю і сястрынства. А таксама пра жаноцкасць.
Radio Plato Newsroom
Новая беларуская музыка працягвае выпускацца, а Radio Plato працягвае расказваць пра яе ў навінавым падкасце Newsroom. Аня Жданава асэнсоўвае тэму палітвязней у новым сінгле, Shuma і ўкраінскі прадзюсар OK Selekta запісалі сумесную ЕР, прысвечаную амазонскім духоўным практыкам, а мастачка Анастасія Рыдлеўская разгортвае музычнае палатно на тэму (не)вяртання. Больш падрабязна слухайце па спасылцы.
Природа очистилась
Як чалавецтва перажывае змяненне клімату і ці захаваецца ў свеце кава? Чаму белы мядзведзь і таянне ледавікоў як сімвалы ўжо ў мінулым? На ўсе гэтыя пытанні адказвае спецыялістка па клімаце Вольга Бойка з Climate Action Network ва Усходняй Еўропе, Цэнтральнай Азіі і на Каўказе.
Утульны горад
Новы выпуск урбаністычнага падкаста «Утульны горад» прысвечаны навігацыі. Часта навігацыяй памылкова называюць указальнікі і шыльды з інфармацыяй аб тым, куды гараджане і гараджанкі мусяць кіравацца. Аднак такія знакі больш карэктна называць «элементамі навігацыі». Пра тое, што такое навігацыя насамрэч, і якой яна мусіць быць, слухайце па спасылцы.
Text by Belarus Podcast Hub