Дайджэст новых выпускаў беларускіх падкастаў, якія выйшлі з 9 па 15 кастрычніка 2023 года.
Усё складана
У падкаст "Усё складана" завітала даследчыца Антаніна Сцебур. Марні, Даша і Антаніна абмяркоўвалі тое, як масавая культура ўплывае на нашыя ўяўленні пра каханне і стасункі. Антаніна падзялілася рознымі мастацкімі праектамі, якія пераасэнсоўваюць гвалт, Марні ўспамінала дыснееўскія мульты з дзяцінства і пра ролевыя мадэлі з іх, а ў Дашы зноў знайшліся крынж-гісторыі са школьных часоў пра фізру і месячныя.
Кніжная Шафа
У 20-м выпуску падкаста пра жыццё незалежнай кнігарні на Грушаўцы «Кніжная шафа» адбыўся адкрыты запіс. Дзве Насты зладзілі запіс у прысутнасці наведвальнікаў, якія ад часу да часу заходзяць у краму. Таксама Насты абмяркоўваюць беларускія раманы і, раптам, узгадваюць лася.
I Hate Dates
У падкаст пра спатканні да вядоўцы Мары далучылася сэкс-коўч і вядоўца груп падтрымкі Карына Кугель. Разам дзяўчыны абмяркоўвалі ўлюбёны мультфільм дзяцінства – «Папялушку». Якія чырвоныя сцягі напаткалі галоўную гераіню? Якія канспіралагічныя тэорыі фармуюцца вакол «Папялушкі»? Слухайце ў гэтым выпуску.
Vandra
У падкаст Vandra завітала старшыня студэнцкага этнаграфічнага таварыства Марыя Варахоб. Калісьці Марыя пачала даследаваць вёскі праз гісторыю сваёй сям'і. Як і якія гістарычныя сямейныя дакументы захаваліся ў Марыі? Як прадзядуля Марыі дабраўся да Амерыкі, каб пабачыць нявестку? У канцы эпізоду нават можна пачуць спеў «А пара дамоў» бабулі Марыі.
Догма
Аўтарка анархісцкага падкаста «Догма» Лера Хоціна вярнулася з бонусным эпізодам, дзе разам з Аленай Пасынкавай, якая жыла і ў Ізраілі, і на Заходнім Беразе, пагаварылі, што ўвогуле адбываецца ў гэтым рэгіёне. Чаму Ізраіль вінавацяць у апартэідзе? Чаму некаторыя падтрымліваюць Ізраіль, некаторыя – Палесціну? Слухайце па спасылцы.
Белліт
Наста з падкаста «Белліт» расказала пра тое, чаму яе абурыла адна дзіцячая кніга, пра любоў да серыяла «Офіс», пра сімпатычную аповесць па-беларуску і пра раман фінскага пісьменніка, які мусіць дапамагчы ўзняць настрой.
Белліт пад піва
На мінулым тыдні адбылося вяртанне «Белліт пад піва». Вядоўцы падкаста ў міжсязонным выпуску вырашылі пачытаць беларускамоўныя фанфікі. Фанфікі – гэта аматарскае сачыненне па матывах папулярных твораў. Чаму пасля фанфікаў складана перайсці на звычайную літаратуру? Як вядоўцы падкаста знаёміліся з фанфікамі па Гары Потэры? Слухайце па спасылцы.
Вось, што я знайшоў у Вікіпедыі
Часам на анлайн-мапах можна заўважыць невялічкія надпісы: часам каля цяперашняй вуліцы Кастрычніцкай вылазіць нечаканая Ляхаўка, а каля Музея Вялікай Айчынай Вайны з'яўляецца надпіс пра Замчышча. Чаму, як і дзе – слухайце ў новым выпуску падкаста «Вось, што я знайшоў у Вікіпедыі».
Хочу к врачу
У падкаст «Хочу к врачу» завітаў Максім Падаляк – псіхіатр, псіхатэрапеўт, сексолаг. З якімі запытамі людзі ідуць да сексолага? Ці існуе норма і паталогія ў сексуальных стасунках? Ад чаго залежыць лібіда? ЦІ трэба размаўляць пра секс з дзецьмі? Меркаванне сексолага Максіма Падаляка слухайце ў гэтым эпізодзе.
Радыё Citydog
Радыё Citydog расказала пра тое, чаму бывае складана завесці сяброў. Псіхолаг Ірына Шумская адказвае на важныя пытанні пра сацыяльныя сувязі, адзіноту і сацыяфобію. Што рабіць, калі не атрымліваецца размаўляць з новымі людзьмі? Праўда, што булінг у дзяцінстве можа быць прычынай сацыяфоб!? Ці нармальна, калі мама ці муж (ці жонка) лепшыя сябры? Слухайце па спасылцы.
Text by Belarus Podcast Hub