Дайджэст новых выпускаў беларускіх падкастаў, якія выйшлі з 13 па 19 лістапада 2023 года.
Праз космас
У сорак дзявятым выпуску падкаста «Праз космас» Цімафей расказвае пра другі выпрабавальны запуск Starship, першыя поўнакаляровыя здымкі космасу ад тэлескопа Euclid, марсіянскія робаты NASA, якія засталіся без сувязі з Зямлёй, і пра першы ў свеце драўляны спадарожнік, які рыхтуецца да запуску.
ТОК
У праграме «Ток» – вялікая гутарка з Вольгай Гарбуновай пра тое, як гэта – быць у публічнай палітыцы адкрытай лесбіянкай, пра Лукашэнку, Качанаву і дзеячаў Саюза жанчын. Вольга таксама тлумачыць, чаму лічыць, што для вызвалення палітвязняў трэба новая стратэгія. Дзеліцца сваім досведам уцёкаў з «хатняй хіміі», распавядае пра адносіны з бацькам, якія прывялі яе ў арганізацыю, якая шмат гадоў дапамагала жанчынам, якія пацярпелі ад хатняга гвалту.
Утульны горад
Ва ўрбаністычны падкаст завітала экспертка па супольнасцях Наталля, каб паразважаць, навошта сябраваць з суседзямі і суседкамі. Побач з намі заўсёды ёсць людзі, якія нявольна дзеляць з намі частку праблем. Гэтыя людзі – нашы суседзі. Усе мы трываем ад праблем з ацяпленнем, газам і электрычнасцю, ад нашэсця пацукоў і прусакоў, ад капітальнага рамонту і яго адсутнасці. Як і навошта камунікаваць людзям, у якіх часта няма нічога агульнага акрамя побытавых праблем, слухайце па спасылцы.
Белліт пад піва
Тоня, Соня і Наста Хлеб урэшце п'юць алкагольнае піва і абмяркоўваюць гумарыстычную п'есу Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча «Апантаны». У новым выпуску аказваецца, што Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч падрабляў дакументы, а ў яго п'есах была вельмі эмансіпаваная жанчына. Слухайце новы выпуск па спасылцы.
Першы гікаўскі
У сорак дзявятым выпуску падкаста пра гікаўскае «Першы гікаўскі» Лёша і Вадзім пахмурным восеньскім днём абмяркоўваюць Капітана Марвела, хваробу Стыву Возняка, забастоўку гільдыі актораў ЗША І другі сезон «Аркейн».
Вось, што я знайшоў у Вікіпедыі
У новым выпуску Ілля Шынкарэнка, спявак ды тыктокер, расказвае пра жыццё архітыпічнага дзеда Беларусі. Дзед Талаш даўно стаў адным з самых вядомых вобразаў у беларускай літаратуры, помнік у гонар яго стаіць на плошчы Якуба Коласа ў Менску, а твор пра ягонае жыццё быў напісаны яшчэ падчас ягонага жыцця. Але ён складаная фігура. Мы анічога не ведаем пра маладыя гады Талаша, а шмат з той інфармацыі пра ягонае жыццё мы атрымалі проста праз асабістыя ўспаміны (якія часам гучаць вельмі дзіўна).
Мы не договорили
Адраджэнне падкаста «Мы не договорили» цяпер у фармаце відэа! Разам з коўчам па стасунках Ангелінай Ісаевай вядоўцы разбіраюцца ў самых розных эмоцыях. Апошнія гады яскрава паказалі, што ў жыцці заўсёды будзе месца самым розным эмоцыям. Але ці заўсёды мы можам іх усвядоміць? Задача з зорачкай: яшчэ іх назваць. Разабрацца дапамагае спадарыня Ангеліна Ісаева.
Надо пробовать
У сёмым выпуску падкаста «Надо пробовать» – феномен беларускіх двароў. У гэтым эпізодзе можна пачуць галасы людзей, якія на чыстым энтузіязме ўладкоўвалі дваровыя прасторы; больш даведацца аб арганізацыі агульнадаступных гарадскіх агародаў, а таксама паглядзець на развіццё двароў канцэптуальна – як на складаны працэс, у якога няма фінальнай кропкі. Спецыяльная госця падкаста – Надзея Царонак, архітэктар-канцэптолаг, экспертка ў пытаннях садзейнічання праектаванню і сістэмнага мыслення.
Так склалася гістарычна
У гасцях у Ганны Дзягель – доктар гістарычных навук Аляксандр Аляксандравіч Гужалоўскі. У 2024 годзе плануецца выданне кнігі Аляксандра Аляксандравіча «"У светлую будучыню!": беларускае грамадства эпохі "адлігі" (1953-1968 гг.)». У якасці анонса ў падкасце абмеркавалі некаторыя тэмы з гэтай кнігі: рэабілітацыю ахвяр палітычных рэпрэсій, дэмантаж культу Сталіна, першую моладзевую субкультуру, хуліганскі тэрор, дэфіцыт і ценявую эканоміку.
Радыё Citydog
У падкасце «Радыё Citydog» – гісторыя мінчанкі, якая стамілася ад страху рэпрэсій і кардынальна змяніла сваё жыццё. Пра яе пераход на беларускую мову, 2020 год і расплюшчаныя вочы сяброўкі, маці і расейскае тэлебачанне і адчыненыя дзверы для сілавікоў, слухайце па спасылцы.
За мяжой
Даша, Саша і Аксана вяртаюцца, каб распавесці пра пераезды, навіны і псіхатэрапію. Аказалася, што дзяўчыны не памерлі, а ставілі падкаст на паўзу, бо мелі розныя акалічнасці. Псіхатэрапія, Wen-Do, дэпрэсія, новая праца, пераезды і шмат іншых сумна-мемных гісторый – і ўсё гэта ў чацвёртым выпуску падкаста «За мяжой».
Text by Belarus Podcast Hub