Дайджэст новых выпускаў беларускіх падкастаў, якія выйшлі з 16 па 22 кастрычніка 2023 года.
Усё складана
У новы выпуск падкаста «Усё складана» завітала фемактывістка Юлія Міцкевіч, каб абмеркаваць, як фемоптыка ўплывае на рамантычныя стасункі. Марні расказала пра бостанскія шлюбы, Юля – пра нерэалістычныя стандарты жанчын у кіно і жыцці, а Даша пацешыла аўдыторыю цытатамі з часопіса «Ліза».
Radio Plato Newsroom
Падкаст ад Radio Plato з навінамі беларускай музыкі ўрэшце вярнуўся. Новы сезон пачынаецца з агляду летніх рэлізаў 2023 года. Сярод іх лірычная элегія ад піяніста Аляксандра Арловіча, рэлізы хаўс/хіп-хоп прадзюсара Sigray, блакітная кампіляцыя Blue Tape, сінгл ад індзі-праекта Domsun, трып-фонк ад Uhead, аўдыяспектакль ад Open Focus і хаўс-кампіляцыя ад маладзечанскага лэйбла Sense.
Праз космас
У сорок сёмым эпізодзе падкаста Цімафей расказвае пра новы касмічны тэлескоп NASA, ваду і вуглярод у першых узорах з астэроіда OSIRIS-REx, штучны інтэлект, які шукае іншапланетнае жыццё і наймацнейшы марсатрус на Чырвонай планеце.
Утульны горад
Чарговы выпуск падкаста пра ўрбаністыку «Утульны горад» прысвечаны праблеме бяздомнасці. Пра тое, чаму некаторыя людзі ў гарадах не маюць сталага жытла і як ім спрабуюць дапамагчы ў розных краінах свету, вядоўца пагаварыла з эксперткамі Марыяй і Валерыяй з Менскай урбаністычнай платформы.
Белліт
На паседжанні кніжнага клубу «Анябож» дзве Насты і Сярожа абмеркавалі класічную кнігу польскага пісьменніка Яна Бжэхва «Акадэмія доктара Клякса». Чым выбітнае беларускае выданне гэтай кнігі? Чаму «Акадэмія доктара Клякса» будзе цікава не толькі дзецям, але і дарослым? Слухайце па спасылцы.
Музыка в стол
У падкаст «Музыка в стол» завітаў спадар Пафнуцій – валтарніст, удзельнік праекта «Грёзы Пафнутия» і былы музыка гурта «Ляпис Трубецкой». Пра тое, як у адным чалавеку сумяшчаецца асоба аўтара музыкі да мультфільмаў і лялечных спектакляў і ўдзельніка панк-гурта, слухайце па спасылцы.
Вось, што я знайшоў у Вікіпедыі
Сяброўка вядоўцы Уладзя Кароткага Вікця Удовіна завітала ў новы выпуск, каб распавесці пра тое, як у Сярэднявеччы праз жанчынаў-аўтарак пачалася дыскусія пра жаночае становішча. Як Хрысціна Пізанская спрачалася з галоўнымі аўтарытэтамі свайго часу? Чаму яе пошукі праўды ўскалыхнулі ўсю Еўропу ды пачалі доўгія спрэчкі, якія доўжыліся да ХІХ стагоддзя? Слухайце па спасылцы.
Гісторыя беларускага сэксу
У новым выпуску падкаста «Гісторыя беларускага сэксу» Дана і Даша абмяркоўваюць цяжарнасць і роды. Нараджэнне дзіцяці ў беларускай культуры мела вялікі сэнс не толькі для бацькоў, але і для ўсёй навакольнай грамады. З улікам вялізарнай дзіцячай смяротнасці, якое суправаджала беларускае грамадства доўгія-доўгія стагоддзі, нашыя продкі вынайшлі мноства захадаў, каб абараніцца ад гэтай страты. Некаторыя з іх – даволі дзіўныя!
Радыё Сitydog
Настаўніца адной з менскіх школ расказала Сitydog, што адбываецца зараз у беларускай сярэдняй адукацыі. Жанчына кажа, што з 2020 года атмасфера ў школе стала больш прыгнятальнай. Паводле яе слоў, нягледзячы на закручаныя гайкі, пакуль у Беларусі застаюцца тыя, хто гатовы гадаваць новае пакаленне разумных людзей. Пра тое, як настаўні_цы мусяць сачыць за бацькамі, патрыятычна выхоуваць дзяцей і навязваць патрыятызм, слухайце па спасылцы.
Text by Belarus Podcast Hub