Дайджэст новых выпускаў беларускіх падкастаў, якія выйшлі з 23 па 29 кастрычніка 2023 года.
Кава з цукрам
Нутрыцыёлаг Ганна Бароўская расказала пра цукар і яго дэманізацыю. Якая сувязь паміж цукрам і атлусценнем? ЦІ праўда, што менавіта праз вялікую колькасць цукру людзі хварэюць на цукровы дыябет? Ці сапраўды цукар выклікае залежнасць горшую, чым псіхаактыўныя рэчавы? Слухайце па спасылцы.
Усё складана
У падкасце «Усё складана» феміністкі паразмаўлялі пра БДСМ. Культура згоды – важная частка ўзаемадзеяння ў БДСМ? Аднак падчас размовы Даша, Марні і Тоні прыйшлі да высновы, што культура згоды мусіць быць базай яшчэ і для любых іншых стасункаў.
Радыё Citydog
У падкасце «Радыё Citydog» – аўдыёверсія артыкула пра тое, што цяпер адбываецца з блогер_камі ў Беларусі. У кастрычніку стала вядома пра затрыманне папулярнай блогеркі Ганны Бонд. Да гэтага на дзяржТБ пачалі актыўна прыходзіць вядомыя беларускія інфлюенсеры з «пакаяннымі» заявамі. Citydog даведаліся ў эксперткі, чаго чакаць далей.
Утульны горад
У падкаст «Утульны горад» завітаў прадстаўнік арганізацыі «Інтэракцыя» Іван Шчадранок, каб паразмаўляць пра ўстойлівасць гарадоў. У выпуску высвятляецца, як устойлівасць гарадоў звязана з 17 мэтамі ўстойлівага развіцця ААН, як памераць бяспечнасць і інклюзіўнасць горада і пра што кажа існаванне падкаста «Утульны горад» у кантэксце ўстойлівасці беларускіх гарадоў.
Белліт
Наста расказала пра цыкл гістарычных раманаў Леаніда Дайнэкі. Як успрымаюцца «Меч князя Вячкі» і «Жалезныя жалуды», якія складаюцца ў адзін гістарычны цыкл, калі чытаеш іх у дзяцінстве і ў дарослым жыцці? Да чаго тут «Слова пра паход Ігараў» і «Аповесць мінулых гадоў»? Слухайце па спасылцы.
Так склалася гістарычна
У падкаст «Так склалася гістарычна» завітаў кандыдат гістарычных навук усходазнаўца Дзмітрый Сеўрук, каб расказаць пра эзатэрычныя плыні шыіцкага ісламу. Адкуль у ісламе ўзялася эзатэрыка? А яшчэ вы даведаецеся, хто такія імаміты, ісмаіліты, асасіны, алавіты і друзы.
Вось, што я знайшоў у Вікіпедыі
Мікіта Вяшчанка расказвае Уладзю Кароткаму пра тое, хто такі Агбаан Даржын. Агбаан Даржын альбо Агван Даржыеў – вядомы будысцкі дзеяч пачатку ХХ стагоддзя. Мікіта расказвае пра яго яскравыя гісторыі: ад адкрыцця першага будысцкага храма ў гісторыі і яго філасофскія трактаты да ідэі тыбэцкай аўтаноміі.
Чалавек з Каменнай горкі
У падкасце «Чалавек з Каменнай горкі» вядоўца падзяліўся сваімі ўражаннямі ад юбілею Крамбамбулі, новага шоу Сяргея Чалага і Святланы Ціханоўскай, якая не клапаціцца аб рускіх.
Ещё теплее
Падкаст «Ещё теплее» накіраваўся на Балі. Балі – гэта не толькі сёрфінг і тосты з авакада, але і вельмі развіты рэгіён у сэнсе экалогіі. Навошта граць дыджэй-сэт на сметніку? Што такое organic па-балійску? Як абмяняць пластык на рыс? Адказы шукайце па спасылцы.
Vandra
У падкаст Vandra завітаў аўтар праекта «Жніво» Аляксей Білецкі. Дзейнасць праекта «Жніво» накіравана на людскую дакументальную спадчыну, а асноўным напрамкам зараз з'яўляецца збор гістарычных генеалагічных дакументаў, якія знаходзяцца не ў архівах, а раскіданы па ўсёй краіне: ад музеяў і цэркваў да калекцыянераў і наўпрост у кагосьці дома.
Text by Belarus Podcast Hub