Дайджэст новых выпускаў беларускіх падкастаў, якія выйшлі з 30 кастрычніка па 5 лістапада 2023 года.
Кава з цукрам
Тлусты выпуск падкаста пра харчаванне «Кава з цукрам». Нутрыцыёлаг Ганна Бароўская тлумачыць, чаму не варта баяцца халестэрыну. Якую ролю ён адыгрывае ў арганізме? Як звязаны халестэрын і хваробы сэрца? Ці шкодныя жывёльныя тлушчы? Пра гэта ды іншае слухайце ў новым выпуску.
Усё складана
У гэтым выпуску Даша і Марні сустрэліся з праваабаронцай Дашай Чурко, каб пагаварыць пра закон аб хатнім гвалце і «легендарным» статусе СОП – «сацыяльна небяспечнае становішча». Як яно ўплывае на беларускія сем'і? Слухайце па спасылцы.
Радыё Citydog
Чытачка Citydog наведала Маскву і расказала, як цяпер ідзе жыццё ў расійскай сталіцы. Як атрымалася абысці ўсе забароны, што стала з люксавымі крамамі, чым замянілі «забаронку» і чаму, масквічы не будуць выступаць супраць вайны? Слухайце па спасылцы.
Утульны горад
Часта каб патрапіць з аднаго пункта горада ў іншы, нельга абысціся адным сродкам транспарту: даводзіцца, напрыклад, перасаджвацца з аўтобуса на тралейбус. Калі гараджан_кі гладка і без асаблівых высілкаў трапляюць у патрэбнае месца праз розныя сродкі транспарту, то можна казаць пра бясшвоўнасць перасоўвання. Даша з падкаста «Утульны горад» пагаварыла пра гэта з Ілонай Эльяшэвіч з Менскай Урбаністычнай Платформы.
Белліт
Наста з падкаста «Белліт» падзялілася літаратурнымі навінамі кастрычніка. Сучасныя беларускія паэты і паэткі, замежныя і айчынныя дэтэктывы, юбілеі пісьменнікаў, Янка Купала, лацінка і ноч (не)растраляных паэтаў.
Кніжная шафа
Насты з падкаста «Кніжная шафа» святкуюць два гады з выхаду першага выпуску. Дзяўчыны гадаюць на кнігах, шукаюць літару «ы» ў азбуцы, расказваюць пра навінкі ў краме «Кніжная шафа» і дзеляцца цікавымі запытамі ад кліента_к.
Белліт пад піва
Тоня, Соня і Наста Хлеб распачынаюць пяты сезон падкаста «Белліт пад піва». Новы сезон прысвечаны беларускай драматургіі. У першым выпуску дзяўчыны абмяркоўваюць твор першай драматургіні на беларускіх землях Францішкі Уршулі Радзівіл. Ці спадабаўся дзяўчынам твор «12 гадоў рабскага кахання»? Слухайце па спасылцы.
III акт
У тэатральным падкасце «ІІІ акт» італьянская камедыя «Злодзей, але не рабаўнік». Па сюжэце, злодзей трапляе ў багатую кватэру, бо ўпэўнены, што гаспадары з'ехалі надоўга, таму дзейнічае павольна. Аднак раптам гаспадар вяртаецца раней, ды яшчэ і не адзін.
Text by Belarus Podcast Hub