На восьмае сакавіка ў Беларусі прынята дарыць цюльпаны і жадаць пры гэтым жанчынам «заставацца ўпрыгожваннем калектыву» і «быць добрай жонкай і гаспадыняй». Але першапачатковы сэнс свята менавіта ў тым, каб жанчыны атрымалі магчымасць не быць упрыгожваннем і гаспадыняй, а вырашаць свой лёс самастойна і быць не менш дзейнымі, чым мужчыны. Лаві нашую падборку падкастаў аб тым, што такое жаночыя правы і чаму феміністкі дагэтуль за іх змагаюцца.
The Story of Woman
Журналістка і сацыялагіня-аматарка Анна Штокляйн (Anna Stoecklein) распачала гэты падкаст у лютым мінулага года. Як кажа Анна ў першым эпізодзе падкаста, наш свет – гэта свет мужчын. «Дэфолтны» чалавек у нашай свядомасці – гэта мужчына. Анна імкнецца зрабіць жанчын больш бачнымі і паказаць, як шмат яны прысутнічалі і прысутнічаюць у розных сферах нашага жыцця, не глядзячы на аніякія перашкоды.
У падкасце Анна Штокляйн разам са сваім гасцямі-навукоўцамі простай мовай размаўляе пра складаныя сацыялагічныя пытанні з жаночага пункту гледжання. Чаму сярод вядомых гістарычных асоб так мала жанчын? Што такое «ўладны разрыў»? Як жывуць жанчыны ў арабскіх краінах? Як жанчыны ўплываюць на развіццё тэхналогій, а развіццё тэхналогій – на жанчын?
У адрозненне ад шмат якіх феміністычных падкастаў, Анна Штокляйн не дае сухой філасофскай тэорыі пра тое, што такое патрыярхат, гендарныя стэрэатыпы і класавы прыгнёт. Усю інфармацыю яна і яе госці даводзіць на простых прыкладах з жыцця, пры гэтым без агрэсіўнага імкнення прасунуць нейкую палітычную павестку (у чым на захадзе часта крытыкуюць феміністак).
Падкаст англамоўны, пры гэтым Анна – амерыканка, якая зараз жыве ў Вялікабрытаніі, і яе ангельская не падобная ані на амерыканскую, ані на брытанскую ў чыстым выглядзе. Для людзей, якія не звыклі да «дзіўных» акцэнтаў, можа быць складана ўспрымаць такую гаворку.
Oswoić Gender
Польскамоўны падкаст ад Цэнтра амерыканскіх студый у Варшаве. Гэта навуковы падкаст пра адкрыцці ў гендарных даследаваннях. Доктаркі навук Анна Куравіцка і Марта Усякневіч запрашаюць вас у кулуары сацыяльных навук, каб зразумець, што гендарныя даследаванні – гэта складаная, але вельмі цікава галіна навукі.
Да Анны і Марты перыядычна далучаюцца калегі, якія распавядаюць менавіта пра сваю вузкую тэму даследаванняў. Так праз падкаст мы даведаемся пра спецыфічны польскі сэксізм, гендарны аспект у культуры спажывання алкаголю, фемінітывы і змены мовы пад патрэбы грамадства.
Аматараў навуковага кантэнту з жартамі і абмеркаваннем калег-навукоўцаў за спінамі – шчыра запрашаем паслухаць гэты падкаст.
«Ти ж дівчинка»
Украінамоўны падкаст, дзе вядоўцы Саша Сосніна і Юля Доўгіх-Чарныш абвяргаюць стэрэатыпы пра фемінізм.
Само слова «фемінізм» вельмі стыгматызавана ў грамадстве. Дастаткова толькі агучыць што, ты прытрымліваешся феміністычных поглядаў, як шмат якія людзі перастаюць успрымаць цябе сур'ёзна, нават калі твае погляды і каштоўнасці значна супадаюць з іхнымі, – лічаць вядоўцы.
Мэта дзяўчат – патлумачыць «шырокім масам», што такое фемінізм насамрэч, адкуль паходзіць стэрэатып пра «шалёных фемак» і чаму варта распавядаць гісторыі крутых жанчын, нават калі гэтыя самыя жанчыны не падзялялі феміністычных поглядаў.
Калі вы дагэтуль лічыце, што «клятыя феміністкі выдумляюць дыскрымінацыю», то вам сюды – кажуць дзяўчыны. Аднак мы можам дадаць, што нават калі вы так не лічыце, паслухаць падкаст «пра фемінізм па-людску» ад харызматычных вядоўцаў у любым выпадку будзе цікава.
«Толькі жанчыны»
«Толькі жанчыны» – гэта першая беларускамоўная перадача, дзе фемінізм – адна з асноўных тэм. Праграма выходзіла з 2017 па 2021 год. Ганна Соўсь запрашала жанчын-экспертак у розных сферах. У праграме падымаліся і спецыфічна жаночыя пытанні, і агульна грамадскія, на якія вядоўца і госці так ці інакш глядзелі з жаночай перспектывы.
Праслухоўванне архіва перадачы паказвае, як змянілася нашае грамадства за гэты невялікі працяг часу. Напрыклад, у 2017 годзе у выпуску «Прэзідэнты і жанчыны» спадарыня Ганна з запрошанымі эксперткамі абмяркоўвалі, як прэзідэнты-мужчыны ў розных краінах ставяцца да жанчын і ці магчыма ўвогуле, каб у Беларусі прэзідэнцкую пасаду заняла жанчына.
Трэба пазначыць, што «Толькі жанчыны» – гэта першапачаткова радыёперадача. Фармат значна адрозніваецца ад тых размоўных нефармальных падкастаў, да якіх мы прызвычаіліся. Таму і тон Ганны Соўсь – гэта даволі афіцыйны тон радыёвядоўцы. Майце на ўвазе гэтую асаблівасць перад тым, як пачняце слухаць.
«Максимально»
Шоў, якое выходзіць на YouTube, але яго можна слухаць як падкаст.
Журналіст Максім Паршута з 2020 года бярэ інтэрв’ю ў таленавітых беларусак, каб «паказаць, якімі крутымі могуць быць беларускі, і больш нікому ў галаву не прыйшло, што жанчыны могуць толькі сядзець у хаце і варыць баршчы».
Сама ідэя таго, што мужчына бярэ інтэрв’ю ў жанчын, каб падвысіць іх бачнасць, – можа падацца сумнеўнай. Аднак тыя беларускі, якіх запрашае Максім, – сапраўды выдатны прыклад таго, якімі жанчыны могуць быць крутымі.
Гасцямі канала ўжо сталі філосафка Вольга Шпарага, вакалістка Руся, юрыстка Крысціна Рыхтэр, журналістка Дар’я Чульцова і іншыя вядомыя жанчыны.
«Она была, есть и будет»
У 2019 годзе выйшла кніга «Яна была: 16 гісторый жанчын, якія сталі часткай гісторыі Беларусі». Як кажуць аўтар_кі кнігі, мэта кнігі – падтрымаць гістарычную справядлівасць у дачыненні да нашых суайчынніц.
У 2021 годзе адна з аўтарак кнігі Ірына Саламаціна запусціла падкаст «Она была, есть и будет». У падкаст спадарыня Ірына запрашала мастачак, якія рабілі ілюстрацыі для гэтай кнігі. Удзельніцы падкаста распавядаюць пра свой досвед у мастацтве і пра ролю жанчын у мастацтве.
Гэта менавіта той падкаст, які абвяргае стэрэатып аб тым, што ў гісторыі не было вялікіх мастачак і ўвогуле мастацтва (навука, кар’ера, патрэбнае падкрэсліць) – не жаночая справа.
«Революционерки»
Падкаст пра беларускіх жанчын ад сэксалагіні і аўтаркі падкаста «Ты уже?» Лізы Мароз. На пачатку 2021 года Ліза разам з Free Belarus Center выпускала размоўны падкаст з вядомымі беларускімі жанчынамі, якія намагаліся змяніць краіну да лепшага. Дзякуючы падкастам, мы з вамі атрымалі магчымасць паслухаць душэўныя размовы з тымі моцнымі жанчынамі, якія працуюць у некамерцыйнай сферы.
У першым выпуску спецыялістка па самаабароне для жанчын Вольга Ланеўская расказвае аб тым, што дапамагала яе вучаніцам трымацца ў СІЗА, як беларускія пратэсты змянілі краіну і чаму ўпэўненасць у сабе дапамагае змагацца з гвалтам.
У наступных выпусках Лізавета Шалай распавядала пра жанчын ва ўрбаністыцы і феномен дваравых чатаў. Актывістка Святлана Кароль – пра роварны рух і яго сувязь з палітыкай. Журналістка Кацярына Пытлева – пра тое, як існуе жанчына ў беларускіх медыя і якія гэтая сфера мае спецыфічныя праблемы. Псіхалагіня Ілона Шчарбакова – пра тое, як дапамагае беларускам змагацца з прафесійным выгараннем і адаптацыяй у эміграцыі. Кацярына Сныціна – пра жанчын у спорце і ўласнае пераўтварэнне з апалітычнай асобы ў актывістку.
Папярэджваем: паколькі падкаст выходзіў два гады таму, можа справакаваць з’яўленне ўспамінаў пра падзеі 2020 года. Слухайце асцярожна!
«За мяжой»
Сама сябе не пахваліш – ніхто не пахваліць. Гэта падкаст, які робіць аўтарка гэтага артыкула Дар’я Гардзейчык разам з журналісткай Аксанай Дабрыянец і дзяячкай культуры Аляксандрай Гушчай. У падкасце мы размаўляем пра нашыя спецыфічна жаночыя праблемы ў эміграцыі і жартуем над «далікатнай мускуліннасцю».
Аксана ў нашым трыа адказвае за досвед мацярынства і працяглай дэпрэсіі, Аляксандра – за аптымізм і тэарэтычны падмурак складаных сацыялагічных пытанняў, а Дар’я Гардзейчык (то-бок, я) – за структуру выпуску і жарты пра сэкс.
Калі вы хочаце атрымаць крышку валідацыі сваіх пачуццяў і сястрынскай падтрымкі ад трох феміністак, якія змагаюцца са сваімі жаночымі праблемамі ў вымушанай эміграцыі, – шчыра запрашаем паслухаць гэты падкаст.
Text by Дар’я Гардзейчык