На працягу ўсёй
гісторыі чалавецтва людзі былі схільныя містыфікаваць усё, што адбываецца ў іх
жыцці. Прыродныя з’явы тлумачылі праявамі волі звышнатуральных постацяў, духаў,
багоў або ўчынкамі ведзьмароў ды вядзьмарак. Дагэтуль шмат хто верыць у
паранармальнае і шукае спосабы атрымаць падтрымку ў тагасветных сіл. Некаторыя
з нас скептычна ставяцца да магічных практык, але знаходзяць нешта цікавае і
эстэтычнае ў шоу з пошукам прыкмет звышнатуральнага або святкаванні містычнага
Хэлаўіна. І для тых, хто шчыра верыць у звышнатуральнае, і для тых, каму проста
падабаецца таямнічая эстэтыка, ёсць дзясяткі падкастаў з тэорыяй і практыкай
магіі. У нашу падборку не трапілі падкасты з урокамі варажбы і інструкцыямі, як
стаць вядзьмаркай, але трапілі падкасты пра гісторыю магіі з інтэрв’ю
спецыяліст_ак па гісторыі і антрапалогіі. Таму, у незалежнасці ад вашых
поглядаў на містычнае, вы зможаце знайсці нешта цікавае.
The History of Witchcraft («Гісторыя
Вядзьмарства»)
Наратыўны падкаст
маладога гісторыка Самюэла Хьюма (Samuel Hume) пра гісторыю пераследу
вядзьмарак і ведзьмароў у Еўропе. Нам можа стэрэатыпна падавацца, што вогнішчы
інквізіцыі – гэта цёмная сярэднявечная практыка, аднак спадар Хьюм паказвае,
што самыя страшныя працэсы над чараўні_цамі адбываліся ў новы час – у 16-17
стагоддзях. Падкаст пачынаецца з гісторыі стварэння знакамітага трактата
Malleus Maleficarum («Молат вядзьмарак») – вялікай «службовай інструкцыі»
каталіцкім святарам аб тым, як выяўляць, дапытваць і караць чараўніц.
У першым выпуску
вядоўца падкаста падрабязна расказвае, як аўтар трактата – інквізітар Генрыкус
Інстыторыс – зрабіў паляванне на вядзьмарак справай жыцця і чаму манах-дамініканец
раптам пачаў лічыць крыніцай магіі менавіта сексуальную энергію жанчын. Падкаст
працягваецца аповедам пра тое, як у часы рэфармацыі (і наступнай
контррэфармацыі) у Еўропе пачаліся масавыя забойствы жанчын, мужчын і дзяцей,
якіх вінавацілі ў адступніцтве ад царквы і сувязях з д’яблам.
Вядоўца
расказвае, як вядзьмарскія працэсы адбываліся ў Брытаніі, Нямеччыне і Расіі, як
мянялася стаўленне каталіцкай царквы да магіі і чаму ў сувязях з вядзьмаркамі
раптам пачалі вінаваціць мусульман, габрэяў і котак. Са скрупулёзнасцю
навукоўцы Самюэл Хьюм прыводзіць спасылкі на крыніцы да кожнага свайго тэзісу,
таму ў апісанні да выпускаў можна знайсці шмат цікавых даследаванняў і
навукова-папулярных кніг пра вядзьмарскія працэсы. У той жа час, калі адных
толькі крыніц бракуе, аўтар падкаста запрашае больш дасведчаных у асобных тэмах
кал_яжанак, каб больш дакладна паразмаўляць пра нейкі спецыфічны аспект
палявання на чараўні_ц.
Падкаст запісаны
на ангельскай мове.
Polowanie na wiedźmy («Паляванне на ведзьм»)
Дакументальны
аўдыясерыял польскага журналіста Міхала Матуса (Michał Matus). Спадар Міхал з
самага дзяцінства ад часу да часу сутыкаўся з магіяй. Напрыклад, з дзяцінства
ён ведаў, што існуюць ва ўсходняй Польшчы такія «шаптухі», якія карыстаюцца
магічнымі замовамі і хрысціянскай атрыбутыкай, каб дапамагчы людзям даць рады з
фізічным здароўем і псіхалагічнымі праблемамі. Таксама з вядзьмаркай быццам бы
сутыкаўся бацька Міхала: аднойчы, калі ён лёг спаць, у пакоі ўзнікла страшная
постаць чараўніцы, якая навалілася на няшчаснага і пэўны час не давала
паварушыцца.
Каб разабрацца з
тым, што ж гэта за з’ява такая, якая напаткала і Міхала, і яго бацьку,
журналіст бярэцца за расследаванне.
Розныя магічныя
культы, як хутка высвятляе Міхал, усё яшчэ жывуць і квітнеюць па ўсёй Еўропе.
Пры гэтым не ўсе тыя, хто займаюцца чарамі, лічаць сябе вядзьмар_камі: шмат для
якіх суполак магія – проста натуральная частка штодзённага жыцця.
Падчас сваёй
еўрапейскай вандроўкі Міхал сустракаецца з апошнімі вядзьмаркамі Каталоніі і
паўночнымі шаманамі, размаўляе з нашчадкамі жрацоў і вучыцца ратавацца ад
сурокаў. Паралельна з гэтым вядоўца бярэ каментар у спецыяліста_к па гісторыі і
псіхалогіі рэлігіі, якія тлумачаць з навуковага пункту гледжання, што ж ён
такое пачуў і пабачыў.
Яскравая дэталь
падкаста – арыгінальны саўнддызайн, праз які можна пачуць і гукі вогнішча
інквізіцыі, і вясковыя харавыя спевы, і замовы шаманак.
Першы выпуск
падкаста можна знайсці на YouTube-канале Audioteka, астатнія
выпускі – толькі ў аплікацыі Audioteka па падпісцы. Добрая навіна ў тым, што за
14 дзён пробнага перыяду якраз можна паспець паслухаць увесь падкаст.
Падкаст запісаны
на польскай мове.
Lore («Веда»)
Як кажа пра сябе
вядоўца падкаста Аарон Манке (Aaron Mahnke), ён вырас, перакананы ў тым, што
гісторыя – гэты нудны набор дат і імёнаў. Але потым журналіст высветліў, што
калі падыходзіць да прадмету з пункту гледжання фальклору і легенд, то ўсё
становіцца не такім нудным, як падавалася.
У кожным выпуску
падкаста Аарон расказвае нейкі гістарычны выпадак, які людзі ад пачатку
звязвалі з містыкай, але потым знаходзілі рацыянальнае тлумачэнне. Або не
знаходзілі. Жудасныя гісторыі пра спірытызм, вампіраў, ваўкалакаў і людзей,
якія рабавалі могілкі з наратыўнага падкаста ператварыліся ў аднайменны
дакументальны серыял ад Amazon.
Варта адзначыць,
што серыял насамрэч зроблены больш якасна, чым падкаст: дакументальныя
апавяданні перамяжуюцца мастацкімі сцэнамі, дзе акторы і акторкі разыгрываюць
апісаныя сцэны. Зразумела, дакументальнае кіно з тэатральнымі ўстаўкамі
выглядае значна больш прывабна, чым проста зачытванне тэкстаў пад адпаведна
трывожную музыку. За 8 гадоў існавання фармат падкаста не змяніўся: гэта ўсё
яшчэ страшныя гісторыі, якія чытае Аарон Манке, з музыкай на фоне.
Аднак Lore
застаецца культавай з’явай у падкастынгу, які збірае шматлікія ўзнагароды ад
падкаст-пляцовак, па якім пішуць кнігі і здымаюць серыял. Па-першае, праз
наватарскі падыход: ніхто раней не рабіў гістарычныя падкасты праз прызму
страшных гісторый. Па-другое, людзі любяць слухаць страшныя гісторыі, а ў
падкасце на дадзены момант іх ужо 238.
Калі вам напярэдадні
Хэлаўіна хочацца паслухаць падкаст, які нагадвае байкі каля вогнішча, шчыра
раім вам звярнуць увагу на Lore.
Падкаст выходзіць
на ангельскай мове.
Here Be Monsters («Тут быць монстрам»)
Аўтары падкаста
«Тут быць монстрам» таксама расказваюць страшныя гісторыі, аднак не
абмяжоўваюць сябе наратыўным фарматам.
Ад часу да часу
вядоўца сапраўды проста расказвае пра нейкую гістарычную падзею, у якой шмат невытлумачальнага
і містычнага. Аднак часцей да вядоўцы далучаюцца даследчы_цы і сведкі
паранармальнага, каб распавесці пра свой досвед сутыкнення з містыкай.
У 2012 годзе
журналіст Джэф Эмтман (Jeff Emtman) заснаваў «падкаст пра невядомае». Для Джэфа
менавіта такая шырокая рамка была зручнай, каб эксперыментаваць з фарматамі:
рабіць дакументальныя наратыўныя выпускі, інтэрв’ю, рэпартажы і нават аўдыяэсэ.
У выніку сярод
гэтай эклектыкі можна знайсці эпізоды пра рытуалы смерці варон, малітвы да
шатана, міф Ктулху і, раптам, інтэрнэт-махляроў.
«Тут быць
монстрам» гучыць нашмат больш цікава, чым Lore, нягледзячы на падабенства ідэй.
«Тут быць монстрам» звычайна аб’ядноўвае прамову вядоўцы, каментары эксперта_к
ці удзельні_ц нейкіх загадкавых выпадкаў, трывожную музыку, ілюстрацыйныя гукі
і нават фрагменты аўдыё з дакументальных здымак з месца падзей.
Таму калі вас
цікавяць не байкі ля вогнішча, а містычныя дакументалкі, варта паслухаць
менавіта гэты «Тут быць монстрам».
Падкаст выходзіць
на ангельскай мове.
History Extra («Гісторыя звыш»)
У межах
гістарычнага падкаста ад BBC «Гісторыя звыш» выйшлі два спецыяльныя выпускі,
прысвечаныя самаму містычнаму святу сучаснасці. Хаця вячоркі на Хэлаўіна зараз
праводзяць і ў Беларусі, у нас усё яшчэ існуюць пэўныя памылковыя стэрэатыпы
пра гэтае свята. Напрыклад, быццам бы Хэлаўін прыдумалі ў ЗША ўсяго некалькі
дзесяцігоддзяў таму.
Насамрэч, Хэлаўін
– старажытная традыцыя. Па адной з версій, гэта першапачаткова кельцкае свята
ўраджаю, якое ператварылася ў каталіцкі пярэдадзень Дня Усіх Святых. Праз
стагоддзі і капіталізацыю Хэлаўін ператварыўся ў тое, што мы пад ім разумеем
цяпер: фэст, падчас якога ўсе пераапранаюцца ў нячысцікаў і забаўляюцца.
Праз спецвыпускі
падкаста «Гісторыя звыш» вы даведаецеся, адкуль узяліся гарбузы з вачыма, што
такое ліхтарыкі Джэка, як хэлаўінскія вядзьмаркі ператварыліся ў сімвалы
пашырэння правоў і магчымасцяў жанчын і чаму прывіды носяць белыя прасціны.
Падкаст запісаны
на ангельскай мове.
Text by Дар'я Гардзейчык