Свята на вуліцы аматараў гістарычных
падкастаў: «Радыё Свабода» запусціла аўдыяшоу, што будзе цалкам прысвечана
навуцы, якой апеквалася старажытнагрэчаская муза Кліа і якую так любяць
перапісваць палітыкі па ўсім свеце.
«Гісторыя на Свабодзе» – гэта адказ на выклік
часу, калі краіны Ўсходняй Еўропы знянацку апынуліся на арэне, дзе
разгортваецца няхілы батл гісторый, і павінны зноў, як у XIX стагоддзі,
канцэптуалізаваць і вынаходзіць нацыі.
Фармат падкаста такі: да журналістаў
завітваюць беларускія і замежныя эксперты, якія здольныя падабраць слушныя
гістарычныя аналогіі да таго, што адбываецца цяпер. З гэтых размоў слухач_кі
даведаюцца шмат чаго новага пра айчынную і сусветную гісторыю, а таксама
атрымаюць пажытак для розуму, каб самастойна паразважаць над фактамі, якія ўжо
ведалі, з невідавочных ракурсаў. Асноўнай тэмай «Гісторыі на Свабодзе», са слоў
рэдактара праекта, доктара гісторыі Сяргея Абламейкі, стане «мінуўшчына
Беларусі вачыма беларусаў».
У першым выпуску сам Сяргей Абламейка выступае
як аўтар кнігі «Каліноўскі і палітычнае нараджэнне Беларусі». Ён разважае пра
беларускасць вядомага паўстанца, тлумачыць, адкуль у галовах паўстанцаў
паўстала такая краіна – Беларусь, расказвае, як Крэмль вядзе мэтанакіраваную
кампанію па «бандэрызацыі» вобраза беларускага змагара.
Падкаст «Гісторыя на Свабодзе» будзе выходзіць
два разы на тыдзень, па серадах будуць розныя размовы з экспертамі, а па
суботах плануюць трансляваць цыкл гутарак «Невядомы Менск. Гісторыя
зьнікненьня» паводле аднайменнай кнігі Сяргея Абламейкі, якая выйшла ў 2021
годзе і атрымала ў 2022-м літаратурную прэмію імя Ежы Гедройця. Першы эпізод у гэтай
серыі – пра Стары горад Менску і пра цывілізацыйную
прыналежнасць беларускай сталіцы.
Эпізоды «Гісторыі на Свабодзе» з’яўляюцца на вэб-сайце, на пляцоўках Apple Podcasts, Google Podcasts, Spotify, SoundCloud, Яндекс.Музыка, а таксама ў відэафармаце на YouTube.
Text by Zamandarin