Прафесійны(-ая) журналіст(-ка) ведае, што інтэрв'ю – гэта не геданістычная балбатня пра ўсё на свеце, а гісторыя пра канкрэтнага чалавека, яго прынцыпы і дасягненні. Каб гэтая гісторыя склалася як найлепш, да яе трэба сур’ёзна падрыхтавацца. Як? Давай па парадку.
Дакладна вызначы фармат гутаркі
Аб чым будзе ваша размова? Калі гэтага не ведаеш ты, гэтага тым больш не ведае твой(-ая) госць(-я), і, павер, ён(яна) можа неспадзявана павесці шоу ў такія нетры сэнсаў, што ніякая рэдактура драфт ужо не ўратуе.
Каб інтэрв’ю было моцным і цікавым, яно не павінна быць пра ўсё і адразу. Ты хочаш распытаць героя аб тым, як ён прыйшоў да сваёй gloria mundi? Або пагаварыць пра яго новую пласцінку? Ці спытаць, як ён ставіцца да нейкага трэнду або апошніх навін? Гэта ўсё розныя размовы.
Складзі папярэдні спіс пытанняў і выкраслі тыя, якія паварочваюць размову ў бок і не служаць галоўнай мэце. Можа здацца, што Джо Роган вядзе свой знакаміты падкаст на хаду, але гэта зусім не так. Уключы любы выпуск The Joe Rogan Experience і паназірай, у якіх рамках тут раскручвае думкі Джо.
Госцю таксама патрэбна давесці пра фармат. Важна, каб ён разумеў, як доўга вы будзеце пісацца, пра што нельга казаць, што за аўдыторыя будзе вас слухаць, калі выйдзе падкаст і гэтак далей – інфармуй пра ўсё, што можа быць карысным для таго, каб чалавек абраў рэлевантную сацыяльную маску і адаптаваў свае адказы ў патрэбны вайб.
Не забывайся на аўдыторыю
Хто лепш за цябе ведае твайго слухача? Толькі ты здагадваешся, якая інфармацыя тваёй аўдыторыі будзе цікавая, якая – зусім не, а якую гэтыя людзі хутчэй за ўсё ўжо ведаюць. Таму, калі ў асобе госця(-і) ёсць нешта дзіўнае для цябе і свету, але слухач да гэтага дзіўнага будзе абсалютна абыякавы, ігнаруй факт без шкадаванняў. Дапусцім, твой падкаст прысвечаны пытанням самаразвіцця, а твой госць у юнацтве займаўся даследаваннямі ўплыву храбусцення чыпсаў на аб’ёмы іх продажу. Пацешны факт, але і толькі.
Бліжэй пазнаёмся з госцем(-яй) перад інтэрв'ю
Некаторыя ключавыя пытанні можна задаць наўпрост. Як яго прадстаўляць? Чаму тэма падкаста яго чапляе? Як ён лічыць, чаму менавіта яго запрасілі пагутарыць пра гэта?
Далей – гуглі госця(-ю), прычым абавязкова занурайся далей першай старонкі выдачы, а таксама разглядай сацсеткі. Карысным будзе ўсё: ад іншага падкасту у гадзіну даўжынёй да маленькага паста ў Facebook, прысвечанага таму, як наш герой перажывае пачатак восені. Тое, што ён(яна) рэпостнуў(-ла) апошнім часам, – ідэальная нагода пабудаваць размову вакол таго, што чалавека хвалюе ў моманце.
Калі чалавек ужо прыходзіў у іншыя падкасты або на ютуб-шоу, ты зможаш даведацца, якія тэмы яго ажыўляюць, а дзе ён відавочна пачынае сумаваць. Адразу можна выкрасліць пытанні, на якія чалавек адказаў штампам ці не адказаў наогул. Абавязкова звяртай увагу на супярэчнасці ў самапрэзентацыі і фразах: любая дваістасць – ключ да разумення базы, на якой грунтуецца гэтая асоба.
Калі госць(-я) ідзе на шоў з мэтай прасунуць свой новы інтэлектуальны прадукт, табе варта з ім азнаёміцца. Нават калі гэта кніга памерам з «Чароўную гару» Томаса Мана – ну хоць бы па дыяганалі. Госць(-я) абавязкова ацэніць твой узровень падрыхтоўкі і шчырую (толькі так!) чалавечую ўвагу. Дасягненні госця ўвогуле важныя для размовы, але тут важна не сысці ў кампліментарную патаку: шоу, дзе інтэрв'юер ёсць спойлерам для самалюбавання госця, – адны з горшых шоу ever.
Падрыхтуй прадстаўленне госця(-і)
Заўсёды можна аддаць гэта яму або ёй на водкуп ці скапіраваць нейкае about me з інтэрнэту, але як мінімум выйдзе шаблонна, а як максімум – не ляжа ў фармат твайго падкаста. Загадзя удакладні ў госця(-і), як яго(яе) прадставіць, выбяры з гэтага прынцыпова важнае, а іншае закрэатыў самастойна, пазначыўшы кропкі, якія патэнцыйна здольныя зачапіць тваіх слухачоў.
Добра падумай над пытаннямі
Калі ты спытаеш тое ж, што пытаюцца ўсе, ты, хутчэй за ўсё, атрымаеш у адказ адпрацаваную нарыхтоўку. Вядучая Inside Podcasting Скай Пілсберы шэрыць такія лайфхакі для прыдумляння пытанняў: «Я намагаюся адказаць на пытанні, якія ім задавалі раней, і зрабіць яшчэ адзін крок наперад. Напрыклад: “Я чула, як вы сказалі X, але я не зразумела Y. Ці не маглі б вы расказаць пра гэта крыху падрабязней?”». Фармулюючы пытанні такім чынам, ты адразу пераскокваеш тое, што госць(-я) казаў(-ла) раней, а заадно мякка дэманструеш яму(ёй), што сачыў(-ла) за яго(яе) дзейнасцю.
Пытанняў можна нарыхтаваць шмат, але ў цябе павінна быць тэматычнае ядро, вакол якога ўсё і закруціцца. Лепш, калі ты задасі менш пытанняў, але госць(-я) раскрыецца як кветка, чым ты задасі ўсё чаргой у духу «анкеты Пруста». Калі нейкія пытанні так і не прагучаць, не бяда. Галоўнае, каб гісторыя склалася.
Адразу варта адсекчы агульныя пытанні (лепш удакладняй: «як?», «навошта?» «чаму?»). Далей выкрэсліваем пытанні, на якія можна адказаць «так» або «не». У сметнік ідэй пуляем і навадныя пытанні: замест «Гэтая сітуацыя выклікала ў вас гнеў?» спытай «Якія эмоцыі выклікала ў вас гэтая сітуацыя?». Сэнс не ў тым, каб пахваліцца веданнем душы суразмоўцы. Сэнс у тым, каб ён сам пра сваю душу распавёў.
Некаторыя падкастары грашаць вадаспадам пытанняў, аб'ядноўваючы некалькі ў адзін. З аднаго боку, госць можа на нейкі з іх у выніку не адказаць, а паўтараць яго будзе ўжо не вельмі ок. З іншага – можа ўзнікнуць сітуацыя, калі госць выбухне маналогам на дваццаць хвілін з лірычнымі адступленнямі. А перабіваць – благі тон, так што сядзі ды локці кусай.
Чаргуй вострыя пытанні з больш лайтовымі. Гэта надасць інтэрв’ю дынаміку. Калі выкласці слухачу самы сок на першых хвілінах, а потым яго забаюкаць, то не чакай захапленняў ад эпізоду. Яго, можа, нават не даслухаюць.
Занатуй пытанні ў зручным выглядзе
Аўдыяэкспертка Рэйчал Корбет працуе з пытаннямі так: спачатку запісвае пытанні цалкам, потым укарочвае іх без страты сэнсу, далей прабягаецца па іх яшчэ раз, каб тлустым шрыфтам вылучыць ключавыя словы ў кожным пытанні, а ў фінале набірае дакумент буйным шрыфтам, каб падчас размовы можна было хутка ўлавіць ў нататках патрэбнае, не губляючы глядзельнага кантакту з госцем. Можна пераняць такі падыход ці выпрацаваць свой. Галоўнае, каб ты не заліпаў(-ла) вачыма ў тэлефоне ці нататніку.
Заставайся гнуткім(-ай)
Некаторыя інтэрв'юеры так жорстка ідуць па спісе пытанняў, што нейкія думкі госця застаюцца нераскрытымі. Калі проста зачытваць спіс пытанняў, глыбокай гутаркі не атрымаецца. Добры інтэрв'юер абавязкова паддаецца плыні размовы і практыкуе актыўнае слуханне. Ён паглыбляе адказы госця: той апісаў нешта ў агульных словах – значыць наверх варта ўдакладніць: «А як менавіта?», «А чаму так?», «Прывядзіце прыклад, калі ласачка». Галоўнае – намацаць тое месца, з якога адкрываецца глыбіня, і не баяцца даць у яе нырца.
Трымай пытанні ў галаве, каб можна было задаць іх тады, калі яны будуць дарэчныя, а не па парадку. Калі размова пойдзе ў іншае рэчышча, але яно адпавядае твайму фармату і ў госця гараць вочы, не разбівай гэтую хвалю аб хвалярэз. Але калі госць(-я) сплывае ў іншыя акіяны, не саромейся вярнуць размову да таго, што будзе цікава тваім слухачам, а не толькі маме твайго суразмоўцы.
Успрымай спіс пытанняў як зацішную гавань, у якую заўсёды можна вярнуцца. Але паркаваць у ёй яхту, калі дзьме вецер, – вялікая памылка.
Настройся менш гаварыць пра сябе
Калі па фармаце твой падкаст – гэта менавіта інтэрв'ю, а не размова на роўных, то скарачай сваю прысутнасьць у эфіры да здаровага мінімуму. Пытанні павінны быць кароткімі, яснымі, без перадгісторый і доўгіх асабістых разважанняў: «Калі я хадзіў(-ла) у пяты клас, у мяне была настаўніца такая строгая, яна любіла моцную гарбату і Янку Брыля...».
Многія падкастары грашаць размовамі пра сябе. Але праўда ў тым, што нават калі ты інтэрв'юер з велізарнай аўдыторыяй фанаў і пераймальнікаў, людзі ўсё роўна жадаюць слухаць госця, а не цябе. Успомні любога папулярнага інтэрв'юера, якога ты любіш, – пра яго асабістае ты ведаеш у гомеапатычных дозах.
Прааналізуй свае папярэднія запісы
Толькі паслухаўшы сябе, ты даведаешся, як часта ў тваю прамову залятаюць «тыпу», «карацей» і «ўвогуле». А даведаўшыся – пазбавішся. Звярні ўвагу на занадта доўгія пытанні і на пасажы, на якія госць ніяк не адрэагаваў, – гэта тыя самыя моманты, калі «эга» хаста захапіла эфір і пара было яго трохі астудзіць. Для большай упэўненасці прапампоўвайся парадамі паспяховых падкастараў: вось, напрыклад, процьма карыснага ад Крыса Уільямсана, вядучага Modern Wisdom. Але будзь асцярожны(-ная), каб не запапугайнічаць, пераймаючы чужую манеру інтэрв'юіравання.
Загадзя адышлі пытанні госцю(-і)
Ты можаш да пары схаваць ад яго(яе) нейкія вострыя козыры, але асноўная канва павінна быць зразумелая. Чалавеку цяжка з ходу ўспомніць гісторыі, факты, дэталі. Дай час на паразважаць – і ты атрымаеш сапраўдную прыгажосць думкі.
Зрабі прастору запісу камфортнай
Госцю(-ці) павінна быць зручна сядзець. У яго(яе) павінна быць вада (а можа, і кава, удакладняй). Яму павінна быць зразумела, як трымацца ля гэтага мікрафона. У ідэале ў вас павінны быць час, каб нязмушана пабалбатаць да запісу. Калі ў гэты час госць нагаворыць нешта цікавае, ты цалкам можаш вярнуцца да гэтага падчас запісу, але не забывай даваць слухачу кантэкст: «Калі вы прыйшлі ў студыю, вы распавялі пацешную штуку...».
І трымайся ўпэўнена. Цяжка распавядаць гісторыі чалавеку з запацелымі падпахамі і дрыжачым голасам.
Text by zamandarin