На платформе «Кніжны воз», якая стварае аўдыякнігі для дзяцей і дарослых, пабачыла свет беларуская версія сусветна вядомага шэдэўра англійскага пісьменніка Алана Мілна «Віня-Пых».
Плюшавы мішка Віня-Пых быў названы імем сапраўднай мядзведзіцы па мянушцы Вініпег (Віні), якая жыла ў 1920-х гадах у Лонданскім заапарку. Віня-Пых – наіўны, лагодны і сціплы Мядзведзік. Яго ўлюбёныя заняткі – складаць вершы і есці мёд. Пыха «палохаюць доўгія словы», ён забыўлівы, але нярэдка ў яго галаву прыходзяць бліскучыя ідэі.
Першая частка кнігі пра мядзведзіка была адаптаваная з апавядання «Падазроныя Пчолы», апублікаванага ў «London Evening News», у час Божага Нараджэньня 1925 году. А вось цяпер, амаль праз 100 гадоў, выйшла першая аўдыёверсія кнігі пра Віня-Пыха на беларускай мове. Паслухаць можна на сайце «Кніжнага возу» або ў мабільнай аплікацыі платформы.
Кнігу агучвалі акторы Андрэй Мілюхін, Андрэй Дробыш, Алег Гарбуз і Крысціна Дробыш. Яна стала першай на платформе, якая была цалкам створана пры дапамозе слухачоў і сябраў праекту. 
«Для нас у "Кніжным возе" важна, каб у любой кропцы свету дарослы або дзіцёнак мог адкрыць аплікацыю, уключыць кнігу і паслухаць, як Віня-Пых гаворыць па-беларуску», – кажа Крысціна Дробыш.
Апроч «Віня-Пыха», у «Кніжным возе» можна знайсці народныя казкі, творы Ўладзіміра Караткевіча і Андрэя Скурко, а таксама пераклады Марка Твэна, аўтара «Хронік Нарніі» Клайва Льюіза і «Прыгодаў Шэрлака Хомса» Артура Конана Дойла.
Дзейнасць «Кніжнага возу» можна падтрымаць як разава, так і на сталай аснове вось па гэтай спасылачцы.
Text by Belarus Podcast Hub