Гістарыня-археалагіня Вікторыя Тарасевіч ужо пяты год вядзе інстаграм пра раскопікі, валанцёрства ды гісторыю «Крывіцкі край», і вось нарэшце праект заходзіць у аўдыяфармат.
У першым эпізодзе шоу «Крывіцкі край» слухач_кі пад утульны трэск вогнішча пазнаёмяцца з мемуарамі Іны Рытар, удзельніцы археалагічнай экспедыцыі па даследаванні палеалітычнай стаянкі Бердыж (пэўна, памятаеш тапонім са школьных урокаў гісторыі). Экспедыцыя тая адбылася ажно ў 1928 годзе.
Іна Рытар (у апошнім замужжы – Каханоўская) – беларуская пісьменніца і мемуарыстка, працавала пад псеўданімам Аляксандра Саковіч. Яна нарадзілася ў 1906 годзе ў Адэсе, з 1921-га жыла ў Менску, дзе вучылася ў Беларускім педагагічным тэхнікуме, а потым скончыла гістарычнае аддзяленне педфакультэта БДУ і засталася ў ім выкладаць. Падчас вучобы Іна сябравала з беларускімі археолагамі і ганяла з імі на раскопкі як валанцёрка. Гэты досвед Рытар зафіксавала ў творы пад назвай «Мой удзел у археалагічнай экспедыцыі». У падкасце яго начытваюць з «Гістарычна-археалагічнага зборніка» № 9, 1996 года.
Цікава, што Іна Рытар на свае вочы бачыла Янку Купалу, Якуба Коласа, Змітрака Бядулю ды іншых зорак – пра іх яна таксама пакінула ўспаміны. А ўвогуле лёс пісьменніцы быў няпросты, за свае 90 гадоў яна пабачыла шмат гора. Яе першы муж быў рэпрэсаваны і загінуў на Калыме. Рытар вярнулася ў Беларусь, але тут на нашы землі прыйшлі немцы. У акупацыі Рытар першыя гады выкладала ў Наваградскай настаўніцкай семінарыі, пазней апынулася ў Заходняй Еўропе, у Баварыі. Там у няшчасным выпадку загінула яе дзевяцігадовая дачка (сын-першанец памёр яшчэ раней). У 1950-м Рытар эмігравала ў ЗША, дзе вяла актыўнае навуковае і грамадскае жыццё. Памерла ў Кліўлендзе ў 1997 годзе, там і была пахаваная.
Пасля ўспамінаў Іны Рытар у падкасце «Крывіцкі край» можна будзе пачуць гісторыі іншых валанцёраў археалагічных экспедыцый – розных часоў і ў розных лакацыях. А калі зацікавішся тэмай раскопак усурьёз, паслухай таксама выпуск падкаста «Так склалася гістарычна», госцяй якога стала Вікторыя Тарасевіч. Размова там ідзе пра курганы і пахавальную культуру беларусаў, а таксама ўпрыгожванні крывічанак. Не абыйшлося без археалагічнык баек. Гучыць усё гэта інтрыгуюча, так што калі табе раптам захочацца паваланцёрыць на раскопках – мы тут не вінаватыя. Мы цябе папярэджвалі!
Text by Zamandarin