Выдавецтва Litaralna плануе алічбоўваць і агучваць значныя творы беларускай літаратуры, старыя газеты і часопісы, заканадаўчыя акты і апублікаваныя прыватныя лісты. «Асаблівую ўвагу мы звяртаем на сучасных беларускіх аўтараў, бо менавіта яны развіваюць нашу мову, робяць яе жывой і лёгкай» – кажуць пра сваю місію стваральні_цы на старонцы праекта.
«Ідэя выдавецтва нарадзілася з таго, што я сам даўно і шмат слухаю аўдыякніжкі на прагулках, у паездках. Але ў нейкі момант я заўважыў, што ў вялікай колькасці важных для беларусаў літаратурных твораў яшчэ няма аўдыяверсій. Мы сустрэліся з сябрамі і вырашылі, што можам разам зрабіць добрую справу для сябе і іншых», – цытуе Уладзіміра Пугача CityDog.
На сайце Litaralna і на іх YouTube-канале ўжо можна паслухаць тры фундаментальныя для беларускай культуры аўдыякнігі: легендарнае філасофскае эсэ «Адвечным шляхам» Ігната Абдзіраловіча, першы грамадска-палітычны раман у Беларусі «Аповесць з майго часу, альбо Літоўскія прыгоды» Ігнація Яцкоўскага і знакамітую «Кароткую гісторыю Беларусі» Вацлава Ластоўскага.
Кнігі «гавораць» знаёмымі для большасці беларуса_к галасамі: іх чытаюць радыёвядоўца Аляксандр Памідораў і «купалавец» Алег Гарбуз.
Litaralna размяшчае матэрыялы ў вольным доступе, але вы можаце падтрымаць праект на Patreon, праз PayPal або праз банкаўскі пералік. Рэквізіты можна знайсці на сайце выдавецтва.
Праект рэалізуецца пра падтрымцы польскай фундацыі Życie.
Text by Дар'я Гардзейчык