Праваабаронцы – людзі, пра існаванне якіх
некаторыя з нас даведаліся толькі ў 2020 годзе. Мы рэгулярна чыталі сайт
праваабарончага цэнтру «Вясна», бачылі яго прадстаўні_ц у прамых эфірах і так
зразумелі, чым займаецца гэта старая буйная арганізацыя. У 2022 годзе мы зноў
згадалі «Вясну», калі Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру.
Хаця апошнія некалькі гадоў да нас так ці інакш далятаюць навіны, звязаныя з
праваабаронай і праваабаронцамі, дагэтуль часта мы не зусім разумеем, чым гэтыя
самыя праваабаронцы насамрэч займаюцца і як дзейнасць праваабарончых
арганізацый уплывае на нашае жыццё. На гэтыя складаныя пытанні адказваюць сам_і
прадстаўні_цы такіх арганізацый у падкастах, якія прысвечаныя праваабароне.
Вясна прыйдзе
Пра гэты падкаст
мы рабілі вялікі артыкул, дзе размаўлялі з аўтаркай «Вясна прыйдзе» Кацярынай.
Кацярына пачала выпускаць падкаст у красавіку 2020 года. Тады яе мэтай было
распавесці пра некаторыя «лакуны» жыцця ў Беларусі, пра якія мала хто ведае,
але ў якіх часам адбываюцца жудасныя і абсурдныя пры гэтым рэчы. Першыя выпускі
Кацярына прысвяціла якраз такім «лакунам»: разам з праваабаронцамі «Вясны»
распавядала пра прававы стан людзей з інваліднасцю ў Беларусі, пра феномен лячэбна-працоўных
прафілакторыяў і пра смяротнае пакаранне, якое дагэтуль існуе ў Беларусі.
Пасля жніўня 2020
года падкаст моцна змяніўся. Выпускі Кацярына стала прысвячаць рэпрэсіям, умовам
утрымання ў турмах, побыту палітзняволеных і самым абсурдным судовым працэсам.
Кожны выпуск
падкаста – складаны наратыўны твор, дзе Кацярына размаўляе з удзельні_цамі
падзей, эксперт_камі і праваабаронцамі, дадае фрагменты запісаў падзей, нешта
каментуе сама. У выніку кожны выпуск становіцца не проста размовай з некалькімі
людзьмі, якія маюць асабістыя меркаванні, а сапраўдным дакументальным творам,
дзе адбіваецца беларуская рэчаіснасць.
Падкаст выходзіць
на беларускай мове.
Rights Now!
Rights Now! –
гэта ўкраінскі праваабарончы падкаст, які падымае тэму правоў чалавека падчас
вайны. Можа падавацца, што падчас вайны галоўнае – перамагчы ворага любым
коштам, а правы чалавека – нешта, чым трэба займацца ў мірны час. Аднак
праваабаронцы, якія прымаюць удзел у падкасце, даводзяць, што гэта не так, і
няма аніякага «лепшага часу», каб змагацца за правы чалавека.
Напрыклад, правы
вайскоўцаў, якія аднаўляюцца пасля раненняў і мусяць змагацца з украінскай
бюракратыяй. Праваабаронцы маюць некаторую колькасць парад для дзяржавы, як
можна было б аптымізаваць працу з параненымі ваярамі. Таксама ў падкасце
абмяркоўвалі, напрыклад, феномен псіхалагічнай абароны і гумару, якому быццам
бы не мусіць быць месца падчас вайны. Асобны выпуск прысвечаны юрыдычнаму боку
кваліфікацыі злачынстваў расейскіх вайскоўцаў і таму, чаму менавіта па кожным
такім факце праводзіцца асобнае следства.
Падаецца, што
досвед праваабароны падчас вайны – занадта спецыфічны, аднак менавіта ён
яскрава паказвае, што правы чалавека не губляюць сваёй значнасці ніколі, нават
калі краіна сутыкаецца з агрэсіяй.
Падкаст выходзіць
на ўкраінскай мове.
Po stronie wolności. Podcast o prawach człowieka
Po stronie
wolności. Podcast o prawach człowieka (На баку свабоды. Падкаст аб правах чалавека)
– гэта падкаст Хельсінскай фундацыі правоў чалавека ў Польшчы. Польскія
праваабаронцы апошнія гады кажуць пра сітуацыю з правамі чалавека з моцнай
занепакоенасцю, таму гэты падкаст – спроба асэнсаваць сучасны стан
узаемаадносін польскай дзяржавы і польскага грамадства.
Падкаст дае слова
эксперт_кам у розных галінах права, каб у простай форме растлумачыць, якія ў іх
прэтэнзіі да гэтай самай польскай дзяржавы.
Напрыклад, чаму
журналіст_кі часта вінавацяць суды ў палітызаванасці. Або чаму польскія актывіст_кі
кажуць пра канфлікт польскіх уладаў і Еўрасаюза, і ў чым сутнасць
непаразуменняў паміж Польшчай і ЕС. Таксама праваабаронцы выступаюць з крытыкай
заканадаўства, якое робіць недастаткова для абароны правоў ЛГБТК+ людзей, а
экперт_кі ў вобласці псіхалогіі разважаюць на актуальную для Беларусі тэму –
паходжанне паліцэйскай жорсткасці.
Для беларускіх
слухач_ак можа быць нават дзіўна, як праблемы ў дэмакратычнай Польшчы могуць
быць так падобныя на некаторыя праблемы ў Беларусі. Напрыклад, чаму польскія
палітыкі часта называюць ЛГБТК+ супольнасць ідэалогіяй і як праз гэта
знаходзяць падставы для дыскрымінацыйных законаў.
Беларускае
крымінальнае заканадаўства крытыкуюць у тым ліку за занадта суворую
наркапалітыку, але і польскія праваабаронцы лічаць сваё нацыянальнае
заканадаўства занадта жорсткім у тым, што датычыцца «наркатычных» артыкулаў.
Больш за тое, праваабаронцы лічаць, што такая жорсткасць выгадная палітыкам з
аўтарытарнымі схільнасцямі. Калі вы валодаеце польскай мовай у дастатковай
ступені, вельмі карысна будзе паслухаць гэты падкаст і ўсвядоміць, як шмат
агульнага мы насамрэч маем з краінай ЕС.
Падкаст выходзіць
на польскай мове.
Witness
Witness
(Сведчанне) – падкаст сусветнай праваабарончай арганізацыі Amnesty
International, зроблены як сапраўдны тру-крайм падкаст. Кожны эпізод – гісторыя
аднаго расследавання, якое праводзілі супрацоўні_цы Amnesty International.
Напрыклад, гісторыя пра тое, як невядомыя асобы зрабілі спробу дыстанцыйна
атрымаць доступ да тэлефона праваабаронцы. Гісторыя пра кібербяспеку раптам
ператварылася ў доўгую сацыяльную драму пра тое, як урады і карпарацыі па ўсім
свеце імкнуцца сачыць за журналіст_камі і праваабаронцамі, якія выкрываюць
парушэнні і злачынства.
Таксама некаторыя
эпізоды прысвечаны асобным расследаванням праваабаронцаў, якія займаюцца
менавіта такімі справамі. Напрыклад, дакументацыяй злачынстваў у зоне вайсковых
дзеянняў.
Каштоўнасць
падкаста ў тым, што ён паказвае ўнутраную «кухню» працы праваабаронцаў. Як яны
дазнаюцца аб тым, што здарылася нешта падобнае да парушэння правоў чалавека? Як
збіраюцца ў вандроўку ў зону ваенных дзеянняў? Што адчуваюць, калі даводзіцца
сядзець у офісе і пасіўна назапашваць інфармацыю аб тым, што недзе адбываюцца
пратэсты, прыродныя катастрофы ці масавыя забойствы?
Акрамя таго, менавіта
дзякуючы падкасту, можна ўсвядоміць наколькі мы, беларус_кі, не самотныя ў
сваёй барацьбе з дыктатурай. Па ўсім свеце шмат аўтарытарных рэжымаў, якія
брутальна прыціскаюць грамадзянскую супольнасць, ініцыююць войны і ігнаруюць
усе міжнародныя законы і пагадненні. Складаецца адчуванне, што аўтар_кі і
ўдзельні_цы падкаста «Сведчанне» сапраўды далі б рады разумець нас, беларус_ак,
у нашых праблемах, калі б нам давялося паразмаўляць.
Падкаст выходзіць
на ангельскай мове.
Вясна
Гаворка пойдзе не
пра падкаст у чыстым выглядзе, але пра радыёперадачу. Праграма «Вясна»
выходзіць на «Радыё Рацыя» штотыдзень. На працягу ўжо некалькіх гадоў «Радыё
Рацыя» рэгулярна расказвае пра стасункі асобы і дзяржавы ў Беларусі і па ўсім
свеце.
«Вясна» значна
адрозніваецца ад падкаста «Вясна прыйдзе». Радыёпраграма больш дынамічная і
фармальная, а гаворка вядоўцы не мае эмацыйнай афарбоўкі. Кожны выпуск
складаецца з некалькіх асобных рубрык, дзе знаходзяцца і апошнія навіны з
галіны праваабароны, і статыстычныя дадзеныя, і экспертныя каментары.
Не варта думаць,
што ў праграме змешчаныя выключна жахлівыя навіны пра неправамоцныя арышты.
Амаль у кожным выпуску знаходзіцца рубрыка, прысвечаная прэзентацыі кнігі
праваабаронцы, выставы палітзняволеных мастакоў і акцыі памяці беларускіх
пісьменні_ц, якія таксама ў свой час былі палітзняволенымі.
Відавочны плюс
праграмы «Вясна» палягае ў тым, што яе можна слухаць стабільна кожны тыдзень і
заставацца ў курсе сусветных праваабарончых навін. Выпускі публікуюць на
SoundCloud, на сайце «Радыё Рацыя» або ў тэлеграм-канале праваабарончага цэнтру
«Вясна».
Праграма
выходзіць на беларускай мове.
Text by Дар'я Гардзейчык