Беларускі музычны ландшафт узбагаціўся свежым журналісцкім праектам: каманда Radio Plato запусціла шоу Newsroom – штотыднёвую перадачу пра новую беларускую музыку. Расказваем, чаму варта зацікавіцца гэтым праектам.
Раз на тыдзень, па чацвяргах, у эфіры Radio Plato гучыць гадзіна выключна беларускай (альбо да якой беларусы маюць дачыненне) музыкі. Апроч яе, прадзюсары шоу просяць запісаць галасавыя каментары саміх музыкаў – атрымліваецца такі 3in1: можна не толькі пазнаёміцца з самой музыкай, але і пагрузіцца ў кантэкст, а таксама з першых вуснаў ад музыкаў дазнацца пра канцэпцыю альбома, канцэртныя планы на лета альбо проста пачуць голас сваіх любімых артыстаў.
«Мы бачым, што ў беларускай музычнай сцэне зараз адбываецца шмат класных рэчаў, і мы, са свайго боку, хочам пра гэта расказваць, а таксама збіраць інфармацыю ў адным месцы і фіксаваць для нашчадкаў», – каментуюць стваральнікі праекта. 
У дадатак выпускі выходзяць на англійскай мове з усімі спасылкамі на рэлізы, што дазваляе мець заўжды ў кішэні гатовы адказ сябрам-замежнікам на пытанне: «Што новага паслухаць з беларускай музыкі».
Text by