Не сакрэт, што медыя моцна ўплываюць на нашу свядомасць. Падкасты – адзін з відаў медыя, і яны таксама маюць свой уплыў. Да таго ж, падкасты адрозніваюцца праз сваю дасяжнасць. Падкасты можна слухаць у дарозе ці падчас працы. Для вытворцаў жа падкасты даволі танныя. Праз усё гэта менавіта падкасты – гэта адна з найлепшых пляцовак, каб дыскутаваць наконт будучыні краіны, займацца асветай і даваць прастору для людзей з рознымі пунктамі гледжання на адную і тую ж праблематыку. То-бок прасоўваць дэмакратычныя каштоўнасці. Разам з платформай «Новая Беларусь» прадстаўляем вам падборку падкастаў, якія, на наш погляд, ужо зрабілі шмат для дэмакратызацыі Беларусі.
Гісторыя беларускага мастацтва
Падкаст ад вядомых 34mag і 34travel. Гэта падкаст пра выяўленчае мастацтва – то бок пра карціны. Дарэчы, у беларускай мове мастацтва – гэта і ўся творчасць у шырокім сэнсе, і канкрэтна маляванне. Гісторыя беларускага мастацтва – менавіта пра развіццё малявання на беларускіх землях.
Падкаст пачынаецца з царкоўнага мастацтва – фрэсак і абразоў, а канчаецца сучасным постмадэрнізмам. Усяго ў падкасце 8 выпускаў, але ў плэйлісце на любой падкаст-пляцоўцы вы знойдзеце аж 16. Справа ў тым, што падкаст двухмоўны: кожная тэма раскрывалася на беларускай і расейскай мовах.
У «Гісторыі беларускага мастацтва» неймаверны саўнд дызайн. Па ходу аповеду на фоне гучыць то арганная музыка, то класічныя партыі скрыпкі, то электронная музыка. Ад часу да часу ў апавяданні ўзнікаюць гукі крокаў па каменнай падлозе, іржанне каня і нават шэпт анёла. У выніку ўзнікае такое адчуванне прысутнасці, быццам ты бачыш тыя карціны на ўласныя вочы. 34mag і 34travel паказалі выдатны прыклад таго, што падкаст можа быць нават пра візуальныя рэчы.
Вясна прыйдзе
Падкаст праваабарончага цэнтру «Вясна», які спалучае праваабарончы кантэнт і гісторыі з асабістага досведу людзей, якія жывуць у рэпрэсіўнай краіне. Першапачаткова падкаст быў пра тыя лакуны беларускага жыцця, пра якія мала хто ведае, а там тым часам адбываюцца жудасныя і пры гэтым абсурдныя рэчы: стаўленне да людзей з інваліднасцю, заканадаўчыя абмежаванні для людзей з псіхічнымі захворваннямі, існаванне так званых ЛТП, умовы ў ЦІП і ІЧУ.
Пасля выбараў 2020 года падкаст змяніўся. Тэмамі выпуску сталі рэпрэсіі, суды па адміністратыўных артыкулах, масавыя арышты, ліквідацыя НКА, досвед людзей, якія адбылі тэрміны і выйшлі на волю.
«Вясна прыйдзе» — адначасова і фіксацыя часу, і цікавы дакументальны серыял.
Ещё теплее
Падкаст школы «Экаідэі» пра розныя экалагічныя праблемы, якія нас атачаюць. Гэта якасна зроблены наратыўны падкаст, дзе кожны эпізод прысвечаны адной экалагічнай праблеме, і яны сапраўды зацягваюць. У кожным выпуску ёсць і галасы эксперт_ак, якія выказваюцца пра тую ці іншую з’яву з пункту гледжання навукі, і простых «абывацел_ек», якія намагаюцца выжыць у гэтым складаным свеце экалагічных і розных праблем.
Напрыклад, адзін з апошніх эпізодаў прысвечаны грынвошынгу – з’яве, калі бізнесоўцы ў маркетынгавых мэтах абвяшчаюць, што іхныя прадукты «экалагічныя» ці «зялёныя», а насамрэч – гэта зусім не так. Выпуск нагадвае нават дэтэктыўную гісторыю і праграму «Рэвізор» адначасова: вядоўца накіроўваецца ў супермаркет, каб праверыць, ці сапраўды прадукты з ганарлівым надпісам Eco на ўпакоўцы такія ўжо прыязныя для прыроды. Паралельна з гэтым у выпуску ёсць экспертныя каментары пра сутнасць з’явы «грынвошынг», гісторыю гэтай пачварнай маркетынгавай стратэгіі і метадах барацьбы з ёю.
У іншых выпусках, вы можаце даведацца пра тое, як звязаны эка-актывізм і фемінізм, што такое экамастацтва, якая сувязь паміж нашым штодзённым хлебам і глабальным пацяпленнем, і якія складанасці ўзнікаюць для экалагічнага ладу жыцця, калі ў сям’і з’яўляецца дзіцё.
Editorial Podcast
«Рэдактарскі падкаст», які вядзе рэдакцыя Radio Plato. Вядоўцы размаўляюць з беларускімі творцамі наконт музыкі, жыцця, фатаграфіі, кулінарыі, садоўніцтва, гумару, кіно, тэлебачання, піва, дыджэінгу, eжы, падарожжаў і шмат чаго яшчэ.
Нягледзячы на такое несур’ёзнае самаапісанне, падкаст – свайго роду дакумент эпохі, да якога варта звяртацца, калі цікава прасачыць, як развіваецца беларуская музыка ў сучасных складаных умовах.
Акрамя таго, у «Рэдактарскі падкаст» заходзяць шмат творцаў, якія не шырока вядомая беларускай публіцы, але заслугоўваюць увагі да сваёй творчасці.
ДК Борщевика
«ДК Борщевика» – гэта падкаст, які робяць удзельні_цы квір-арт згуртавання з іранічнай назвай «Красный Борщевик».
Першапачаткова гэта падкаст пра квір-мастацтва. У першым сезоне ўдзельні_цы «Красного Борщевика» размаўлялі з квір-людзьмі і іх паплечні_цамі, каб запоўніць культурныя прабелы і надаць бачнасць гэтай частцы беларускай культуры.
Нядаўна выйшаў новы сезон, прысвечаны квір-гісторыі Беларусі. Праз яго можна даведацца пра тыя фестывалі, прайды, медыя, фільмы і даследаванні пра беларускую квір-супольнасць, якія існавалі на працягу сучаснай гісторыі краіны.
Утульны горад
Падкаст, у якім Дар'я Гардзейчык разбірае складаныя ўрбаністычныя пытанні, каб на прыкладзе Горадні высветліць, як зрабіць беларускія гарады ўтульнымі.
Вядоўца размаўляе з навукоўцамі і актывіст_камі пра разнастайныя пытанні, датычныя кіравання горадам. Падкаст асэнсоўвае гарадскія праблемы з самых розных бакоў: сацыяльных, экалагічных, архітэктурных і гістарычных. Спектр гэтых пытанняў вельмі шырокі: ад азелянення вуліц да захавання гісторыка-культурнай спадчыны.
Поставили. Сняли
«Паставілі. Знялі» – гэта пра гісторыю беларускага кіно, тэатру, музыкі і фатаграфіі. Падкаст асвятляе самыя розныя тэмы: ад кінаклубаў у дзевяностыя да беларускіх дакументалак у шасцідзясятыя.
Напрыклад, у першых пяці выпусках падкаста мы дазнаемся пра гісторыю тэатральнага мастацтва незалежнай Беларусі. Зазірнуць за заслону Купалаўскага тэатру, Беларускага дзяржаўнага тэатру лялек і Драматычнага тэатру Якуба Коласа дапамагаюць тэатральныя крытыкіні Людміла Грамыка і Ксенія Князева. Праз размовы дзвюх інтэлігентных адукаваных, але зусім не напышлівых і не нудных жанчын, мы дазнаемся пра ўнутраныя працэсы, якія адбываюцца ў беларускім тэатральным мастацтве апошнія 30 год. Акрамя таго, крытыкіні запрашаюць у якасці жывых сведак падзей вядомых рэжысёраў, якія на ўласныя вочы бачылі ўсю драму беларускіх тэатраў.
Курсы лекцый і падкасты Лятучага ўніверсітэта
Лятучы ўніверсітэт – гэта ініцыятыва па стварэнню руху вольнага мыслення ў Беларусі. Так кажуць пра сябе самі стваральнікі. Фактычна, Лятучы ўніверсітэт – гэта прастора нефармальнай адукацыі ў гуманітарных і прыродазнаўчых кірунках.
Дзякуючы дзейнасці Лятучага ўніверсітэта, мы зараз можам пераглядзець лекцыі найлепшых беларускіх даследчыкаў проста на іх ютуб-канале, а таксама паслухаць у якасці падкастаў.
Лятучы ўніверсітэт зрабіў некалькі курсаў-лекцый пра гісторыю беларускага мастацтва.
Напрыклад, курс пра мастацкае аб’яднанне УНОВІС ад мастацтвазнаўцы Таццяны Катовіч. Праз курс вы даведаецеся пра ролю знакамітага Казіміра Малевіча ў беларускім мастацтве, пра авангардыстаў і тое, чаму чорны квадрат – гэта шэдэўр.
Ёсць яшчэ курс пра дакументальны тэатр ад даследчыцы тэатра Алены Мальчэўскай, якая распавядае аб тым, што такое гэты самы дакументальны тэатр, як тычыцца мастацтва антычнасці Беларусі і як тэатральныя дзеячы выкарыстоўваюць розныя прасторы па-за тэатрам.
У Лятучага ўніверсітэта ёсць нават курс пра гісторыю фатаграфіі, дзе беларускі фотамастак Сяргей Кажамякін расказвае пра старыя плёначныя фота і сучасныя здымкі на айфон.
Что произошло?
Наратыўны падкаст пра адну з найбольш трагічных падзей у гісторыі сучаснай Беларусі.
Уначы з 11 на 12 лістапада 2020 года ў Менску здарылася трагедыя, якая, пачынаючы са жніўня 2020 года, магла адбыцца з кожным жыхаром ці жыхаркай Беларусі. Загінуў Раман Бандарэнка. Шмат хто ведае гэтую гісторыю на памяць, але ўсё роўна задаюцца пытаннем, як і чаму менавіта яго смерць стала значнай у гісторыі пратэстаў? Здаецца, што ўжо шмат было сказана, зроблены незалежныя расследаванні, але, магчыма, час вярнуцца да простых чалавечых пачуццяў.
Text by Дар'я Гардзейчык