Пры праслухоўванні размоўных падкастаў часта ўзнікае ўражанне, што вядоўцы проста імправізуюць на зададзеную тэму. Слухачу застаецца толькі атрымліваць інтэлектуальную асалоду і дзівіцца таму, як яны даюць рады прытрымлівацца тэмы, а не пераскокваць з аднаго на другое. Больш за тое, вядоўцы нават робяць гэта так, каб праз увесь выпуск гісторыя паступова развівалася. Усё гэта заслуга яго вялікасці сцэнара.
Усе падкасты мы можам умоўна падзяліць на размоўныя і наратыўныя. Размоўныя – гэта тыя, дзе людзі размаўляюць, наратыўныя – там, дзе людзі распавядаюць гісторыі. І ў адных, і ў другіх мусіць быць сцэнар, хаця падыход да яго напісання будзе розны.
Сцэнар у размоўных падкастах
Сцэнар у размоўных падкастах – гэта не тое ж самае, што сцэнар для кіно. Мы не мусім прапісваць словы вядоўцаў дакладна і прымушаць няшчасных вывучаць на памяць, хто што кажа.
Магія размоўных падкастаў менавіта ў тым, каб гучаць спантанна і заставацца цікавай гутаркай цікавых людзей. Аднак, калі мы проста спантанна размаўляем з нашымі сябрамі, нашая гутарка расцякаецца ў самых розных напрамках: пачыналі з абмеркавання бліжэйшай кавярні, а праз гадзіну спрачаемся пра фемінізм.
Каб у падкасце заставацца менавіта на абмеркаванні кавярні, нам патрэбна заранёў прапісаная канва – паслядоўнасць падтэмаў, пра якія мы будзем размаўляць.
Фота Kate Oseen з Unsplash
Сцэнар у наратыўных падкастах
Сцэнар у наратыўных падкастах больш нагадвае сцэнар да кінафільмаў.
Для таго каб распавесці гісторыю мы можам выкарыстоўваць не толькі голас вядоўцы, але інтэрв’ю са сведкамі гэтай гісторыі, фрагменты з хронікі і нават гукі наваколля, дзе гісторыя адбывалася.
Уся гэтая складаная гама гукаў не можа ўзнікнуць спантанна. Давядзецца прапісваць у сцэнары што менавіта кажа вядоўца, якія фрагменты з інтэрв’ю трэба ўставіць і ў які момант накласці фонавую музыку.
Як зрабіць сцэнар цікавым?
Па сцэнарыстыцы напісана вялікая колькасць падручнікаў і дапаможнікаў. Магчыма, вы бачылі ў кнігарнях «Падарожжа пісьменніка» знакамітага Крыстафера Воглера або «Школа літаратурнага і сцэнарнага майстэрства» Юргена Вольфа. Калі вы не збіраецеся рабіць мастацкі аўдыясерыял, наўрад ці гэтыя кнігі будуць вам карысныя. Аўтары такіх кніг факусуюцца на формулах развіцця персанажа ў двухгадзінным фільме або серыяле. Як вы разумееце, у падкастах літаратурныя і кінематаграфічныя персанажы, якія праходзяць нейкі шлях асабістага развіцця, рэдка сустракаюцца.
Калі вам непатрэбныя складаныя сцэнарныя прыёмы, для распрацоўкі сюжэту нельга прапанаваць нічога лепей за класічныя «завязка-кульмінацыя-развязка» і «тэзіс-антытэзіс-сінтэз».
Вернемся да нашага прыкладу з абмеркаваннем кавярні. Уявім сабе, што ў нас ёсць падкаст пра кавярні горада N. Мэта вядучых – у кожным выпуску падкаста разабрацца, якія кавярні вартыя наведвання, і для каго яны пасуюць. У цэнтры горада N ля цэнтральнай плошчы ёсць кавярня «Кафеін». Пра яе ў чарговым выпуску падкаста і будуць размаўляць нашыя вядоўцы.
Завязка. Вядоўцы распавядаюць, што гэта за кавярня ўвогуле такая. Чаму яны вырашылі абмеркаваць менавіта «Кафеін» у гэтым выпуску. Магчыма, гэта самая папулярная кавярня ў горадзе. Або яна наадварот мала вядомая, але вядучыя яе вельмі любяць. Можа быць у «Кафеіне» напярэдадні з’явілася безлактознае малако – і яны першыя ў горадзе N, хто ўвогуле дадаў безлактознае малако ў меню.
Кульмінацыя. Вядоўцы абмяркоўваюць кожную з заранёў азначаных падтэм. У выпадку кавярні гэта могуць быць якасць самой кавы, наяўнасць і адсутнасць розных метадаў заварвання, кошты, асартымент ежы, інтэр’ер, месцазнаходжанне і нават наяўнасць мыла ў прыбіральні. Вядучыя не толькі распавядаюць, што ёсць у кавярні, але і як яны ў сувязі з гэтым сябе адчуваюць.
Напрыклад, у «Кафеіне» каву робяць толькі ў кавамашыне. Адн_у з вядоўцаў гэта не турбуе, бо ян_а п’е толькі амерыкана. Друг_ую вельмі турбуе, бо ян_а аматарка фільтр-кавы.
Развязка. Праз абмеркаванне і абмен эмоцыямі ад «Кафеіна» нашыя вядоўцы ўрэшце робяць нейкую выснову. У нашым падкасце агульная мэта – высветліць, якія кавярні каму пасуюць. Таму вядучыя адзначаюць, што кавярня пасуе тым, каго задавальняе наяўнасць толькі кавы з кавамашыны і хто часта наведвае цэнтр горада. Аматары альтэрнатыўных метадаў заварвання, якія, да таго ж, не частыя госці самога цэнтра, не будуць уражаныя.
Аднак у завязцы вядоўцы задаваліся яшчэ адным пытаннем. Напрыклад, чаму «Кафеін» – самая папулярная кавярня ў горадзе? Уявім сабе, што ў размове вядоўцы высветлілі, што «Кафеін» знаходзіцца ў найбольш прахадным месцы і кошты там даволі нізкія. Гэта варта яшчэ раз агучыць напрыканцы выпуску.
Фота Priscilla du Preez з Unsplash
То быў размоўны падкаст. Давайце цяпер паспрабуем зрабіць наратыўны.
Нядаўна адгрымела свята 8 сакавіка, якое запомнілася нам бясконцымі цюльпанамі і гнеўнымі каментарамі пад відэа з акцыямі феміністак.
Уявім сабе, што вядоўца нашага падкаста, які прысвечаны, скажам, складаным этычным пытаннем сённяшняга свету, збіраецца разабрацца, як «правільна» святкаваць 8 сакавіка.
Завязка.
Вядоўца распавядае, чаму ўвогуле яе хвалюе гэта тэма і якія пытанні перад ёй паўсталі 8 сакавіка.
Кульмінацыя.
Тэзіс. Інтэрв’ю з прыхільні_цай «традыцыйнага» падыходу да 8 сакавіка: кветкі, цукеркі і пажаданні заставацца прыгажунямі.
Антытэзіс. Інтэрв’ю з фемактывіст_кай, як_ая адзначае 8 сакавіка як дзень салідарнасці жанчын у барацьбе за свае правы і не любіць, каб ёй у гэты дзень дарылі кветкі.
Сінтэз. Каментар спецыяліст_кі па гендарных даследаваннях, як_ая б патлумачыл_а, якая гісторыя ў гэтага свята і чаму ў розных людзей такія розныя падыходы да святкавання.
Развязка.
Сінтэз. Вядуоўца распавядае, што ян_а для сябе зразумела падчас падрыхтоўкі гэтага выпуска і якая мадэль святкавання больш пасуе.
План – нішто, планаванне – усё
Часта тое, што ў нас атрымліваецца напрыканцы значна адрозніваецца ад першапачатковага сцэнара. Гэта цалкам нармальна: мы не можам дакладна ведаць заранёў, да якіх думак прыйдзем, пакуль будзем запісваць падкаст, што скажуць нашыя эксперт_кі і ці не здарыцца нешта такое, што прымусіць нас цалкам перапісаць усё нанова.
Некаторыя аўтар_кі наратыўных падкастаў робяць два сцэнары.
Першы перад запісам падкаста – гэта хутчэй план працы. Аўтар_ка запісвае, якія фрагменты абавязкова мусяць быць у выпуску, у якім парадку мусяць ісці фрагменты з інтэрв’ю і што вядоўца мусіць сказаць у пачатку і на заканчэнні.
Пасля таго, як увесь матэрыял сабраны, аўтар_ка робіць новы сцэнар: перапісвае структуру і тэкст для вядоўцы, дадае новы матэрыял, які раптам знайшоўся.
Напрыклад, калі ў той эксперт_кі па гендарных даследаваннях раптам знайшлася калекцыя запісаў мітынгаў феміністак у Беларусі за апошнія трыццаць год – можна дадаць іх у выпуск у тым месцы, дзе гэта будзе дарэчы.
Магчыма, вы пазнаёміцеся з асобай, якая ўвогуле не адзначае 8 сакавіка ні ў якім выглядзе і талкова тлумачыць чаму. Вось ён – новы сцэнар.
Фота Unseen Studio з Unsplash
Яшчэ крышку пра сцэнар
Хто мусіць пісаць сцэнар? Ніякага дакладнага правіла на гэты конт няма: вядоўца, прадзюсар_ка, рэдактар_ка, сцэнарыст_ка ці ўсе разам – залежыць толькі ад таго, як гэтае пытанне для сябе вырашыць ваша каманда.
Правіла 90 секунд. Правіла гучыць так: кожныя 90 секунд мусіць адбывацца змена сцэны. На практыцы гэта значыць, што прыблізна кожныя паўтары хвіліны ў выпуску мусіць адбывацца нешта новае: змена тэмы, устаўка з інтэрв’ю, музычная перабіўка, і г.д. Правіла 90 секунд дапамагае захоўваць дынаміку ў падкасце, і слухачы не нудзяцца.
Даследаванне – золата. Перад тым, як брацца за запіс, паглядзіце, хто і як ужо раскрываў гэтую тэму да вас. Неабавязкова чытаць усе навуковыя даследаванні, якія здолееце знайсці на абшарах Інтэрнэта, але, прынамсі, азнаёміцца з тым, якія тэорыі існуюць – варта. Яшчэ больш варта – паглядзець, як тая ж сама тэма раскрывалася ў блогах, падкастах, артыкулах і дакументальных фільмах. Гэта дапаможа зразумець, што абавязкова мусіць быць у вашым падкасце, што занадта часта абмяркоўвалася і якія тэмы яшчэ ніводнага разу не падымаліся.
Не чытайце, а распавядайце. Калі ў вас у сцэнары прапісаны тэкст вядоўцы, варта патраціць некаторы час, каб я_на навучы_лася прагаворваць гэты тэкст сваімі словамі, а не чытаць па паперцы: чытанне адразу чуваць, і праз яго губляецца гэтая інтымная сувязь паміж вядуч_ай і слухач_кай.
Text by Дар'я Гардзейчык