Праект Sex Education Every Day вярнуўся ў эфір з новым эпізодам «Самага сэксуальнага падкаста». Тэму абралі такую, што не губляе актуальнасці праз гады, – цела і асабістыя адносіны з ім.
Экспертамі-суразмоўцамі выступілі Воля Бенцыёўская, прызёрка чэмпіянатаў па масажы, інструктарка метадыстка па аздараўленчай фізкультуры, трэнерка майстраў масажу, і Дзіма Багачэнка, прафесійны танцор, харэограф, блогер. Вядучая Алёна Цвірко распытала гасцей, якія інсайты пра цела прыйшлі да іх праз прафесію. Воля падзялілася цікавымі назіраннямі, як няпроста жанчынам расслабіцца, як яны адчуваюць няёмкасць, калі здымаюць вопратку, аўтаматычна чакаючы ацэньваючага позірку, як хвалююцца ад таго, што нехта пабачыць іх «недасканаласці». Дзіма распавёў, як людзі вучацца сябраваць са сваімі целамі праз танец.
Былі закранутыя пытанні стэрэатыпаў і бодзішэймінгу, але варта адзначыць, што часам у размове з’яўляліся словы і пасажы, якія могуць кагосьці са слухачоў драпнуць. Аднак наогул суразмоўцы прыходзяць да пазітыўных высноў пра тое, што целы розныя і гэта цалкам ок («абы не заразныя»).
Sex Education Every Day – адукацыйны праект з Беларусі, які запусціўся ў 2020 годзе. Каманда вядзе сімпатычны інстаграм (тут зручней за ўсё сачыць за абвесткамі), запісвае падкаст, ладзіць фестывалі сэксуальнай адукацыі, а таксама групавыя сеансы тэрапіі.
Найбольш папулярныя выпускі на YouTube прысвечаныя сэксу ў рамантычных адносінах (з сэксолагам Васіліем Шаўляковым і блогеркай Сашай Тямчык), петынгу (з сэкс-асветніцай Анастасіяй Тагуновай) і аргазму (з уладальніцай крамы сэксуальнага здароўя Наталляй Лапулік).
Text by Zamandarin