Хоць падкасты – даволі сучасная з'ява, апавядальныя аўдыяперадачы існуюць ужо даўно. І беларускі mediascape у гэтым сэнсе не выключэнне. Распавядаем пра знакавыя падкасты (і не толькі) «Радыё Свабода»: ад гістарычнага рамана пра БНР да мовазнаўчага падкаста Вінцука Вячоркі.
«Тут "Радыё Вызваленне". Вы слухаеце голас сваіх
суродзічаў-Беларусаў з вольнага свету… Наш голас ёсць вашым голасам, бо мы
з’яўляемся часткай вас, часткай усіх Беларусаў», – гэтымі слова пачыналася
кожная перадача беларускай секцыі «Радыё Вызваленне». «Радыё Вызваленне» пачало
працаваць у 1953 годзе ў Нямеччыне праз намаганні Амерыканскага камітэта па вызваленню ад бальшавізма. Ад пачатку на радыё была толькі
расейскамоўная секцыя, але хутка эмігранцкія нацыянальныя арганізацыі ў Амерыцы
пачалі ствараць свае нацыянальныя секцыі. Так, пры падтрымцы Рады БНР 20
траўня 1954 года ў эфіры ўпершыню прагучала: «Тут "Радыё Вызваленне"...». Праз
пяць гадоў «Радыё Вызваленне» змяніла назву на «Радыё Свабода».
Ад пачатку на «Свабодзе»
працавалі беларускія ўцекач_кі, якія воляй лёсу апынуліся ў Амерыцы, а праз час
– і нашчадкі беларускіх мігранта_к. Пасля падзення жалезнай заслоны аўтар_кі з
Беларусі далучыліся да стварэння праграм на радыё.
За гады працы радыё
журналіст_кі зрабілі невызначальную колькасць матэрыялаў пра бягучыя падзеі
вакол Беларусі і фундаментальныя з'явы ў жыцці краіны. Палітыка, гісторыя,
культура, мастацтва, мова – пра ўсё гэта на «Свабодзе» выходзілі і выходзяць
артыкулы, перадачы, кнігі і падкасты.
Уласна кажучы, складана
сказаць, што з кантэнту «Радыё Свабода» мы можам лічыць падкастамі. Ці лічыцца за
падкаст запіс прамога эфіру, калі гэты запіс апублікаваны на
падкаст-платформах? Як наконт аўдыякнігі з цудоўным саўнддызайнам, якой няма
на аніякіх стрымінгах, акрамя Soundcloud? Што наконт аўтарскай радыёпраграмы,
якая выходзіла ў 1997-м, а потым была апрацаваная, і зараз яе можна паслухаць на
сайце? Увогуле, ці можа які-небудзь прадукт называцца падкастам, калі ён
першапачаткова рабіўся для радыё?
Гэта ўсё дыскусійныя пытанні. Відавочна тое, што
«Радыё Свабода» за гады працы стварыла шмат якаснага аўдыякантэнту. Зараз у нас
няма мэты пазнаёміць вас з усімі этапамі развіцця кантэнту «Свабоды» ці
катэгарызаваць іхныя праекты. Аднак мы хочам распавесці пра тыя, з якіх можна
пачаць слухаць падкасты «Радыё Свабода».
«Вострая Брама»
Аўтарская праграма Сяргея
Дубаўца пра сучасны беларускі культурны кантэкст. Праграма пачала выходзіць у
1997 годзе, то-бок пад сучасным разумецца менавіта той перыяд. Вострая брама –
гэта архітэктурны помнік у Вільні. З гарадской сцяны, якую неяк акружала
Вільню, засталіся толькі фрагменты мураў і гэтая брама з капліцай, дзе месціцца ікона Маці Божай
Вастрабрамскай – Апякункі Беларусі і Літвы.
Як кажа публіцыст Сяргей
Дубавец у першым выпуску праграмы, Вострая Брама – гэта яскравы сімвал
беларускай гісторыі і культуры. Аднак сімвал гэты апынуўся за адміністрацыйнымі
межамі Рэспублікі Беларусь. Таму і няма Вострай Брамы ў гістарычных даведніках Беларусі. Вострай Браме Сяргей Дубавец супрацьпастаўляе Курган Славы. Вострая
Брама – гэта прыгожая еўрапейская гісторыя шляхетнага мінулага Беларусі, а
Курган Славы – гэта тая савецкая старонка ў гісторыі Беларусі з адсутнасцю
густу і псеўдакультурай.
На гэтым супрацьстаянні
Вострай Брамы і Кургана Славы будуецца ўся драматургія праграмы. Што адбываецца
ў галіне незалежнай беларускай культуры, а што ў «дзяржаўным сектары»? Як
жывуць беларусы на разломе гэты дзвюх свядомасцяў? Філасофска-публіцыстычны
аналіз гэтага канфлікту – тэма, якой так ці інакш прысвечаны ўсе выпускі
перадачы. Зараз «Вострая Брама» успрымаецца як дакументальнае сведчанне нараджэння
таго культурнага кантэксту, у якім шмат хто з нас вырас.
Слухаць перадачу,
запісаную 25 год таму, ад часу да часу складана, бо мы прывыклі да іншай
якасці гуку. Аднак да шыпення на фоне можна хутка прызвычаіцца, да таго ж гэты
спецыфічны гук уплывае на агульную атмасферу.
Чаго перадачы не бракуе – дык гэта дынамікі. Агульны
тэкст чытае Сяргей Дубавец, але за кошт музычных перабівак, уставак цытат,
агучаных іншымі галасамі, і аўтарскай рубрыкі Сяргей Харэўскага ў выпусках
стае дынамікі, якае не дае нудзіцца і прымушае з цікавасцю слухаць далей і
далей.
Таксама была выдадзеная кніга Сяргея Дубаўца «Вострая Брама», якую можна прачытаць у PDF тут.
«Птушкі пералётныя»
«Птушкі пералётныя» –
гэта кніга ветэранкі «Радыё Свабода» Галіны Руднік. У кнігі ёсць аўдыяверсія,
якую агучыла сама аўтарка.
Калі Галіне Руднік было
14 гадоў, яна разам з роднай цёткай славутай акторкай Барбарай Вержбаловіч выехала з Беларусі. Гэта было ў 1944 годзе. У наступны раз Руднік патрапіла ў
Беларусь толькі пасля развалу Савецкага Саюза.
Дзяцінства Галіны Руднік
выпала на гады сталінскага тэрору, нацысцкай акупацыі. Юнацтва яна правяла ў
лагерах бежанцаў у Нямеччыне, маладосць – у эмігранцкім асяроддзі ў ЗША. Калі ў
Мюнхене пачала працу беларуская секцыя Радыё «Вызвалення», Галіна Руднік
далучылася да працы рэдакцыі.
Тое, што выпала на доўгае
жыццё Галіны Руднік, цяжка апісаць у некалькіх сказах. Лепей прачытаць кнігу,
ці паслухаць яе на Soundcloud, бо з інтанацыямі самой Галіны і музычнымі
ўстаўкамі ў дарэчных месцах адчуць усё, што адбывалася з ёй, нашмат прасцей.
Былі ў жыцці спадарыні
Галіны і эпізод з арыштам маці, і галоднае ваеннае і лагернае дзяцінства, і
авантурныя гісторыі пра змену нацыянальнасці ў дакументах, і дробнае махлярства дзеля таго, каб не быць дэпартаванай у Савецкі Саюз, і ўспаміны пра беларускае
тэатральнае асяроддзе, і прыгоды ў Злучаных Штатах, і клопат пра ўласнае жыццё,
калі ў Нямеччыне раптам пачаліся забойствы антысавецкіх дзеячаў у эміграцыі.
Да таго ж, кніга будзе
яшчэ і вельмі тэрапеўтычнай для тых, хто зараз знаходзіцца ў эміграцыі. Бо,
пэўна, ніхто так яскрава не апісваў досвед беларускай эмігранткі, як Галіна
Руднік.
Успаміны таксама выходзілі ў фармаце кнігі, спампаваць PDF якой можна тут.
Падкасты Вінцука Вячоркі
Вінцук Вячорка – аўтар
вялізнай колькасці матэрыялаў на мовазнаўчыя тэмы «Радыё Свабода». Пэўна, гэта
той самы выпадак, калі чалавек так захоплены нейкай тэмай, што можа казаць пра
яе бясконца. Пры гэтым, распавядае ён так цікава, што слухачы не могуць
перастаць слухаць.
Калі казаць менавіта пра
аўдыяматэрыялы, падкасты з Вінцуком Вячоркам у межах розных перадач у багацці
можна знайсці на сайце «Радыё Свабода». На жаль, на падкаст-платформах можна
знайсці толькі некаторыя эпізоды. У гэтых падкастах няма складанага
саўнддызайну, але, пэўна, для тэмы мовазнаўства саўнддызайн і не патрэбны.
Пра што можна даведацца ў
гэтым падкасце? Пра розныя складанасці і цікавосткі ў беларускай мове: тыя
самыя заданні з зорачкай.
Аднак, акрамя сакрэтаў беларускай лексікі і фанетыкі,
у перадачах спадара Вінцука шмат гісторыі развіцця мовы, сістэматычны аповед
пра гвалтоўную русіфікацыю і нават адказ на фундаментальнае пытанне: чый
Міцкевіч?
Магчыма, вам усё яшчэ
падаецца, што тэма мовазнаўства не можа быць такой ужо захапляльнай. Тады
дазвольце прывесці некаторыя прыклады з назваў эпізодаў падкаста «Мова пра
мову» з Вінцуком Вячоркам:
• Каторае беларускае
слова лепшае – капец ці гамон?
• Пра таемныя гаворкі
беларусаў і беларускі след у «фені».
• Каго люстраваць, а каго
і лягчаць. Толькі не «люстрыраваць«!
• Па-беларуску не
«дырэктар падпісала загад», а дырэктарка!
• «Пусьці павалюся» – не
прыём барацьбы. Пра каго ці пра што так кажуць
• Хапун, шуняўкі, сцяна
Мясніковіча. Моўная іронія эпохі
«Красаўцы»
Адзін з самых якасных
наратыўных падкастаў на беларускай мове і, пры гэтым, адзін з найбольш
псіхалагічна цяжкіх.
«"Красаўцы". Вайна супраць
народу ў жніўні 2020-га» – так азначаюць тэму падкаста ягоныя аўтары. Падкаст
расказвае пра пратэсты пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі з гледзішча
сілавікоў.
«Красаўцы» – гэта вялікая
журналісцкая праца, дзе аўтары сабралі сведчанні відавочцаў, дакументальныя
кадры і запісы размоваў сілавікоў, каб аднавіць карціну падзей жніўня 2020-га.
Пасля праслухоўвання
падкаста, сапраўды, узнікае адчуванне, што ў пазл, які ўсё ніяк не складаўся, уставілі апошнюю дэталь.
Як
сілавікі рыхтаваліся да выбараў, хто і якія загады ім даваў, што было эксцэсам
выканаўцы, а што – запланаванай акцыяй, як міліцыянты рэагавалі на мітынгі,
што думалі пра жанчын у белым і ці быў у беларуса_к шанец перамагчы ў 2020
годзе – на ўсе гэтыя пытанні адказвае падкаст «Красаўцы».
Ідэальна выбудаваны
наратыў і ілюстратыўны саўнддызайн робяць падкаст асабліва моцным. Аднак, тут
трэба быць асцярожн_ай: у падкасце шмат трыгерных тэм і фрагментаў. Таму, калі
ласка, разлічвайце свае сілы і лепей не слухайце ўсе эпізоды запар.
Гэты падкаст таксама
варта даслаць вашым знаёмым з Украіны, якія не вельмі глыбока разбіраюцца ў
тэме пратэстаў, але шчыра не разумеюць, чаму ж тыя пратэсты не перамаглі і чым
яны скончыліся.
«Падарожжа ў БНР»
Беларуская Народная
Рэспубліка – гэта тое дзяржаўнае ўтварэнне, якое ў беларускіх падручніках па
гісторыі абазначаецца як «непаўнавартасная дзяржава, бо яна не магла быць
паўнавартаснай ва ўмовах акупацыі». Чаму ж тады да гэтага «непаўнавартаснага
ўтварэння» так пяшчотна ставіцца беларуская нацыянальная інтэлігенцыя, і з
такой нянавісцю – беларускі ўрад? Што ж гэта насамрэч было такое – Беларуская
Народная Рэспубліка? Разабрацца з гэтым дапамагае Сяргей Шупа ў кніжцы
«Падарожжа ў БНР». Паколькі ў кнігі ёсць аўдыяверсія, мы таксама ўключылі яе ў
гэтую падборку.
Сяргей Шупа, які некалькі
гадоў пільна апрацоўваў архівы БНР, прыйшоў да высновы, што дзяржава гэта не была
ані райскім кутом, як рамантычна малявалі яе дзеячы беларушчыны ў міграцыі, ані
пачварна нацыяналістычным пякельным краем, як казалі пра яго прасавецкія
дзеячы. Ад БНР у Сяргея Шупы склалася ўражанне чагосьці вельмі супярэчлівага,
складанага і бясконца цікавага.
Настолькі цікавага, што
спадар Сяргей вырашыў, што пісаць пра БНР ён будзе не нудную навуковую працу, а
«архіўны раман».
«Падарожжа ў БНР» – хоць
Сяргей Шупа і называе гэтую кнігу раманам – гэта гістарычная праца, але з
маляўнічымі ілюстрацыямі. Калі вы будзеце чытаць кнігу, то адчуеце гэта праз
мастацкі зробленыя сцэны з жыцця дзеячаў БНР і файна пабудаваны наратыў. Калі
будзеце слухаць аўдыякнігу – адчуеце гэта яшчэ і праз музычныя ўстаўкі з
характэрнай для пачатку 1920-х гадоў музыкай.
Яшчэ адно адкрыццё, якое вы зробіце падчас
праслухоўвання: спрэчкі, непаразуменні і канфлікты мелі месца ад самога
пачатку існавання БНР. Аднак гэта не перашкодзіла беларускай нацыі існаваць і
далей.
Text by Дар'я Гардзейчык