Беларуская артыстка Света Бень стала госцяй апошняга выпуску падкаст-шоў «Музыка ў стол». У размове з журналістам Ягорам Квартальным Света распавяла пра нябачныя часткі айсбергаў сваёй працы на тэатральнай і музычнай сцэне.
50 хвілін атрымаліся вельмі насычанымі: суразмоўцы ўспомнілі мноства праектаў, да якіх прыклала руку і сэрца Святлана: ад рэжысуры дзіцячых спектакляў да праектаў, створаных у суаўтарстве з сучасным акадэмічным кампазітарам Валерыем Воранавым, ад канцэртаў шырока вядомага кабарэ-бэнда «Серебряная свадьба» да камерных выступаў электроннага дуэта з Галяй Чыкіс. З падкаста можна больш даведацца пра тое, як пачыналася супраца з Галяй і як на свет з'явіўся альбом «Прыём!» з вельмі глыбокімі і часам цяжкімі (але заўсёды тэрапеўтычнымі) мэсэджамі.
Важны складнік гутаркі – гэта пошук кропкі апоры ў сённяшнім кантэксце. Света падзялілася сваім рэцэптам захавання кукухі: «Трымацца за выдатных людзей, якія ёсць вакол. Дапамагаць ім і атрымліваць ад іх дапамогу. Быць разам. Верыць, што ўсе мы – такі электраланцуг, і кожны з нас не павінен свой элемент ланцуга гасіць, а [павінен] праводзіць электрычнасць далей, далей. Наогул, трымацца з усіх сіл».
«Музыку ў стол» робіць праект Legal Music, які падсвятляе ў медыя беларускую лакальную сцэну, распавядае пра музычныя навінкі, канцэрты, ініцыятывы і дзеліцца карыснымі для пачынаючых артыстаў ведамі. Падкаст «Музыка ў стол» зайшоў ужо на трэці сезон. За час яго існавання ў ім гасцявалі Іван Селішчаў («Петля Пристрастия»), Алег Хаменка («Палац»), Віталь Артыст, група VAL, гукарэжысёр Андрэй Акімаў, рэжысёр Алег Кулажанка і шмат іншых выдатных людзей.
Text by Zamandarin