У студзені 2021 года ў Менску запусцілася падкаст-студыя teamteam studio, дзе сёння пішуцца многія шоу, свежыя выпускі якіх ты чакаеш з нецярплівасцю. Два гады працы – добрая нагода абмеркаваць назіранні і перспектывы. Мы пагаварылі з сузаснавальнікам студыі Віктарам Кучынскім пра тое, чаму нейкія шоў ўзлятаюць, а іншыя – не, ці ідуць у падкасты рэкламадаўцы і якімі наогул бачацца перспектывы беларускага падкастынга.
Як усё пачыналася
– Распавядзіце, як вы ўварваліся ў гэтую нішу?
– Мы не цікавіліся гэтай тэмай да 2020 года. Мы рабілі забаўляльныя шоу для івэнтаў, і нават зараз на сайце teamteam.by пазіцыянуемся як кампанія па вытворчасці фанавых рэчаў для карпаратыўных кліентаў.
У 2020 годзе нас падкасіў ковід: івэнт-тэма закрылася, і мы сталі перабудоўвацца на анлайн-рэйкі. У нас была студыя 11 квадратных метраў, мы перапісалі ўвесь інтэлектуальна-гульнявы кантэнт у анлайн-фармат – і добра на гэтым зарабілі. У студзені 2021-га мы знялі большае памяшканне – на 40 квадратаў. І калі ўбачылі, што гэтую тэрыторыю мы з раніцы да вечара анлайнамі B2B не закрываем, то зразумелі, што можам прапанаваць нешта тым, хто цікавіцца падкастамі.
Паглядзелі, што пашукавікі выдаюць, калі забіваеш «падкаст», – гэта была толькі студыя падкастаў PROBEL Ягора Калесніка, але ў яго было іншае пазіцыянаванне. Мы не кантэнт-пляцоўка, а студыя – памяшканне, куды можа прыйсці той, хто хоча запісаць свой падкаст, відэа- ці аўдыё-.
Фота з архіваў teamteam studio
– Не жадаеце рабіць свой кантэнт, як – возьмем блізкі і яскравы прыклад – расійская студыя «Либо/Либо»?
– Я слухаў падкаст «Либо/Либо» пра тое, як яны робяць студыю [«Либо выйдет, либо нет». – заўв. рэд.]. На першых этапах гэта было вельмі падобна на тое, што рабілі мы. Але потым мы сутыкнуліся з тым, што, па-першае, у беларускіх падкастаў няма аўдыторыі, а па-другое, у беларускіх рэкламадаўцаў няма разумення, што такое падкасты. Яны толькі-толькі прыйшлі да разумення, хто такія блогеры. Рэкламны рынак для падкастаў у Беларусі не тое каб не сфарміраваны, яго нават, напэўна, не існуе. Падкасты пакуль больш іміджавая гісторыя.
– Аднак у іміджавых мэтах кампаніі прыходзяць?
– Мы за ўвесь час зрабілі чатыры карпаратыўных праекта, і зараз у нас два карпаратыўных падкаста ў рабоце. Банк ВТБ рабіў у нас праект «Сила слова», «Лідскае» прыходзіла з аўдыягідам, цяпер прыйшлі IT-кампанія і крама рытэйла. Іх кантэнтам займаюцца рэкламныя агенцтвы ці ўнутраныя аддзелы маркетынгу. А мы даем абсталяванне і веды, якія дапамагаюць пусціць падкаст ў плаванне. Так, усе сачылі за гісторыяй поспеху Gimlet Media, якая была прададзеная Spotify за казачныя для падкастынгу грошы. Здавалася, што вось у Расіі будзе такі прыклад - «Либо/Либо», але люты 2022 года ўсё перакрэсліў.
– А ў вас як раслі аб'ёмы запісаў і як падалі?
– Мы пачалі запісваць першыя выпускі ў лютым 2021 года. Да нас прыйшоў падкаст «Про маркетинг с Любовью», які робіць заснавальніца маркетынгавага агенцтва, і яшчэ быў падкаст «Я не сплю», дзе два хлопцы 30+ размаўлялі пра ўсё на свеце проста па фану. Да снежня 2021 года мы запісалі больш за 20 падкастаў, адчувалі ўздым, было выдатна. Потым здарылася навагодняе зацішша, а потым быў люты 2022-га, ваенныя дзеянні – і ўсё пайшло ў цішыню. Запісаў амаль не было да чэрвеня.
Потым усё стала аднаўляцца, на восень мы запісалі 15–17 падкастаў. Зараз адчуваецца вялікі попыт на відэападкасты. Да нас пайшлі блогеры, SMM-шчыкі, маркетолагі. Яны зразумелі, што падкаст – гэта досыць недарагі варыянт стварэння рознага кантэнту. Магчыма, праз іх прыйдуць і рэкламадаўцы. Гэта можа стаць мастком для падкастынгу.
У чым сакрэт поспеху падкаст-шоу
– Атрымліваецца, кампаніі робяць іміджавую гісторыю, блогеры пашыраюць сваю аўдыторыю, а што наконт індзі-падкастаў накшталт «Так склалася гістарычна» або «Белліт пад піва»? Чым кіруюцца гэтыя рабяты?
– А я нават не ведаю, ці называць іх індзі. Гэта ўжо папулярныя беларускія падкасты. Індзі – гэта да нас прыходзіў хлопец-барбер, праслухоўванняў 500 сабраў, або адзін кухар запісваўся, распавядаў пра гастранамічную культуру. Калі ў цэлым, то як наогул пачынаецца падкаст? Чалавек слухае падкасты, разумее, што яму ёсць што сказаць, і праз нас гэта рэалізуе. Так было, напрыклад, з падкастамі «Сердце под капотом», «Анжелла», «Кто твой папочка?». Людзям хочацца казаць пра тое, што баліць, і падкаст – гэта свайго роду тэрапія. Калі цябе хвалюе тэма, ты кажаш пра яе – і табе становіцца лягчэй, а людзі, у якіх такая ж праблема, цябе слухаюць.
Людзям хочацца казаць пра тое, што баліць, і падкаст – гэта свайго роду тэрапія.
– Гэта калі слухаюць.
– Так, часам здаецца, што ты зрабіў добры прадукт і зачапіў цікавую тэму, а потым выпускаеш падкаст – і яго 15 сяброў паслухалі. Думаеш: добра, другі выпуск дакладна будзе лепш, запрашаеш каго-небудзь у госці – і такая ж сітуацыя. Таму падкасцерам-пачаткоўцам цяжкавата знайсці матывацыю. Трэба да канца верыць у тэму альбо знайсці спонсара ці выйграць грант.
Матывацыя вельмі часта заканчваецца на чацвёртым-пятым выпуску. Напрыклад, ёсць такі праект у Instagram – pokatushki.bel, пра паездкі па Беларусі. Яны стрэлілі ў кавідныя часы, набралі 25000 падпісчыкаў. Мы з імі знаёмыя і самі прапанавалі ім зрабіць падкаст. Яны запісалі падкаст, выклалі адну сторыз і ўсё. За дзень першы выпуск 500 чалавек паслухалі – гэта добрая лічба, можна было рухацца далей, але яны такія: «Ой, нас ніхто не слухае, навошта мы будзем запісваць?». Яны ўбачылі, што не атрымліваюць імгненнага выхлапу, але з падкаста ў прынцыпе ніхто не атрымлівае імгненнага выхлапу. Хоць у нас быў цікавы кейс, калі першы выпуск падкаста пра маркетынг «Ира Заводи» набраў 7000+ за чатыры дні і вісеў у топах Яндэкса і Apple. Гэта пры лічбе 8000 падпісчыкаў у вядучай. Але і 500 праслухоўванняў пры 25000 падпісчыкаў, я лічу, добрая лічба.
– Ёсць уяўленне пра складнікі поспеху? Ці бачыце вы на старце, які падкаст разгайдаецца больш-менш хутка? Тэмы? Харызма вядучых?
– Павінна скласціся ўсё. Пасля падзей 2020 года набрала папулярнасць прыхільнасць нацыянальнай мове, і ў 2021 годзе падкасты на беларускай мове пачалі рабіць нават тыя, ад каго не чакалі. Напрыклад, стэндап-комікі ў нас запісалі чатыры выпускі (праўда, па выніку не выпусцілі). З'явіліся «Так склалася гістарычна», «Белліт пад піва», і хваля беларусізацыі іх падхапіла: пра іх распавядалі як пра новыя беларускія медыя, дадавалі ў падборкі, рэпосцілі.
Але, вядома, іх ніхто б не слухаў, калі б у іх не было якаснага кантэнту. Беларускамоўных падкастаў з'яўлялася шмат, а засталося з таго, што рэкамендуюць, да дзесяці. Вельмі паказальная тут гісторыя з Patreon. Калі мы размаўлялі з Ганнай Дзягель [вядучая «Так склалася гістарычна». – заўв. рэд.] у верасні, у яе было 30+ патронаў [цяпер іх ужо больш за 40. – заўв. рэд.].
У «Забі зяпу» цікавая гісторыя. Уладзь Кароткі працаваў рэдактарам у «Яндекс.Музыке», і ён зрабіў вельмі шмат для прасоўвання беларускіх падкастаў на гэтым рэсурсе. Дзякуючы яму з'явілася беларуская палічка з падкастамі і кнігамі, а калі ён змясціў на галоўную «Яндекс.Музыки» «Так склалася гістарычна», падкаст за тры дні набраў +600 падпісчыкаў і вырас у два ці нават тры разы. І вось, калі Улад з Дашай запісалі першы выпуск «Забі зяпу», ён яго выклаў на першую старонку, і мы ў студыі прыфігелі троху: адкрываем «Яндэкс», а там невядомы беларускамоўны падкаст на першай старонцы і ў яго адразу 600-700 падпісчыкаў. Мы такія: што за чыцерства? У выніку пазнаёміліся з Уладзем, запрасілі ў студыю, прапанавалі запісвацца і цяпер запрашаем на фестывалі.
Любы чалавек можа прыйсці і запісацца, галоўнае, каб яму было, пра што казаць.
Што датычыцца вядучых. Падкасты – гісторыя заўсёды індывідуальная. У нас пісаўся хлопец-фатограф, у яго ДЦП, і ён размаўляе з асаблівасцямі вымаўлення. Я казаў яму: «Не бойся, людзі прымуць». Любы чалавек можа прыйсці і запісацца, галоўнае, каб яму было, пра што казаць. Банк ВТБ запрасіў акцёра Андрэя Бібікава, які агучвае фільмы і прафесійна займаецца навучаннем, пастаноўкай голасу. Гэта ідэальны голас для падкаста, але кантэнт, магчыма, не такі цікавы, улічваючы, што гэта карпаратыўны падкаст. Жывая гісторыя павінны быць расказаная добрым голасам, але кантэнт важны ў першую чаргу.
– Што наконт тэхнічнай часткі? У інтэрнэце любяць заклікаць запісваць у шафе на шкарпэтку. Ці часта вам сустракаліся папулярныя падкасты «на шкарпэтку»?
Падкаст Курпатава паслухайце Игры разума», падкаст вядомага псіхатэрапеўта Андрэя Курпатава. – заўв. рэд.]. Мне здаецца, там палова выпускаў запісаныя на шкарпэтку. Наогул, я пераслухаў вельмі шмат падкастаў, па 2–3 выпускі кожнага ў топ-50 «Яндэкса» і Apple. І ў Курпатава проста жудасны запіс, а ён заўсёды быў у топе. Вядома, тут працуе асабісты брэнд, але гэта вельмі дрэнна. Вядома, хочацца, каб падкасты былі добрыя. Калі ты пішаш «на шкарпэтку», то запішы для сябе, паслухай, і калі спадабаецца, запісвайся ў студыі ці купі мікрафон.
Фота з архіваў teamteam studio
– Раскажыце пра сваё абсталяванне.
– Мой партнёр па teamteamstudio Андрэй – гік па гэтым усім, і мы пастаянна развіваемся. Пачыналі з «класічнымі» RODECasterPro і PODMIC. Далей у нас з'явіўся TASCAMMixcast 4, мікрафоны ShureMV7. Потым мы купілі RODE Caster Pro 2 і радыйныя мікрафоны Shure SM7B. Для выязных запісаў ёсць Zoom PodTrak P4 і куча ручных мікрафонаў.
Пра даходы і планы
– Як вы прыйшлі да ідэі падкаст-пляцоўкі на фестывалі Vulitsa Ezha?
– У нейкі момант мы сядзелі ў студыі і думалі, што зрабіць для прасоўвання. Мы спрабавалі запускаць рэкламу ў інсце, але яна не асоба працуе, таму што падкаст – гэта ўсё ж не мас-медыя-тэма. Мы падумалі, што трэба кудысьці, дзе была б аўдыторыя, а з арганізатарамі Vulitsa Ezha мы былі знаёмыя, калісьці гулялі ў КВЗ. І я напісаў Ягору Рытвінскаму з прапановай. Ім было цікава запусціць пляцоўку, якой яшчэ нідзе не было, тым больш што мы закрылі яе цалкам сваімі сіламі.
Фота з архіваў teamteam studio
– Як ацэньваеце эфект?
– Шчыра кажучы, хацелася б большага. Напэўна, трэба было больш ўкладвацца ў рэкламу і прасоўванне. Але Vulitsa Ezha – гэта ўсё ж сямейны фестываль, там умоўна няма нашай аўдыторыі. Але нейкія людзі прыходзілі на лекцыі і адкрытыя запісы падкастаў, слухалі, глядзелі. Людзі не пайшлі да нас у студыю запісвацца пасля таго, як даведаліся, што такая студыя ёсць. Але мы адкаталі працу такой пляцоўкі.
– У сваім выступе на Vulitsa Ezha вы сказалі, што падкасты ў Беларусі слухае 3% насельніцтва. Адкуль такая лічба?
– Я зыходзіў з прыкладнай статыстыкі. Калі ўзяць 11–12% у Расіі, а мы звычайна адстаем ад Масквы гадоў на пяць, то выйдзе блізу 300 тысяч слухачоў у Беларусі. Плюс я пагутарыў з Уладзем, і ён не можа раскрываць лічбы Яндэкс, але сказаў, што лічба прыкладна такая. Складана лічыць яшчэ і таму, што беларускамоўны падкаст могуць слухаць і ў Беларусі, і ў Польшчы, а беларускі рускамоўны падкаст могуць слухаць не толькі беларусы.
Стандартны топ тэм беларусы запісваюць: сэкс, адносіны, псіхалогія, агляды, научпоп, маркетынг і грошы.
– Можа, нейкія тэматычныя нішы ў нас яшчэ не занятыя?
Стандартны топ тэм беларусы запісваюць. Сэкс, адносіны, псіхалогія, агляды, научпоп, маркетынг і грошы. Пакуль быццам бы няма true crime, хоць мне хтосьці казаў, што быццам бы і такое пішацца. З нашых асаблівасцяў можна адзначыць, што беларускамоўныя падкасты слухаюць і рэкамендуюць па-за залежнасці ад тэм.
– Вы ўжо зарабляеце на падкастах?
На гэты момант грошы нам з большага прыносяць відэападкасты пад ключ, таму што тут задзейнічаецца ўся студыя, уся тэхніка, святло, кліент плаціць за працу аператара, за мантаж. Аўдыяпадкасты – гісторыя недарагая. Арэнда студыі за гадзінны запіс каштуе ўсяго 50 рублёў, і ты атрымліваеш файл, з якім ужо можаш выходзіць на падкаст-арэну. Мы не працуем на прыбытак як студыя падкастаў. Калі за месяц заробкам падкаст-студыі закрываем арэнду офіса, мы шчаслівыя. Не закрываем – ну што паробіш, будзем старацца ў наступным месяцы. Гэта не прыбытковая гісторыя. Асноўны даход нам па-ранейшаму прыносяць анлайн-мерапрыемствы, стрымы.
– Якія планы на новы год?
– Хацелася б рабіць свой добры, якасны кантэнт і рухаць яго. Плюс была ідэя запусціць нешта накшталт пітчынгу: прапанаваць маладым падкастарам або рабятам, якія толькі хочуць нешта запісаць, прыйсці да нас з ідэямі. Мы гатовыя прадзюсаваць і прасоўваць класны прадукт.
– Ёсць амбіцыі адкрываць новыя зоркі?
– Распавяду, як з'явіўся падкаст «Белліт пад піва». Да нас звярнуліся рабяты з «Арт-Сядзібы», Алесь і Бася: «Слухайце, у нас ёсць група, мы хочам прыйсці да вас і паказаць, што такое студыя падкастаў». Прыйшлі 8–10 чалавек, сярод іх былі і дзяўчынкі, якія праз пару тыдняў напісалі нам і сталі рабіць падкаст пра беларускую літаратуру. Калі ў рабятах жыве жаданне штосьці зрабіць, то трэба запаліць гэтую іскру. Мы гатовыя дапамагаць. Усім, што ўмеем, дапаможам, і ўсё, што маем, мы ўкладзем.
Text by Zamandarin