Пасля падзей апошніх трох гадоў у медыйным полі стала больш размоў пра клопат пра сябе і свой ментальны стан. Беларускія некамерцыйныя арганізацыі прапануюць бясплатныя групы падтрымкі і сеансы псіхатэрапіі, а медыя бяруць інтэрв’ю ў псіхалаг_інь аб тым, як перажыць траўмуючыя падзеі і адаптавацца ў новай рэальнасці. На жаль, увесь той каласальны стрэс, які мы перажываем, бывае цяжка пераадолець толькі праз чытанне артыкулаў ці некалькі сеансаў са спецыяліст_кай. Усе нашыя сацыяльныя абставіны могуць прывесці не толькі да малапрыемных эмоцый, але і да захворванняў, якія мусяць лекавацца медыкаментамі. Менавіта пра падкасты для тых, хто, падаецца, знаходзіцца менавіта ў сітуацыі, калі варта пачынаць прымаць лекі, або проста цікавіцца такімі станамі, зараз і пойдзе гаворка.
«Буква Ю» (Літара Ю)
Псіхаактыўны падкаст з Берасця, у якім псіхалагіня Юля размаўляе з людзьмі, якія жывуць з рознымі псіхіятрычнымі захворваннямі. Госці распавядаюць, як яны даюць рады сваім станам, як прыйшлі да лекар_кі і па якіх прыкметах увогуле можна вызначыць, што варта звяртацца па прафесійную дапамогу.
Падкаст Юлі – гэта прыклад дэстыгматызацыі і якаснай асветы адначасова. Да людзей, якія звяртаюцца да псіяхіят_арак, дагэтуль у беларускім грамадстве часта ставяцца з неразуменнем, калі не з варожасцю. Аднак гер_аіні Юлі пайшлі да лекара_к, нягледзячы на існуючую стыгму, і значна палепшылі сваё жыццё.
Падкаст паказвае, што бываюць такія эмацыйныя станы, калі нельга «проста супакоіцца», «проста перастаць сумаваць» і «проста ўзяць сябе ў рукі». Тады не дапамагаюць ані адпачынак, ані сустрэчы з сябрамі, ані размовы з псіхалаг_іняй. Звычайна, калі цяжкі эмацыйны стан пераплятаецца з фізіялагічнымі праявамі, варта звярнуцца да псіхіят_аркі або псіхіятар_кі-псіхатэрапеўт_кі. У нейкі момант госці Юлі менавіта так і зрабілі: ці праз тое, што стан быў ужо зусім невыносным; ці праз настойлівыя парады блізкіх; ці па рэкамендацыі лекар_кі іншага профілю.
У выніку для ўсіх ўдзельні_ц падкаста становіцца адкрыццём, што ментальныя хваробы – такія ж самыя фізіялагічныя хваробы, шмат у чым звязаныя з біяхіміяй арганізма. Кожны выпуск – гэта гісторыя адной асобы, як_ая заўважы_ла, што нешта не так, звярну_лася па дапамогу і пачала прымаць лекі і хадзіць на псіхатэрапію.
Таксама падкаст каштоўны і карысны тым, што ён пра беларускія рэаліі. Чалавеку ў цяжкім ментальным стане можа быць складана самастойна зрабіць даследаванне на тэму «куды звярнуцца па дапамогу ў маім горадзе», але праз падкаст можна лёгка даведацца, якія ўстановы, што працуюць з псіхічным здароўем, існуюць у Беларусі і куды можна звяртацца пры патрэбе. Дарэчы, падкаст яшчэ і развенчвае міф, што псіхатэрапія – гэта заўсёды жудасна дорага.
Выпускі запісаныя на расейскай мове.
Osobiste rozmowy holistyczne (Асабістыя халістычныя размовы)
Падкаст, які працягвае тэму адзінства ментальнага і фізічнага здароўя. Халізм – гэта такі філасофскі падыход, які кажа, што цэлае нельга звесці да часткі. Так і вядоўца «Асабістых халістычных размоў» даводзіць, што фізічны стан уплывае на нашу псіхіку, а псіхічны стан – на наша цела.
Вядоўца – акторка Арына Краеўска – у кожным выпуску размаўляе з лекар_камі аб тым, як менавіта звязаны нашае цела і наш ментальны стан. Напрыклад, шмат хто з нас пэўна ведае, што розныя людзі маюць розныя нервовыя сістэмы ад нараджэння. Праз падкаст жа мы можам даведацца, што гэтая рознасць у нервовых сістэмах значыць для нашага эмацыйнага фону. У тым жа эпізодзе пра нервовую сістэму тэрапеўтка Сыльвія Вуйчык распавядае, наколькі сапраўды генетычна абумоўлены наш характар і тэмперамент, і як гэта праяўляецца яшчэ ў раннім дзяцінстве.
Тым не менш, у падкасце няма мэты паказаць, што псіхалогія і стрэсы не маюць значэння. Запрошаныя эксперт_кі распавядаюць таксама і пра тое, як псіхалагічныя і навакольныя чыннікі могуць уплываць на тое, што закладзена ў нас генетычна.
Падкаст выходзіць на польскай мове.
Psychiatry and Psychotherapy Podcast (Псіхіятрычны і псіхатэрапеўтычны падкаст)
Падкаст псіхіятра Дэвіда Пудэра, дзе ён размаўляе з іншымі псіхіятрамі і людзьмі, якія змагаюцца з тымі ці іншымі псіхіятрычнымі захворваннямі.
Унікальнасць падкаста Пудэра ў тым, што ён не бярэцца за самыя «мэйнстрымныя» псіхічныя станы, а паглыбляецца ў больш рэдкія з’явы, а таксама разам з кале_жанкамі разважае пра новыя спосабы лекавання, якія з’яўляюцца апошнім часам.
Напрыклад, у адным з апошніх выпускаў Пудэр разам з доктарам Майклам Камінгсам абмяркоўвае «разлад, выкліканы спажываннем апіёідаў». Гэта даволі перадавы падыход, асабліва для нашага рэгіёна, – падзяляць разлады, звязаныя са спажываннем псіхаактыўных рэчываў у залежнасці ад класу гэтых самых рэчываў. Часцей мы ў публічнай прасторы сутыкаемся толькі з агульнай назвамі «нарказалежнасць» і «наркаспажыванне». Тым часам у падкасце раскрываецца гісторыя апіёідаў, сацыяльная сітуацыя ў ЗША, звязаная са спажываннем апіёідаў, нейрабіялогія фармавання залежнасці і фактары рызыкі. То-бок хвароба разглядаецца з усіх магчымых бакоў, каб даць слухач_кам найбольш поўную карціну.
Ці, напрыклад, у адным з выпускаў псіхіятр доктар Майкл Гарэт распавядае пра лекаванне псіхатычных станаў праз кагнітыўна-паводзінную псіхатэрапію. Псіхозы – гэта моцныя разлады псіхічнай дзейнасці, пры якой рэакцыі асобы груба супярэчаць навакольнай рэчаіснасці. Напрыклад, галюцынацыі і трызна – тыя з’явы, якія найбольш часта асацыююцца з псіхатычным станам. Тым часам кагнітыўна-паводзінная тэрапія – гэта методыка, якая выдзяляе несвядомыя матывацыі чалавека, пераводзіць іх на свядомы ўзровень і дапамагае змяніць дэструктыўныя перакананні і паводзіны.
Здавалася б, ці можа размоўная тэрапія, праз якую мусяць мяняцца перакананні і паводзіны, дапамагчы з умоўнымі галасамі ў галаве? Майкл Гарэт – аўтар кнігі па гэтай тэме – даводзіць, што сапраўды можа. Пры гэтым, доктар узгадвае, што псіхатэрапія псіхозаў яшчэ мала вывучана і толькі пачынае развівацца.
З такіх інавацыйных падыходаў да тых ці іншых псіхічных станаў складаецца ўвесь «Псіхіятрычны і псіхатэрапеўтычны падкаст».
Падкаст выходзіць на англійскай мове.
«Головний подкаст» (Галаўны падкаст)
Дакументальны падкаст пра людзей, якія жывуць з рознымі псіхічнымі разладамі ва ўкраінскім грамадстве. Вядоўцы падкаста з эпізоду ў эпізод разбіраюцца з тым, як працуе галаўны мозг праз тыя выпадкі, калі ён «ламаецца». То-бок у выпадку псіхічных захворванняў.
Кожны выпуск – сапраўдная «дакументалка», дзе кожны выпуск – клінічны кейс, дзе ёсць і гісторыя сапраўдна_й пацыент_кі, і размова вядоўцаў з псіхіятрам, і інтэрв’ю з людзьмі, хворымі на тыя самыя разлады.
Акрамя таго, што вядоўцы распавядаюць пра арганічныя працэсы, звязаныя з псіхічнымі захворваннямі, яны яшчэ і падказваюць, па якіх прыкметах можна пазнаць у сябе сімптомы некаторых захворванняў. Больш за тое, вядоўцы даюць спасылкі на карысныя апытанні, якія могуць быць першым крокам, каб зразумець, ці ёсць у вас тое ці іншае захворванне.
Падкаст запісаны на ўкраінскай мове.
«Што ты тут забыў»
Беларускі падкаст псіхатэрапеўткі Кацярыны Розінай пра гістарычную памяць і трансгенерацыйную (міжпакаленчую) траўму. Мусім пазначыць, што вы наўрад ці калі-небудзь чулі падкасты на такую тэму.
У кожнага чалавека так ці інакш здараюцца падзеі, траўматычныя для псіхікі. Калі гэтую траўму не ўсвядоміць, а выціснуць у падсвядомасць, яна працягне ўплываць на нашае жыццё: нашыя дзеянні і думкі будуць ёй абумоўленыя, але мы нават не будзем разумець, адкуль ідуць гэтыя дзеянні, думкі і пачуцці.
Ад часу да часу ў грамадствах здараюцца «калектыўныя траўмы»: калі адна і тая ж траўматычная падзея выпала на долю значнай частцы насельніцтва. Калектыўнай траўмай можа стаць вайна, рэпрэсіі, генацыд, рэвалюцыя, развал дзяржавы, або той ці іншы крызіс.
У беларускім грамадстве, як кажа Кацярына, часта прынята не гаварыць пра траўмуючыя падзеі ў публічнай прасторы. Зрэдку можна пачуць дыскусіі і абмеркаванні пра тое, што з намі з усімі адбывалася і як гэта на нас адбілася. На прыватным узроўні таксама пра цяжкія падзеі не размаўляюць: было і было.
Кацярына лічыць, што як непражытая індывідуальная траўма ўплывае на чалавека, так і непражытая калектыўная траўма ўплывае на грамадства. Можа быць, шмат што ў сучаснай Беларусі перадумоўлена тымі самымі траўмамі, якія мы абралі выціснуць, а не перажываць?
На гэтае пытанне адказвае падкаст «Што ты тут забыў». Ён не падобны на апісаныя вышэй падкасты, бо распавядае не пра асобных людзей і асобныя разлады, а пра «разлады» нашага грамадства. Аднак для нас, беларус_ак, можа мець сапраўднае тэрапеўтычнае ўздзеянне.
Падкаст выходзіць на беларускай мове.
Text by Дар'я Гардзейчык