«Трэба спрабаваць» – новае шоу пра беларускія
недзяржаўныя ініцыятывы, якія працуюць у розных сферах: абараняюць правы
ўразлівых груп людзей, ладзяць івэнты па нефармальнай адукацыі, прасоўваюць
экалагічны лад жыцця і гэтак далей.
Каманда падкаста «Трэба спрабаваць» намагаецца
згрунтаваць атамізаваную грамадзянскую супольнасць і спрадукаваць
падтрымліваючы кантэнт. «У эпізодах, што
чакаюць слухачоў наперадзе, пойдзе гаворка пра паспяховыя кейсы добрых спраў з
мінулага, досвед працы “па-над граніцамі”, новыя лічбавыя інструменты, якія
можна скарыстаць у сваіх пачынаннях», – падаграваюць інтарэс да свайго
кантэнту рабяты. У падкасце будуць парады актыўных людзей для іншых актыўных
людзей, лінкі на працоўныя інструменты і дадатковы кантэнт па тэме.
Першы эпізод прысвечаны таму, з чаго ўсё
пачынаецца. Ён распавядае пра тое, як сабраць валанцёр_ак для праекта ці
ініцыятывы. Эксперткі – трэнерка нефармальнай адукацыі, праектная менеджарка
Сахарок і феміністка, удзельніца праекта Dotyk, рэдактарка падкастаў «Квир Курилка»
і «ДК Борщевика» Яніс Саар – распавядаюць пра тое, як праводзіць анбордынг
новых людзей і адаптаваць іх у калектыве такім чынам, каб той не рассыпаўся
пасля першага ж івэнту. Мяркуецца, што падкаст будзе карысны як тым, хто
набірае валанцёр_ак на адзін івэнт, так і рабятам, што разлічваюць сабраць
доўгайграючую шматфункцыянальную каманду.
Падкаст прадстаўлены на ўсіх папулярных пляцоўках, якія ты знойдзеш тут.
Раней студыя дакументальных праектаў Vozera
запусціла аўдыяшоу «Беларусы на удалёнке».
Text by Zamandarin