Жанр тру-крайм (англ. «сапраўднае злачынства») шмат каму знаёмы па легендарнай перадачы Леаніда Канеўскага «Следства вялі», што нарадзіла вялізарную колькасць мемаў. Аднак, нягледзячы на месцамі вельмі дзіўнае афармленне, «Следства вялі» – выдатны прыклад жанру тру-крайм. То-бок дакументалкі, якая распавядае пра рэальныя злачынства, якія здарыліся некаторы час таму. Тру-крайм можа існаваць не толькі ў выглядзе фільмаў, але і як артыкул, кніга або падкаст. Пра тру-крайм падкасты мы сёння і пагаворым.
Тру-крайм падкасты звычайна належаць да віду наратыўных падкастаў. Гэта значыць, тру-крайм – гэта звычайна не размова некалькіх людзей пад запіс, а гісторыя, якая развіваецца ўвесь эпізод, а часцей – увесь сезон падкаста.
Звычайна ў наратыўных падкастах ёсць вядоўца, які непасрэдна распавядае гісторыю, аднак, каб стварыць паўнавартасную аўдыядакументалку аднаго расказчыка недастаткова. У такіх падкастах шмат фрагментаў інтэрв’ю, прамой гаворкі герояў падзей, дакументальных запісаў, цытат з крыніц і гукавых спецэфектаў. Менавіта ў наратыўных падкастах мы чуем трывожную музыку, якая з’яўляецца ў асабліва напружаныя моманты; спевы птушак, калі падзеі адбываюцца на прыродзе; і гукі машын, што імчаць па шашы, побач з якой апынуліся героі гісторыі.
Відавочна, такога кшталту фармат ідэальнае пасуе жанру дакументалкі пра злачынцаў. Дарэчы, менавіта з такой дакументалкі пачаўся бум падкастаў па ўсім свеце.
Serial – падкаст, з якога ўсё пачалося
Аднойчы амерыканская журналістка і прадзюсарка падкаста This American Life Сара Кёніг атрымала ліст ад адвакаткі Рабіі Чаўдры. Рабія распавяла шэкспіраўскую драму пра закаханых падлеткаў, рэўнасць і забойства ў горадзе Балтымор штата Мэрыленд.
У 1999 годзе ў Балтыморы была забітая старшакласніца Хэ Мін Лі. У забойстве абвінавацілі былога хлопца дзяўчыны – Аднана Саеда. Аднак адвакатка Чаўдры, якая ведала Саеда з дзяцінства, не верыла ў яго віну.
Рабія Чаўдры звярнулася да Сары Кёніг у 2013 годзе: Аднан Саед на той момант быў за кратамі ўжо 13 гадоў. Сара Кёнінг пачала праводзіць сваё журналісцкае расследаванне, якому прысвечаны першы сезон падкаста Serial.
Менавіта з Serial пачаўся рэнесанс усяго жанра падкастаў, калі ў Амерыцы масавы слухач звярнуўся да гэтага спосаба спажывання кантэнту.
Першы сезон падкаста трапіў на першыя пазіцыі чарта iTunes яшчэ да прэм’еры і ўзначальваў гэты рэйтынг яшчэ некалькі месяцаў пасля заканчэння. Менавіта з Serial пачаўся рэнесанс усяго жанра падкастаў, калі ў Амерыцы масавы слухач звярнуўся да гэтага спосабу спажывання кантэнту.
Феномен Serial быў менавіта ў тым, што падзеі развіваліся з выпуску ў выпуск, калі Сара Кёніг прадстаўляла новыя і новыя факты, прымушаючы слухачоў прагна сачыць за следствам.
На жаль, падкаст Serial, нягледзячы на шалёную папулярнасць, так і не быў перакладзены на іншыя мовы. Таму паслухаць яго здолеюць толькі тыя, хто добра валодае ангельскай. Аднак на падставе падкаста HBO ў 2019 годзе выпусцілі дакументальны міні-серыял «Справа Аднана Саеда» (англ. The Case Against Adnan Syed), які даступны на расейскай мове.
«Трасса 161»
У 2019 годзе расейская журналістка Таісія Бекбулатава заснавала медыяпраект «Холад» – «незалежнае выданне, якое распавядае пра найважнейшыя гісторыі».
У межах праекту ў тым жа 2019 годзе выйшаў першы сезон падкаста «Траса 161». Таісія Бекбулатава даведалася з навінаў, што хакаскія следчыя затрымалі маньяка, які забіваў жанчын на працягу некалькіх гадоў. Таісію зачапіла гэта гісторыя: як яна сама кажа ў першым эпізодзе падкаста, было адчуванне, што ўвесь гэты час маньяк нават не хаваўся. Нешта не сыходзілася.
Як часта бывае ў расейскіх медыяпраектах, тру-крайм гісторыя пра маньяка пераўтвараецца ў сацыяльную драму пра жыццё правінцыйнага горада, некампетэнтнасць праваахоўных органаў, беднасць і алкагалізм.
Разам з рэдактарам Аляксеем Панамаровым Таісія Бекбулатава паглыбляецца ў гісторыю маньяка з сібірскага горада Абакан. Як часта бывае ў расейскіх медыяпраектах, тру-крайм гісторыя пра маньяка пераўтвараецца ў сацыяльную драму пра жыццё правінцыйнага горада, некампетэнтнасць праваахоўных органаў, беднасць і алкагалізм.
У гэтым і феномен падкаста «Холад»: гэта не проста якасна зробленая гісторыя расследавання серыйных забойстваў, але і выдатна прапісаны фон жыцця дэпрэсіўнай сібірскай глыбінкі. Аўтары дасягаюць гэтага эфекту праз фонавыя аповеды пра геаграфію рэгіёна, запісы размоў з таксоўцамі і іншымі мясцовымі жыхарамі; і інтэрв’ю з ахвярамі, якія выжылі пасля сустрэчы з маньякам.
Śledztwo Pisma
Першы сезон зроблены польскі рэпарцёрам Мірэкам Влеклым. У 2014 годзе Мірэк напісаў лонгрыд для Gazeta Wyborcza пра бацькоў, якія сістэматычна катавалі прыёмных дзяцей. Пара была асуджаная да некалькіх гадоў зняволення. Гісторыю можна было б лічыць скончанай, калі б у 2019 годзе Мірэк раптам не атрымаў інфармацыю аб тым, што пара не панесла пакарання і знаходзіцца на волі.
Гісторыя пра катаванні садыстычных прыёмных бацькоў пераўтвараецца ў гісторыю вялізарнага падману, маніпуляцый і махлярства. Аказваецца, што Агата і Ян – так завуць пару – не проста два садыстычных чалавека з хворымі ўяўленнямі пра выхаванне дзяцей, а халодныя разумныя злачынцы, якія майстэрскі ўціраюцца ў давер да людзей дзеля ўласнай выгады.
Мусім папярэдзіць, што, у тым ліку праз гэтыя аўдыяэфекты, падкаст моцна ўплывае на эмацыйны стан.
Калі расейскі тру-крайм падкаст у нейкі момант пераўтвараецца ў гісторыю пра дэпрэсіўную правінцыю, то польскі падкаст Śledztwo Pisma ў нейкі момант становіцца гісторыяй пра злоўжыванні ў каталіцкай царкве і карумпаванае чынавенства.
Трэба адзначыць, наколькі якасна аўтары падкаста працуюць з саўнддызайнам. Музыка, адмыслова напісаная для гэтага падкаста, трымае ў напружанні на працягу ўсяго аповеда. А фонавыя размовы дзяцей, калі падзеі адбываюцца ў школе, і абвесткі дыктара на вакзале, калі рэпарцёр выпраўляецца ў падарожжа, паглыбляюць у атмасферу і ствараюць эфект прысутнасці.
Мусім папярэдзіць, што, у тым ліку праз гэтыя аўдыяэфекты, падкаст моцна ўплывае на эмацыйны стан. Таму, калі ласка, разлічвайце свае сілы, перш чым паглыбіцца ў гісторыю пра катаванні дзяцей, махлярства і псіхічныя хваробы.
Падкаст даступны толькі на польскай мове.
«Не та людина»
Украінскі падкаст журналістак Алесі Лук’яненкі і Анастасіі Рахманінавай. У адрозненні ад апісаных вышэй падкастаў, Алеся і Анастасія робяць менавіта гістарычную дакументалку па адкрытых крыніцах: гэта нельга назваць журналісцкім расследаваннем.
Галоўны герой падкаста – украінскі маньяк Сяргей Ткач. Яго арыштавалі ў 2005 годзе. Калі за Ткачом прыйшлі супрацоўнікі праваахоўных органаў, Ткач тэатральна сказаў: я чакаў вас 25 гадоў! Калі маньяк пачаў прызнавацца ў забойствах, высветлілася, што за 9 з іх ужо былі асуджаны, атрымліваецца, зусім недатычныя людзі. Адзін з мужчын, якога арыштавалі за забойства, здзейсненыя Ткачом, павесіўся ў СІЗА.
У чарговы раз гісторыя пра серыйнага забойцу становіцца не проста партрэтам жорсткага маньяка, але сацыяльнай драмай, якая выкрывае грамадскія праблемы.
Падкаст – украінамоўны, але некаторыя з суразмоўцаў журналістак размаўляюць па-расейску. У чарговы раз гісторыя пра серыйнага забойцу становіцца не проста партрэтам жорсткага маньяка, але сацыяльнай драмай, якая выкрывае грамадскія праблемы. Галоўная з іх – нізкія кампетэнцыі супрацоўнікаў праваахоўных органаў, недасканаласць судовай сістэмы і карупцыя. Што цікава, з’явы гэтыя інтэрнацыянальныя: такія праблемы ёсць і ў Расеі, і ў Польшчы, і ва Украіне і ў ЗША.
Беларускі тру-крайм
Беларускіх тру-крайм падкастаў няма. Прынамсі, нам яны не вядомыя.
Тру-крайм падкасты звычайна патрабуюць вялікіх рэсурсаў, і не толькі часу і грошай. Журналісты, якія робяць такога кшталту падкасты, мусяць ужывую сустракацца са сведкамі злачынстваў, размаўляць са следчымі, шукаць інфармацыю ў архівах, шукаць заметкі ў тлустых падшыўках газет.
Ва ўмовах, калі абсалютная большасць журналістаў знаходзіцца па-за мяжой, а любое ўзаемадзеянне з органамі ўнутраных спраў здаецца небяспечным, рабіць такога кшталту журналісцкія расследаванні – справа маларэальная.
Што рабіць магчыма – гэта распавядаць пра сусветна вядомыя злачынствы на падставе дакументальных фільмаў, архіва навін і артыкулаў, што можна знайсці ў інтэрнэце. Так робяць, напрыклад, вядоўцы расейскага падкаста «Дневники Лоры Палны». У падкасце двое вядоўцаў, і кожны выпуск адзін з іх распавядае гісторыю сусветна вядомага або вядомага расейскага серыйнага забойцы. Другі вядоўца задае пытанні і каментуе па ходзе аповеда. Падаецца, такі фармат можа быць файным пачаткам для беларускага тру-крайма.
Пра каго рабіць падкаст?
Калі вы загарэліся ідэяй зрабіць падкаст пра беларускіх забойцаў, прапануем вам гісторыі маньякаў, якія мусяць зацікавіць слухачоў.
«Светлагорскі кашмар» Ігар Міранкоў
На пачатку дзевяностых у Светлагорску пачалі знікаць дзеці – хлопчыкі 9-13 гадоў. У міліцыі не было аніякіх зачэпак, а па гораду хадзілі чуткі, быццам дзяцей крадзе нейкая таямнічая групоўка.
Восенню 1993 года мясцовыя жыхары знайшлі труп хлопчыка ў лесе ля чыгуначнай станцыі. Надзеі на тое, каб знайсці дзяцей жывымі, у бацькоў не засталося.
Невядома, колькі б яшчэ забойстваў здзейсніў Міранкоў, калі б следчыя раптам не ўспомнілі пра выпадак у Рэчыцы, калі невядомы малады чалавек на матацыкле Ява адвёз у лес хлопчыка 13 гадоў, згвалціў і хацеў забіць, але перадумаў. Як высветлілі следчыя, уладальнікам Явы быў той самы Міранкоў.
Алег «Залаты Зуб» Беднякоў
У 2003 годзе ў Менскім раёне малады чалавек напаў на незнаёмую дзяўчыну. Дзяўчына распавяла пра выпадак сваім знаёмым, якія адшукалі злачынца і моцна збілі, але ў міліцыю не перадалі. Збітым маладым чалавекам аказаўся Алег Беднякоў, які ўжо не адзін год гвалціў жанчын у Менскай і Берасцейскай абласцях.
Асудзілі Беднякова толькі ў студзені 2016 года. Да гэтага часу ён рэгулярна здзяйсняў згвалтаванні: пры чым не толькі ў Беларусі, але і ў Расеі і Польшчы.
«Віцебскі душыцель» Генадзь Міхасевіч
Самы вядомы беларускі маньяк, якога часта параўноўваюць з Чыкаціла.
У травені 1971 года Міхасевіч, па ўласных словах, растаўся з каханай дзяўчынай, і планаваў з-за гэтага самагубства. Пошукі месца для суіцыда прывялі мужчыну ў Полацкі раён, дзе каля вёскі Экімань ён раптам сустрэў маладую дзяўчыну Людмілу Андралаву. У гэты момант Міхасевіча паразіла думка, што чым забівацца з-за бабы, лепей забіць якую іншую бабу. Міхасевіч згвалціў і задушыў няшчасную Людмілу. Гэта было першае забойства. За наступныя 14 гадоў Міхасевіч здзейсніў іх яшчэ 35.
За гэтыя 14 гадоў злачынствы Міхасевіча былі асуджаныя 14 невінаватых чалавек. Аднаго з іх растралялі.
Text by Дар'я Гардзейчык