З кожным эпізодам ты адточваеш сваё падкасцерскае майстэрства з упартасцю ювеліра. Ты рупліва падбіраеш гасцей для наступных эпізодаў, кожны з якіх opinion leader у сваім асяроддзі. Ты нават публікуеш скрыпты выпускаў, каб аматары пачытаць таксама сачылі за тваім падкастам. Але з цягам часу ты заўважаеш, што знаходзішся на плато праслухоўванняў ужо досыць часу і не супраць караскацца далей. Тады час скараць ютуб з фэйсбукам, ціктокі і ўсялякія рылзы. Твае ноў-хаў – відэападкасты! Расказваем чаму і як.
Відэападкаст – гэта не проста відэа на YouTube, вызначальным словам тут застаецца «падкаст», то-бок гэта аўдыяпадкаст з элементамі відэа. Розніца паміж відэападкастам і звычайным відэа на YouTube палягае ў тым, што відэаэлементы ўзбагачаюць аўдыё інфармацыяй, атмасферай або проста служаць вокладкай-заглушкай. Безумоўна, гэтыя два фарматы перасякаюцца, але галоўная розніца ў тым, што відэападкасты маюць больш агульных рысаў са звычайнымі падкастамі, толькі з візуальным складнікам.
Хто слухае падкасты на YouTube?
Ты можаш здзівіцца, але самая папулярная пляцоўка, на якой слухаюць падкасты, – гэта YouTube. Згодна з даследваннем Універсітэта Фларыды і Futuri Media, 70,2% аматараў аўдыяшоў слухаюць іх праз YouTube і толькі 33,9% і 32,6% праз Spotify і Apple Podcast адпаведна. Большасць слухачоў падкастаў на YouTube робяць гэта і на іншых платформах, але чвэрць з іх пагружаецца ў аўдыёнаратывы выключна на сваім любімым ютубчыку.
Большасць з іх мае 18-24 года або 55-64 гадоў. Пераважна яны ўключаюць падкасты праз YouTube на лэптопе або хатнім кампутары і маюць даход на сям’ю $50k на год ці менш (канадскія рэаліі). Прычына нумар адзін, па якой яны слухаюць падкасты менавіта на YouTube, заключаецца ў тым, што гэта іх «галоўнае месца энтэртэймэнту». Ты паглядзеў новы кліп Ланы дэль Рэй, пазаймаўся ёгай па відэаўроках, заліп на рандомныя shorts, а затым паслухаў новы эпізод свайго любімага падкаста. Дарэчы, з вялікай доляй верагоднасці гэта будзе The Joe Rogan Experience: больш паловы рэспандэнтаў сведчаць, што слухалі або глядзелі яго шоў у апошні месяц.
Аўдыторыя YouTube – 2 міліярда чалавек, Spotify – 230 млн. чалавек. Гэта значыць нават імавернасна знайсці новую аўдыторыю на YouTube значна прасцей.
Якім можна рабіць відэападкаст?
- Статычная карцінка
Самы просты варыянт, які не патрабуе ніякіх інвестыцый, толькі трохі больш часу, чым падчас звычайнай публікацыі эпізоду. Гэта, можна сказаць, ground floor тваёй прысутнасці на YouTube. Сэрвіс прымае толькі відэа, таму хочаш не хочаш, але запусціць любы (!) відэарэдактар табе давядзецца. Грузіш туды эпізод цалкам, дадаеш яго вокладку або фотку-некалькі па тэме на фон – і пагналі: можна заліваць! Далей ты пішаш учэпісты заг, апісанне, пазначаеш ключавыя словы – і чакаеш, калі кола ютуб-фартуны ўзнясе цябе ў топы пошуку.
- Візуалізацыя і субтытры
Каб усё выглядала стылёвей, можна дадаць на статычную карцінку аўдыёграму, то-бок візуалізацыю гука ў дынаміцы. Гэта даволі проста зрабіць з такімі бясплатнымі і ўмоўна-бясплатнымі сэрвісамі, як Astrofox ці Headliner. Узровень для апантанных пачаткоўцаў, асабліва якія старанна транскрыбуюць усе эпізоды: аздобіць візуал субтытрамі (у тым ліку, хоць на ўвесь экран). Гэта значна павысіць прыцягальнасць твайго відэа па прычыне, якую мы апішам пазней. Таксама раім наразаць з такіх відосаў кароткія тызеры, якія як зернеткі разляцяцца па сацсетках падкаста.
- Анімацыя
Тут ужо цягне на творчую калабу. Ад факталагічнага стылю з інфаграфікай да псіхадэлічнага падкаста-анімацыйнага фьюжна The Midnight Gospel – выбіраць табе. Але што гэта прыцягне ўвагу дадатковай аўдыторыі, у тым ліку той, якая стане слухаць/глядзець падкаст, у першую чаргу, з-за анімацыі, можна сказаць дакладна.
- Здымкі на камеру
Вось мы дабраліся да класічнага варыянту відэападкасту: здымкі на відэа ўдзельнікаў шоў. Фармат не новы і, па сутнасці, эквівалентны тэлевізійным або ютубавым ток-шоў. Табе спатрэбіцца ўвесь здымачны набор: камера(-ы), святло, студыя, інтэр’ер, мэйкап. Гэта дорага, займае шмат часу, патрабуе каманду. Але калі ты вырашаеш гуляць па-буйному і маеш на гэта сродкі, то ты зможаш спаборнічаць і з Джымі Фэланам, і з Мікітам Мелказёравым, і з Юрам Дудзём. Тут увесь акцэнт перамяшчаецца на майстэрства і харызму вядоўцы. У якім выпадку ток-шоў можна лічыць падкастам? Калі ты можаш закрыць экран, а сэнс шоў ад гэтага не згубіцца.
- Анлайн-запіс
Дзіцё кавіду. Ты запісваеш падкаст анлайн праз канферэнцыю? Чаму б тады не запісаць яе разам з відэа? Гэта не патрабуе дадатковых выдаткаў, але забяспечвае твой падкаст паўнавартаснай відэаверсіяй. Прасунуты варыянт: кожны ўдзельнік можа праапгрэйдзіць свой сэтап добрай камерай і запісваць сябе асобна – у выніку можа атрымацца не горш, чым падчас класічнага запісу ў студыі.
- Відэападкаст з b-roll кадрамі
B-roll кадры – гэта дадатковыя відэаматэрыялы, якімі ілюструецца гутарка герояў падкаста. Гэта могуць быць, напрыклад, архіўныя фота і відэа, табліцы і графікі, сюжэтныя рэканструкцыі. Глядзіцца такі фармат лёгка, гледачу пастаянна даюць разнастайную візуальную ежу. Гэта ўжо вышэйшы пілатаж, які набліжае твой відэападкаст да паўнавартаснай тэлевізійнай перадачы.
Што варта памятаць, калі робіш відэападкасты?
- Рэдагаваць відэападкаст – не тое ж самае, што звычайны. Паўзы, словы-паразіты і няўдалыя дублі так проста не выдаліш з відэападкаста, каб не рвалася карцінка. Можна мяняць кадры або падстаўляць бі-ролы, але так не зробіш паўсюль. Таму старайся лепш падрыхтавацца да падкаста з відэа або расслабся і go with the flow.
- Падкаст на YouTube ці Facebook давядзецца заліваць асобна, гэтыя сэрвісы не працуюць з RSS-патокам, таму аўтаматычна ў тваіх відэаканалах не з’явяцца.
- Неабавязкова на відэасэрвісах выгружаць увесь эпізод. Ты можаш нарэзаць тызеры, яскравыя ўрыўкі, аздобіць іх відэа і апублікаваць не толькі ў Facebook і ў YouTube, але і таксама ў TikTok і рылзах Instagram. Так ты запосціш кароткі кантэнт, які добра разлятаецца ў гэтых медыя і падвысіць твой падкаст у цэлым у выдачах пошукавых сістэм, а таксама зацікавіш людзей дабрацца да поўнай версіі на стрымінгах.
Яшчэ некалькі аргументаў за тое, каб рабіць відэападкасты
Відэападкасты – гэта цяперашні трэнд. Нядаўна Spotify дадаў магчымасць аплоўдзіць іх праз Anchor (пакуль толькі для карыстальнікаў з некаторых краін), а YouTube запусціў (пакуль толькі для ЗША) старонку падкастаў, дзе падсвечваюцца новыя і папулярныя эпізоды, а таксама рэкамендуецца іншыя падкасты.
Відэакантэнт у сацсетках запускаецца адразу і без гуку па дэфолце. Гэта значыць, што цікавы відэашэраг ці субтытры пачынаюць лавіць увагу патэнцыйнага фолавера яшчэ нават да таго, як ён націсне кнопку «паслухаць». А ён можа не націснуць, бо знаходзіцца на лекцыі, у аўтобусе ці з дзіцём, якое побач спіць. Таму спакойна можа працягнуць твой падкаст глядзець. Уаўдыяпадкаста такога шанца не было б.
Згодна з даследаваннямі, відэа выпадаюць у 70% са ста лепшых выніках пошуку. Гэта значыць, што падняцца ў топы гугла з падкастам пра мадулярныя сінтэзатары з відэа табе будзе нашмат прасцей (мы таксама ў гэта верым!).
Канешне, дадаць відэа – гэта не тое, што патрэбна кожнаму падкасцеру. У той час як відэа мае шмат пераваг – больш шчыльнае ўзаемадзеянне з аўдыторыяй і больш інтэнсіўны распаўсюд – яно патрабуе дадатковых выдаткаў на вытворчасць. Табе трэба будзе ўкласці грошы ў камеру, навучыцца рэдагаваць відэа і знайсці час для кіравання дадатковым каналам кантэнту. Але калі ты гатовы развіваць свой падкаст у гэтым накірунку, то твае намаганні акупяцца стакроць.
Text by Manaxrom