«Забі зяпу» пакрысе становіцца парасонавым брэндам: у кейсе праекта беларускамоўных падкастаў папаўненне – шоу «Вось, што я знайшоў у Вікіпедыі». Тут Уладзь Кароткі разам са сваімі сябрамі-сяброўкамі распавядае пра ўсё цікавае, што яны накапалі ў бяздонных інтэрнэтах.
У анонсе гэтае «цікавае» акрэсленае як «мастачкі Рэнесансу, трубадуры, Машэраў, Ісландыя» – то-бок чакаць ад новых выпускаў можна чаго заўгодна, а будзе ўсё роўна сюрпрыз. Фактычную базу ў «Вось, што я знайшоў у Вікіпедыі» Уладзь абяцае аздабляць жартамі ды асабістымі гісторыямі. Што атрымліваецца па выніку – можна ацаніць па першым выпуску: ён прысвечаны людзям, якія верылі, што жывуць у пекле.
Уладзь і Соня абмяркоўваюць рух катараў – «добрых хрысціян», якія жылі ў Паўднёвай Францыі ў XII стагоддзі і меркавалі, што чалавецтва заціснутае ў кайданкі злога бога, які стварыў хлуслівы свет матэрыі. Катары лічыліся ерэтыкамі, яны адмаўлялі Стары Запавет, першародны грэх, былі пацыфіст_камі і не мелі нічога супраць таго, каб жанчыны атрымлівалі святарскі сан. Папа Рымскі Інакентый ІІІ разгарнуў супраць катараў рэальны крыжовы паход, але пра іх сёння ведаюць толькі спецыяліст_кі.
Слухаць «Вось, што я знайшоў у Вікіпедыі» можна на ўсіх больш-менш папулярных пляцоўках, спасылка – вось.
Таксама нагадваем пра гутарковае шоу «Забі зяпу», якое зараз гартуецца другім сезонам; пра медытацыі на беларускай мове «Дыхай вольна», што дапамагаюць пераадольваць трывожку, і пра падкаст «Праца, грошы, рок-н-рол», дзе размаўляюць пра грошы, заробкі, фрыланс і творчасць (гэта калаба «Забі зяпу» і «САМІ», арыентаваная на маладых слухач_ак).
Text by Zamandarin