Калі калядны настрой скраў Грынч ці купіны дарослага жыцця, даводзіцца здабываць яго самастойна. З гэтым могуць дапамагчы не толькі свечкі, пледы і іншыя атрыбуты хюге, але і падкасты, якія настройваюць на веру ў цуд і веру ў сябе. «Беларускі Падкаст Хаб» сабраў адмысловую дзясятачку.
Аўдыятэка Беларускага ПЭНа
Крутая ідэя для доўгіх зімовых вечароў – авалодаць якім-небудзь рукадзеллем або прапампавацца ў мелкаматорным занятку, які ўжо крыху засвоіў(-ла). Ідэальным суправаджэннем для паглыблення ў хобі-медытацыю стануць аўдыякнігі з бібліятэкі Беларускага ПЭН-цэнтра.
Тут шмат усяго, і вочы разбягаюцца, але калі хочаш мэтанакіравана ўчапіць за нос пераднавагодні настрой, раім пачаць з тэксту «Калядны стол. Некулінарная кніга» Зараславы Камінскай. Кніга адкрывае партал у дзяцінства з яго пакатушкамі на санках і лепшым на свеце сняданкам – белым хлебам з маслам. Толькі ні ў якім разе не слухай яе на пусты страўнік! Інакш апісанне таго, як правільна трэскаць варэнікі з чарніцай можа даставіць табе не толькі асалоду, але і маленькую фрустрацыю.
«Дзікае паляванне караля Стаха»
Працягваем тэму аўдыякніг рэкамендацыяй «перачытаць» топавую аповесць Уладзіміра Караткевіча ў запісе 2022 года. Агучвае рамантычны дэтэктыў знакаміты акцёр Купалаўскага тэатра Алег Гарбуз. Яго аксамітны голас з інтанацыямі чалавека, які бачыў жыццё, становіцца гарманічным правадніком містычнай гісторыі пра мінулае, якая абуджае трывогу за сучаснае. «Многім холадна жыць на зямлі, пані, – кажа герой Караткевіча вуснамі Гарбуза. – Вінаваты ў гэтым людзі, якія прагнуць улады, непасільнай, немагчымай для чалавека. Вінаваты таксама і грошы, з-за якіх людзі хапаюць адзін аднаго за глотку».
«Пімкі»
Яшчэ адзін мастацка-літаратурны падкаст. Зроблены ён у 2020 годзе па кнізе пісьменніка Кірыла Стаселькі з Барысава. Па жанры «Пімкі» – гэта раман-казка, у якой гісторыя роду пераплятаецца з гісторыяй Беларусі, міфалогіяй і фальклорам (усё, як мы любім). Гэты атмасферны падкаст – яшчэ адзін напамін пра тое, што цмокі, багнікі і іншыя нячысцікі заўсёды жывуць побач з намі. Убачаць іх толькі тыя, хто навучыцца бачыць па-за межамі звыклага. А калі ўбачаць – здабудуць свабоду, якая да гэтага была ім недасяжная. Паслухай, калі пад Каляды прагнеш вынаходлівых містычных сюжэтаў, якія выкладзены цудоўнай моваю.
«Кніжная шафа»
Узімку колькасць прачытаных кніг заканамерна павялічваецца, і калі твой спіс must-read патрабуе новых пунктаў, зацані гэты падкаст. Называецца ён у гонар кнігарні, дзе працуюць яго вядучыя. «Кніжную шафу» на Грушаўцы ведаюць абсалютна ўсе кнігалюбы беларускай сталіцы, бо менавіта ў гэтым падвальным памяшканні, якое яшчэ паспрабуй знайдзі, можна набыць самыя навінкі белліту і самыя гучныя кніжкі сезону. Вядучыя распавядаюць аб тым, што прадаецца найлепш, рэкамендуюць кнігі ў сваім гусце (а ён у іх супер!), дзеляцца фан-гісторыямі з жыцця крамы, успамінаюць пацешныя дыялогі з наведвальнікамі. Эпізодаў «Шафы» выйшла ўсяго дзевяць, і падкаст стаў на прыкол. Рэкамендуем слухаць усе запар і чакаць на абновы.
«Белліт пад піва»
Закругляем кніжную тэму гэтым шоу. Пакуль ты не завёў(-ла) уласны кніжны клуб, можаш падпісацца на кніжныя гутаркі гэтых трох дзяўчат. Вядучыя на чыле, пад піўко, без цэнзуры абмяркоўваюць беларускую класіку і творы сучасных аўтараў. Нягледзячы на крынжовую ультрабадзёрую распевачку пад Smoke on the Water і даволі жвавы тэмп гутаркі, развагі пра белліт гучаць тут расслаблена і вельмі прыязна. Калі школьная праграма здавалася нуднай, а аўтары кніг – высакалобымі знежывелымі занудамі, то «Белліт пад піва» дапаможа гэта адчуванне перафарматаваць. Якуб Колас, напрыклад, паўстае перад слухачамі сапраўдным панкам, а Іван Шамякін – чалавекам, які вельмі дрэнна разбіраецца ў жанчынах.
«Батин патефон»
Журналіст, музыка і зумер Саша Маніту распавядае пра музычных герояў пры падтрымцы (або супраціве) нейрасеткі Баця. Кожны эпізод – гэта крута сабраная, захапляльная гісторыя знакавых персанажаў сцэны і іх рэлізаў. Сярод герояў – Die Antwoord, twenty one pilots, Placebo, My Chemical Romance і іншыя рабяты, якія хаця б адной песняй ды трапляюць у плэйліст кожнага меламана. Саша абаяльна распавядае, Баця абаяльна бурчыць, разам яны ўводзяць цябе ў стан прыемнай тугі па тых часах, калі ўсе гэтыя песні служылі саўндтрэкам для бурлівай гармонамі юнасці.
«Палёныя пёры»
Калі навінкі кіно цябе расчароўваюць (так, так, раней і дрэвы былі зелянейшымі), можа, час перагледзець «Бруса Усемагутнага» або «Душэўную кухню»? Гэты падкаст нагадае табе пра важныя фільмы, якія ты мог(магла) прапусціць або не прапусціў(-ла), але на сёння памятаеш толькі агульны вайб ды галоўныя твісты. У кожным выпуску падкаста «Паленыя пёры», які выходзіць на Radio Plato, вядучая распавядае пра пяцёрку шэдэўраў мінулых гадоў і ставіць музыку, якая ў іх гучала.
«Пра оперу па-чалавечы»
У сезон тэатраў самы час падцягнуць матчастку па веданні оперы. Зрабіць гэта дапаможа оперная спявачка Анастасія Мацкевіч. У коратка нарэзаных эпізодах па 5–10 хвілін уладальніца прыемнага мецца-сапрана паспявае даць гістарычныя факты пра оперу, распавесці цікавыя факты аб канкрэтных творах і паставіць урыўкі са знакавых мастэрпісаў. Тут табе і пра барока, і пра спевакоў-кастратаў, і шмат-шмат пра Вольфганга Амадэя Моцарта, і трошачкі, але важнага пра нашых землякоў з выдатным музыкальным густам – Агінскіх.
«Поставили.Сняли»
Падкаст пра тэатр, дакументальнае кіно і кінаклубы 90-х у Беларусі. Вядучыя – тэатральны крытык Людміла Грамыка, гісторык кіно Ірына Дзям'янава і кінакрытык Дар'я Амяльковіч. У госці да іх прыходзяць як стваральнікі беларускага тэатра і кіно, так і людзі, якія прафесійна аналізуюць іх творчасць. Шмат з таго, што тут распавядаюць, можа падацца незразумелым, калі няма «базы» і ведання персаналій, але нават калі так, не бяда: праз «Поставили.Сняли» ты даведаешся, які багаж назапасіла беларуская культура за годы незалежнасці краіны, і станеш лепей яе разумець. Пачаць з рэкамендуем выпуска, які прысвечаны вопытам Уладзіміра Караткевіча ў дакументальным кіно, а таксама з эпізода, дзе да вядучых завітаў галоўрэж дзяржаўнага тэатра лялек Аляксей Леляўскі.
Vandra
Калі ты з тых беларусаў, якія ўзімку ставяць вандроўную актыўнасць на стоп, раім сачыць за падкастам Vandra, каб дарожкі да беларускіх славутасцей не зусім запарушыла падчас тваёй спячкі. Аўтар падкаста гутарыць з экспертамі ў сферы краязнаўства, мастацтвазнаўства, турызму, гісторыі, рэстаўрацыі – і капаюць яны досыць глыбока. Паслухай, напрыклад, пра рэстаўрацыю неагатычнай капліцы роду Ажэшкі ў Заказелі або пра габрэйскую рэлігійную адукацыю ў Беларусі. А самы атмасферны выпуск Vandra прысвечаны Палессю: пра асобны паўднёва-беларускі сусвет расказваюць жыхары весак Вялікія і Малыя Чучавічы. У іх прастадушныя гісторыі з птушкамі на бэк-вакале пагружаешся з першых хвілін – і вынырваеш толькі на фінальнай музычцы.
Text by Zamandarin