«З’ехаць ці застацца?» – усё яшчэ актуальнае для многіх беларусаў пытанне, правільнага адказу на якое не існуе. Тут ужо кожнаму і кожнай вырашаць толькі за сябе. Каманда падкаста «Я остаюсь?» збірае гісторыі рашэнняў, якія былі прынятыя.
Мэта праекта – задакументаваць уражанні, эмоцыі, адчуванні, звязаныя з радзімай і развітаннем з ёй. Мяркуецца, што такім чынам можна хоць бы падступіцца да рэфлексіі і паспрабаваць зразумець адзін аднаго. Тым, хто з'ехалі, зразумець тых, хто застаецца; а тым, хто застаўся – тых, хто ўзялі квіток у адзін канец. Аўтар_кі «Я остаюсь?» упэўненыя, што універсальнага адказу на тытуальнае пытанне няма, усім, хто яго сабе задае, насамрэч цяжка і фраза «Табе лёгка казаць, таму што ты з'еха_ла/заста_лася» выклікае толькі боль і можа раз’юшваць.
Назвы выпускаў дазваляюць крыху зарыентавацца ў тым, што ты пачуеш: пра разрыў сувязяў, пра адчуванне дома, якога няма, пра спробы вярнуць нармальнасць свайго жыцця, пра каханне і аб’юз, пра «лепшы свет» недзе ў іншым краі і пытанне «А чаму я павінна з'язджаць?», пра андэграўнд і любімыя месцы на мапе пакінутых (на час ці назаўжды) гарадоў.
Паслухаць «Я остаюсь?» можна на ўсіх папулярных пляцоўках, вось тут знойдзеш неабходныя лінкі.
А калі захочацца больш кантэнту па тэме, варта паслухаць амаль аднайменны падкаст «Я остаюсь» (толькі без пытальніка), які запісвае прадакшан Malanka. Ён прысвечаны беларусам, якія выбралі заставацца ў краіне, і спікер_камі тут выступаюць самі гэтыя людзі – проста іх голас мяняюць для ананімізацыі.
Text by Zamandarin