Распачаўся другі сезон падкаста «Забі зяпу». Чарговы эпізод атрымаў назву «Пра адзіноту: як мы любім яе і ненавідзім».
У ім вядучыя Даша і Уладзь амаль 50 хвілін разважаюць пра адзіноту і супярэчнасці пачуцця адзіноты, скардзяцца адно адному на тое, як цяжка падтрымліваць стасункі на адлегласці, і на тое, як энергазатратна здабываць новыя знаёмствы. Не абыходзіцца выпуск і без абмеркавання сіндрому FOMO (англ. fear of missing out – «боязь прапусціць штось цікавае»), які так лёгка правакуюць сацсеткі. Карацей, актуальнасць топіка зашкальвае.
Стваральнікі шоу спадзяюцца, што размова будзе мець гаючы эфект і для тых, хто пачуваецца самотна ў эміграцыі, і для тых, хто нудзіцца ў родым кутку. Зараз Уладзь жыве ў Нямеччыне, а Даша – у Беларусі, і абодвум пачуваецца нялёгка, але па-рознаму.
Другі сезон «Забі зяпу» будзе трымацца таго ж курсу, што быў намацаваны ў першым дзясятку выпускаў. То-бок гэта будзе маладзёжны, балбатушны, каляпсіхалагічны, у чымсьці тэрапеўтычны падкаст для слухач_ак, якія рэспектуюць падкастам на беларускай мове, але стаміліся ад кантэнта, што кружляе выключна вакол беларускай гісторыі ды мовы. Даша і Уладзь будуць абмяркоўваць важныя тэмы ў фармаце сяброўскай гутаркі. На некаторыя выпускі, магчыма, запросяць гасцей (але гэта не дакладна).
Падкаст «Забі зяпу» пачаў выходзіць у канцы красавіка 2022 года і зафіналіўся восенню. За гэты час вядучыя паспелі абмеркаваць пачуццё сораму, прыхільныя і залежныя адносіны, веру, талент і пошукі сябе, «развод» з сябрамі, асабістыя граніцы. Але, падаецца, неахопленыя тэмы яшчэ засталіся.
Text by Zamandarin