Паўтары гадзіны гаварылі пра беларускі рытэйл з Валянцінам Сакалоўскім, дырэктарам па развіцці бізнесу кампаніі DataTile: як выжываюць беларускія крамы, чаму беларусам не спадабаўся расійскі дыскаўнцер «Светлафор», як жыць без «Віталюра», пра культавы «Еўраопт» на Мантажнікаў і як калісьці адкрывалі «Карону» у Брэсце.
Валянцін усё расказаў доступна, зразумела і з гумарам. Нават калі вы ніколі не цікавіліся гандлем, эканомікай і рытэйлам, усё роўна раім паглядзець ці паслухаць — атрымаце асалоду 🙃
Усіх, хто даслухае падкаст да канца, чакае бонус-трэк — песня «Ходзіла маці па магазіне», напісаная штучным інтэлектам ChatGPT.
Колькі льготных кватэр могуць пабудаваць у Беларусі шматдзетныя? Чаму ў нейкі момант Domestos у дзіцячым садку стаў больш важным за дзяцей? Што ў цэлым не так з падтрымкай сем'яў у Беларусі? Ці лёгка ўзяць 4 дзяцей і пераехаць з Беларусі ў Польшчу? Усё гэта абмеркавалі з цудоўнай Настассяй Мельнікавай (https://www.instagram.com/nastiamelnikova7/).
69,4% беларусаў назвалі 2022 год удалым для сябе — такія дадзеныя тэлефоннага апытання нядаўна апублікаваў Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі. Але мы, як сапраўдныя беларусы, ужо даўно не верым у падобныя лічбы. І папрасілі сацыёлага Дар'ю Урбан расказаць, што за звер такі гэтая сацыялогія, як праводзяцца апытанкі грамадскага меркавання і наколькі можна давяраць іх дадзеным. Асабліва, калі гэтыя апытанні робяцца сёння ў Беларусі сярод беларусаў.
«Хоць бы аднушку ў Сокале (пасёлку пад Менскам) купілі б, што вы сабе думаеце?» — так пачыналася амаль кожная размова з бацькамі, пакуль у нас не было свайго жылля. Цяпер нашы квадратныя метры засталіся ў Беларусі, а мы пераехалі ў здымнае жыллё. А з-за існуючага і нарастаючага трындэца ўласнае жыллё не здаецца такім ужо і важным і патрэбным, а фатаграфіі хаты, саду і ўчастку выглядаюць як з іншага жыцця. Чаму пытанне квадратных метраў з'яўляецца адным з найважнейшых для беларусаў? Пагаварылі пра гэта з Юрыем Сігаем (https://www.youtube.com/@nebytovuha), блогерам і маркетолагам. Ён два гады будаваў сваімі рукамі дом на беразе Дняпра ў Гомельскай вобласці, а потым выставіў яго на продаж (https://www.kufar.by/item/159029812) і з'ехаў у Польшчу. Паразважалі з ім пра тое, ці ёсць жыццё пасля будоўлі, ды яшчэ і ў здымнай кватэры.