Культура

Літаратура

Лайфстайл

Сторытэлінг
Адкуль бяруцца кнігі
Падкаст, у якім пісьменнікі і пісьменніцы дзеляцца жыццёвымі гісторыямі ды прыадкрываюць таемную механіку творчасці.
Эпізоды
9
Сартыроўка:
30.08.2023
01:16:49
Саша Філіпенка

Саша Філіпенка — сапраўдная фабрыка прозы. За апошнія дзесяць год ён выдаў шэсць раманаў, найвядомейшыя з якіх — “Былы сын”, “Чырвоны крыж”, “Крэмулятар”. У кожнай кнізе Саша эксперыментуе з формамі і жанрамі. Але пра што б ён ні пісаў — пра юнацтва ў непрытомнай Беларусі, пра жыццё падлеткаў у дзіцячым доме, пра цкаванне журналістаў, пра сталінскія рэпрэсіі або пра дырэктара крэматорыя, — усе ягоныя раманы заснаваны на рэальных падзеях, якія ўражваюць і пужаюць больш за любы вымысел.  

У новым выданні падкасту Саша дзеліцца развагамі пра каханне, Мінск як месца сілы, працу фларыстам і няспраўджаную кар’еру кантрабасіста, пра любоў да сына і перманентнае адчуванне трывогі. А таксама распавядае, як гуляе па могілках ды асвойвае авіясімулятар, каб лепш разумець сваіх герояў. Як ідэі раманаў прыходзяць яму цалкам “пад ключ”. Навошта публікуе плэйлісты да сваіх тэкстаў і чаму пісьменніцтва — гэта не пра натхненне, а пра вінаробства.

14.07.2023
01:07:53
Вольга Гапеева

Вольга Гапеева — асоба шматгранная. Піша інтэлектуальныя раманы і дзіцячыя кніжкі. Займаецца гендарнымі і моўнымі даследаваннямі. Перакладае з англійскай, нямецкай ды японскай. А з нядаўняга часу яшчэ і малюе. Але найперш Вольга вызначае сябе паэткай. 

Бо менавіта паэзія наймацней уплывае на ўсе ейныя літаратурныя іпастасі. Апошнім часам аўтарка жыве ў Нямеччыне. А ў яе вершах усё часцей гучаць галасы людзей, якіх не чуваць у сённяшніх аглушальных падзеях.  

У новым выданні падкасту Вольга Гапеева распавядае, чаму паэзія  немагчымая без эмпатыі, дзеліцца асабістымі гісторыямі пра досвед цялесных самапашкоджанняў, траўматычныя жарсці і моц псіхатэрапіі. А таксама разважае пра акварэльную вершаванку, раіць заўжды рабіць нататкі і дае майстар-клас таго, як з будысцкім спакоем успрымаць крытыку.

14.06.2023
00:51:09
Наста Кудасава

Вершы Насты Кудасавай — заўжды  нататкі з краю бездані. Аднак сёння яны гучаць як лек і паратунак. Летась аўтарка пакінула родныя берагі Дняпра, цяпер жыве на марскім узбярэжжы ў Польшчы. Але яе лірычная гераіня — дзяўчынка, што расла сярод лясоў і балот, — усё гэтак жа балюча адчувае свет.

25.05.2023
00:53:49
Сабіна Брыло

Сабіна Брыло — рэдкі выпадак вяртання ў паэзію ў сталым узросце. Аўтарка перастала пісаць з нараджэннем дзіцяці і парушыла маўчанне толькі праз 14 гадоў. У апошнія гады выйшлі дзве кніжкі вершаў. Тэксты Сабіны Брыло лаканічныя, па-хармсаўску абсурдныя, часам прарочыя і заўжды горка-іранічныя. Бо свет занадта страшны, каб пісаць пра яго сур’ёзна. Паэтка родам з Барысава два гады таму была вымушаная пераехаць з Мінска ў Вільню і дагэтуль складана перажывае разлуку з домам. У новым выпуску падкасту Сабіна распавядае пра душэўны і фізічны боль, які з ёю ўсё жыццё, пра патаемнае жыццё вершаванкі і парадоксы прамаўлення, а таксама пра свой перфекцыянізм і вялізную асалоду ад паэзіі.

10.05.2023
01:20:43
Дзмітры Строцаў

Дзмітры Строцаў піша паэзію больш як 40 гадоў. І кожны верш — адказ на патрасенні гэтага свету. Апошнім часам аўтар жыве ў Берліне і працуе ў жанры паэтычнага рэпартажу, дзе сведчыць пра сучасныя падзеі, што несупынна збіваюць з ног. У новым выданні падкасту Дзмітры распавядзе пра дзіцячыя пластылінавыя сусветы, любоў да памылак, каханне як сімфанічны досвед, а таксама пра тое, як быць з натхненннем і чаму агрэгатны стан паэзіі — гэта плазма.

26.04.2023
01:12:58
Ганна Севярынец

Для Ганны Севярынец пісьменніцтва пачалося з даследчыцкай цікаўнасці. Пошукі ў архівах. Паездкі па мясцінах расстраляных паэтаў. І стосы дакументаў — фотаздымкі, лісты, даведкі, дзённікі — паступова ажылі, замільгацелі дэталямі. Склаліся ў трохмерную карціну менскага літаратурнага жыцця 20—30-х гадоў. Раманы “Дзень Святога Патрыка” і “Гасцініца Бельгія” нарадзіліся з сапраўднага кахання да блізкіх па духу беларускіх аўтараў. У сённяшнім выданні падкасту Ганна распавядзе, як без шкадавання крэсліць няўдалыя старонкі, чым у літаратуры ёй дапамагае агарод і чаму пісьменніцтва — гэта сэксуальны занятак.

12.04.2023
00:47:03
Таня Скарынкіна

Паэтка Таня Скарынкіна — зацятая калекцыянерка. Усё нясе ў дом: фотаздымкі, паштоўкі, прыгожыя рэчы са сметнікаў. Але найбольш ёй падабаецца збіраць чалавечыя гісторыі, у якія аўтарка ўглядаецца па-дзіцячаму цікаўным позіркам. Таня  жыве ў Смаргоні, дзе бясконца знаходзіць сюжэты для сваіх паэтычных зборнікаў і кніг эсэ. У гэтым выданні падкасту Таня распавядзе, як навучылася не баяцца пісаць “па-калгаснаму”, чаму любіць працаваць, стоячы за канторкай, і як нават са спрэчкі з выпадковым мужыком у краме можа атрымацца верш.

29.03.2023
00:39:14
Адам Глобус

Адам Глобус — мультыінструменталіст у літаратуры. Аўтар-хамелеон. Піша вершы і прозу, раманы і хоку, гарадскія жахаўкі ды рок-тэксты, эратычныя апавяданні, дэтэктывы на продаж і апакрыфічна рэалістычныя партрэты сУчаснікаў. У новым выданні падкасту нязменны герой літпрацэсу распавядзе, чаму вандроўка да егіпецкіх пірамідаў выявілася стратэгічнай памылкай, як на яго творчасць паўплываў алкаголь і чаму пісьменніку часам карысна дапісацца да беліберды.

28.02.2023
01:08:42
Таццяна Заміроўская

Таццяна распавядае, як прыдумляе апавяданні ў фонавым рэжыме мозга, пры якой умове этычна браць чужую гісторыю, а таксама як мігрэнь і Джон Ленан дапамаглі ёй напісаць раман.

1x
Чэк-чэк, гэта ж плэер! Выбірай эпізод падкаста з каталога і пагналі.