Грамадства

Ментальнае здароўе

Размоўны
Новая зямля
Тэрапеўтычны падкаст пра эміграцыю. Шчыра размаўляем пра досвед жыцця па-за межамі Беларусі, абмяркоўваем цяжкасці і радасці эмігрантаў.
Эпізоды
13
Сартыроўка:
21.09.2023
00:32:52
Чалавек, у якога ўсё добра ў эміграцыі

Даша прыехала ў Польшчу з мужам, сынам, двума сабакамі і... пазыкай у 3 тысячы еўра. Але кажа, што ніводнага дня не шкадавала, што прамяняла родны Гомель на Гданьск. І нават пашпарт, які заканчваецца праз паўгады, ніяк не псуе яе энтузіязм ад пераезду.

У гэтым выпуску падкаста мы спрабавалі вывесці Дашу на чыстую ваду і ўсё-такі высветліць, ці сапраўды ў яе ўсё так добра ў эміграцыі. І таксама зразумець, чаму яе вабіць больш Партугалія, а не Сож, сельмаш і палац Румянцавых i Паскевічаў.

09.09.2023
00:26:24
Страхі перад эміграцыяй: чаканне і рэальнасць

Гэты выпуск тэрапеўтычнага падкаста будзе карысны беларусам, якія толькі яшчэ задумваюцца пра эміграцыю і хвалююцца, што на чужой старонцы да іх будуць ставіцца вельмі негатыўна. Вядучыя падкаста падзяліліся сваімі страхамі і чаканнямі перад пераездам у Польшу: Паша ўзгадаў, што баяўся, каб не папрабівалі колы ў машыне, а Поля — што яе будуць біць украінцы. Таксама Поля і Паша расказваюць гісторыі пра рэальнасць: што думаюць палякі пра беларусаў і як сябраваць з украінцамі.

А яшчэ ў выпуску Паша зачытвае цытаты пра эмігрантаў са свежай прапагандысцкай прэсы з Беларусі. Але нядоўга — гэта можна і праматаць 😂

03.09.2023
00:39:37
Эміграцыя з двума дзецьмі, сабакам і 500 далярамі ў кішэні

У нас на тэрапеўтычным падкасце зноў вельмі крутая госця: Марына была ў Беларусі фатографам, а потым пераехала ў Гданьск з 500 далярамі ў кішэні. І пайшла працаваць спачатку посудамыйкай, а потым у таксі.

Марына расказала нам сваю гісторыю эмігранта: пра тыдзень ролтана дзеля аплаты кватэры, пра падоранае Уберам каханне, а таксама пра спробы вярнуцца ў прафесію фатографа і арганізацыю трансфармацыйных гульняў.

Зафрэндзіць Марыну можна тут — https://instagram.com/sikorka_pl_gd

26.08.2023
00:31:06
Як вывучыцца на фларыста ў польскай паліцэальнай школе

У Польшчы ёсць бясплатныя паліцэальныя школы, у якіх за год-два можна атрымаць якую-небудзь прафесію — фларыста, масажыста, ахоўніка, апекуна і г.д. І атрымаць сертыфікат еўрапейскага ўзору, які ў тым ліку дае замежнікам свабодны доступ на польскі рынак працы.

Да нас у падкаст прыйшла Воля, якая ўжо адвучылася на фларыстку, і расказала, якую карысць яна атрымала ад наведвання паліцэальнай школы цягам года па выходным.

18.08.2023
00:34:29
Як пакінуць дом і сяброў, калі табе 16

Як выглядае эміграцыя вачыма дарослых — мы ўсе ведаем (або можам уявіць). А вось што адчуваюць дзеці і падлеткі, якіх бацькі ставяць перад фактам змены краіны?

І мы знайшлі такога «дзіцёнка», каб запісаць выпуск пра падлеткавую эміграцыю 😂 Соне было 16 гадоў, калі ёй прыйшлося пераехаць з Беларусі ў Польшчу. І яна шчыра расказала, што пры гэтым адчувала і як гэтая рэлакацыя змяніла яе планы на жыццё.

11.08.2023
00:20:07
Адзінота ў эміграцыі

Калі ты пераязджаеш у новую краіну адзін (без сям'і і хатніх жывёлак), то застаешся ў эміграцыі ў... адзіноце. У гэтым выпуску Поля расказвае пра тое, як яна сябе адчувала, калі раптам засталася сам насам з сабой. А таксама як яна перажывала сваю адзіноту і якія бонусы атрымала з гэтай сітуацыі: «Эміграцыя хутка дапаможа пасябраваць з сабой, ну або хутчэй прывядзе вас да тэрапеўта».


Калі вам таксама адзінока ў эміграцыі, прыходзьце да нас у каменты ці пішыце ў прыватныя паведамленні у інстаграме — Поля абацала ўсім ўдзяліць увагу і паразмаўляць пра жыццё.

05.08.2023
00:38:45
Нататнік ідэй для Беларусі і жыццё на чамаданах

Яна спецыяльна жыве ў Беластоку, бо тут віленскае барока і блізка да мяжы. Яна запісвае ідэі для Беларусі, садзіць на гаўбцы бульбу і марыць аб рамонце бацькоўскай хаце ля Бярэзінскага запаведніка.


У наш тэрапеўтычны падкаст завітала Марыя, якая зараз жыве на чамаданах, каб прама на ровары паехаць да памежнага пераходу і заняць месца ў чарзе.

28.07.2023
00:47:04
Бясплатнае лячэнне інсульту і ніякай бальнічнай кашы: гаворым пра медыцыну ў Польшчы

Пра медыцыну ў іншых краінах па-за межамі Беларусі ёсць шмат страхаў: накшталт таго, што калі пакатаешся на хуткай з мігалкамі, то потым усё жыццё будзеш плаціць па бальнічных рахунках.

Да нас у падкаст прыйшла Кацярына, якая «паспела» схапіць у Польшчы інсульт і разведаць знутры, як працуе польская медыцына. Распыталі яе пра тое, як лечаць і як кормяць у шпіталях, а таксама колькі грошай яна заплаціла за лячэнне.

Ну і хэштэг выпуска — #ЗдароўяПолі. Хто даслухае да канца, той даведаецца, чаму ёй гэтага здароўя трэба вельмі многа 😂

21.07.2023
00:27:26
Ці магчыма ў эміграцыі захаваць сувязь з радзімай

З кожным днём эміграцыі нітак, што звязваюць цябе з радзімай, становіцца ўсё менш: сціраюцца ўспаміны, распрадаецца маёмасць, усё больш знаёмых аказваюцца з табой па адзін бок мяжы.


Якія нітачкі яшчэ трымаюцца, а якіх ўжо няма? Ці можна гэтыя сувязі з Беларуссю захаваць надоўга? І, галоўнае, ці варта гэта рабіць? Пра гэта ўсё сённяшні выпуск нашага тэрапеўтычнага падкаста.


І пішыце зваротную сувязь — ведаем, што многіх з вас гэтая тэма недзе ў глыбіні душы «падгрызае».

14.07.2023
00:46:38
Як сацыялізавацца ў новай краіне

Змяніць краіну пражывання — палова справы. Тут яшчэ трэба вывучыць мову і... завесці сабе сяброў. А можа нават і знайсці сваё каханне.

Гэтым разам абмяркоўваем, як сацыялізавацца ў Польшчы. Дзелімся сваім сціплым досведам, а больш слухаем нашага госця Яраслава, які тут жыве ўжо некалькі гадоў і польскім бары лёгка прыкідваецца палякам.

P.S. А вось музыка, пра якую мы гаворым у выпуску:

Perfect - Chcemy być sobą

Dawid Podsiadło

05.07.2023
00:51:39
Два пераезды з-за вайны

Каця пераязджала два разы: у 2014 годзе з Данбаса у Харкаў, у 2022 — з Харкава ў Гданьск. І абодва разы вымушана, з-за вайны. І цяпер Каця прыйшла да нас у падкаст, каб шчыра расказаць пра свой досвед двайнога пераезду.

Калі ў вас ёсць што дадаць па тэме, то абавязкова пішыце у наш Instagram або на пошту [email protected] — зачытаем вашыя гісторыі і думкі ў наступным выпуску.

27.06.2023
00:27:28
Як знайсці кватэру ў Польшчы і колькі каштуе арэнда

Знайсці жытло пры пераездзе ў новую краіну — гэта, бадай, адзін з самых стрэсавых фактараў. Бо дома ўсё вядома, ва многіх ёсць нават уласныя кватэры і дамы, а пры эміграцыі трэба пачынаць вырашаць кватэрнае пытанне з узроўню «зэро».

У гэтым выпуску мы — Поля і Павел, аўтары падкасту «Новая зямля» — дзелімся сваім досведам пошуку кватэр для арэнды ў Польшчы. Калі ў вас ёсць што дадаць па тэме — абавязкова пішыце ў каментарах або на пошту.

А мы тут пакінем спіс сайтаў, якія нам дапамаглі знайсці свае кватэры: Otodom.pl

Olx.pl

Morizon.pl

Gratka.pl

Facebook.com (суполкі і Marketplace)

ogloszenia.trojmiasto.pl

okolica.pl

HomeFinder BOT у Тэлеграм (@PLHomeFinderBot)

Калі хочаце прыйсці да нас у госці ў падкаст і душэўненька пагаварыць пра эмігранцкі лёс — пішыце на пошту [email protected]

17.06.2023
00:27:05
Што рабіць, калі ў эміграцыі адлятае кукуха

Гэта першы выпуск терапеўтычнага падкаста пра эміграцыю «Новая зямля», у якім размаўляем пра тое, як вярнуць сабе адчуванне рэальнасці і глебы пад нагамі, калі ты толькі выехаў з Беларусі жыць у іншую краіну.


Калі ў вас таксама ёсць лайфхакі, як вярнуць кукуху — пішыце нам на пошту [email protected], лепшае зачытаем у наступных выпусках.

1x
Чэк-чэк, гэта ж плэер! Выбірай эпізод падкаста з каталога і пагналі.