Пятую "Зялёную Размову" мы правядзем на ангельскай мове з Веснай Юсуп, грамадзянскай і экаактывісткай з Сербіі. На момант запісу падкасту кіраўніцай аддзела палітыкі, стратэгіі і развіцця Еўрапейскіх Зяленых ("European Greens").
Весна параўнае экалагічны актывізм у Сербіі і Брусэлі, распавядзе, як узаемадзейнічаюць актывісты і зялёныя парціі, і агучыць іх агульную мару. Вы даведаецеся пра тое, як жыве і развіваецца еўрапейская экалагічная супольнасць, у якіх еўрапейскіх краінах найбольш моцны экалагічны рух і чаму, а таксама атрымаеце шмат натхнення і добрых парад аб тым, што рабіць беларускім экаактывістам ў выгнанні.
Чацвёртую зялёную размову мы будзем весці з Ірынай Сухій, экаактывісткай і экаабаронцай, сузаснавальніцай Экадома і ўдзельніцай Беларускай антыядзернай кампаніі. Вы даведаецеся як экалагічны лад жыцця прыходзіў у беларускае грамадства, якімі шляхамі праходзілі беларускія прыродаахоўныя арганізацыі і што яны робяць зараз.
У трэцім выпуску "Зялёных Размоў" мы апынемся ў ледзь кранутым восенню Тбілісі каб паслухаць найцікавыя гісторыі Зуры Карбелашвілі, грузінскага майстра пермакультуры і спецыяліста па арганічнай сельскай гаспадарцы.
Ён дакладна растлумачыць чым арганічная сельская гаспадарка адрозніваецца ад прамысловай, якія прынцыпы закладзены ў яе аснове і ці павінны арганічныя прадукты каштаваць больш за звычайныя. Дзіўная філасофія і глыбокія веды Зуры ператвараюць размову ў сапраўднае падарожжа, у якім вы таксама даведаецеся якіх памераў былі традыцыйныя грузінскія збаны для віна, чаму ў Тбілісі зараз так спякотна і ці можна зладзіць рэвалюцыю з дапамогай адной саломінкі.
У другім выпуску "Зялёных Размоў" мы запрашаем вас пасядзець у віленскай кавярне з Канстанцінам Фаміным, былым медыякаардынатарам "Greenpeace Россия" і ўдзельнікам Climat Action Network International, а таксама праваабаронцам "Першага Аддзелу".
Ён раскажа пра тое, як спалучаюцца тэорыя і практыка экалагічнага актывізму і пра свой дзіўны насычаны шлях у ім. Вы даведаецеся на чым будавалася расійская кліматычная палітыка раней, якія праблемы, планы і мары расійскія кліматычныя актывісты маюць зараз, і ці можна абараніць прыроду толькі адной асобна ўзятай краіны.
Гераіня першага выпуску - Марыя Фалалеева, экспертка па кліматычнай палітыцы з Беларусі, якая сёння пражывае ў Ірландыі.
Вы даведаецеся, як змяняецца эканоміка з нагоды змены клімату, і ці з'яўляецца катастрофай прагназуемае пацяпленне на 2 градусы. Якая зараз кліматычная палітыка Беларусі, ці сапраўды такія канферэнцыі як COP27 гэта проста марнаванне слоў і часу, і якая краіна больш гатова да наступстваў змены клімату, ЗША ці Бангладэш.