Падчас працы з падкастамі мы не раз задаваліся пытаннямі: хто ўвогуле іх слухае, колькі такіх аматараў і што слухач_ак у падкастах вабіць больш за ўсё? І калі з амерыканскай і еўрапейскай статыстыкай больш менш вядома на гэты конт, то беларуская аўдыторыя – яшчэ не раскрытая тайна трэцяй планеты. Мы вырашылі выправіць гэтую сітуацыю і звярнуліся да Беларускай аналітычнай майстэрні (БАМ), якая стала ладзіць сацыялагічныя даследаванні, з прапановай даведацца больш пра беларускую аўдыторыю падкастаў. Вынікі нашых баданняў чытай ніжэй.
Тэрміналогія
Першае, на чым мы спыніліся, гэта азначэнне: што усё ж такі варта разумець пад падкастам? Варыянтаў, насамрэч, шмат, і, забягаючы наперад, скажам, што адзінага правільнага адказу няма. Гэта можа быць серыя эпізодаў на заданную тэму, якая выходзіць пераважна ў аўдыяфармаце. Але існуюць і відэападкасты. На падкаст можна падпісацца на стрымінг-платформах, але ёсць падкасты, якія існуюць лайвам у галасавых чатах Discord, Telegram або X. Падкасты распаўсюджваюцца пры дапамозе RSS-тэхналогіі, але гэтак сама могуць выпускацца і тэкставыя навіны.
Мы з Майстэрняй вырашылі не імкнуцца ахапіць усе падкастынгавыя сузор’і і засяродзіцца на больш нейтральным, стрыжнёвым варыянце, а менавіта пад падкастам мы будзем разумець аўтарскую аўдыяпраграму, аўдыяблог, які выходзіць на рэгулярнай аснове і які можна спампоўваць або слухаць анлайн. Такую фармулёўку мы і прапаноўвалі мэтавай групе даследавання.
Метадалогія
Даследаванне праводзілася метадам анлайн-апытання (CAWI) з 3 па 9 жніўня 2023 года. Агулам у апытанні ўзялі ўдзел 1595 чалавек. Сярод іх мы вылучылі мэтавую групу «Слухач_кі падкастаў» у 710 рэспандэнтаў, якія слухалі падкасты хаця б адзін раз на працягу апошняга месяца. Выбарка з’яўляецца рэпрэзентатыўнай адносна насельніцтва Беларусі з двума акалічнасцямі: у апытанні прымалі ўдзел рэспандэнты, якія маюць доступ да інтэрнэту, а таксама на час даследавання пражывалі ў Беларусі.
Сацыяльна-дэмаграфічная характарыстыка
Па выніках даследавання мы ўбачылі, што адрозненні паміж слухач_камі і не-слухач_камі падкастаў з пункту гледжання сацыяльна-дэмаграфічных прыкмет не істотныя. Слухач_ак крыху больш у Менску, Гарадзенскай і Берасцейскай абласцях, сярод іх трохі больш асоб з высокім узроўнем дастатку, слухач_ак трохі менш у населеных пунктах на 30-100 тыс. жыхароў. Аднак адрозненні знаходзяцца на межах ўзроўню значнасці; якіх-небудзь асаблівасцяў, якія сапраўды звяртаюць на сябе ўвагу, не выяўлена.
1 / 6
Слухач_кі падкастаў не валодаюць якімі-небудзь прыкметнымі асаблівасцямі з пункту гледжання занятасці, роду заняткаў, сферы дзейнасці, сямейнага становішча або ўзроўню даходу. Праслухоўванне падкастаў з'яўляецца адлюстраваннем спецыфікі асабістых інтарэсаў, ладу жыцця, каштоўнасцей, што, у сваю чаргу, можа быць звязана з асаблівасцямі адукацыі і сацыяльнага асяроддзя.
1 / 4
Адсутнасць якіх-небудзь сацыяльна-дэмаграфічных прыкмет, якія вылучаюць слухач_ак падкастаў у асобную групу, паказвае на тое, што прыцягненне новых слухач_ак і пашырэнне аўдыторыі падкастынгу не можа абапірацца на такога роду асаблівасці і павінна будавацца на іншых прыкметах (напрыклад, такіх як каштоўнасці, асаблівасці асобы, мадэлі паводзін).
Распаўсюджанасць падкастаў у медыяспажыванні беларус_ак
Каб зразумець, колькі беларус_ак увогуле ведаюць пра такі фармат медыя як падкасты, мы ў анкеце задавалі пытанне: «Для якой формы сродкаў масавай інфармацыі лепш за ўсё падыходзіць наступнае азначэнне: “аўтарскія аўдыяграмы, аўдыяблогі, якія выходзяць на рэгулярнай аснове, якія можна спампоўваць або слухаць анлайн”» і прапаноўвалі выбраць сярод адказаў «тэлебачанне», «радыё», «падкасты», «навінавыя сайты», «сацыяльныя сеткі», «мэсэнджэры», «стрымінгавыя платформы», «відэахостынгі».
1 / 2
30% рэспандэнтаў ведаюць, што такое падкасты. Многія беларус_кі блытаюць падкасты з іншымі сродкамі масавай інфармацыі, у першую чаргу, з сацыяльнымі сеткамі (25%). Але нельга сцвярджаць, што тут мы маем справу з памылкай. Сацыяльныя сеткі, як і некаторыя мэсэнджэры, уяўляюць сабой універсальныя платформы, якія прадстаўляюць доступ да самага разнастайнага кантэнту, у тым ліку да падкастаў. Людзі насамрэч мала задумваюцца над класіфікацыямі і фармальнымі азначэннямі, яны проста карыстаюцца тым, што іх вабіць. Шмат каму даволі складана правесці дакладную мяжу паміж уласна падкастамі і іншымі медыяпрадуктамі, асабліва калі гэтая мяжа ўмоўная па сваёй сутнасці.
Па выніках даследавання мы можам сцвярджаць, што 47% беларус_ак слухалі хаця б адзін падкаст менш месяца назад і, пры гэтым, 22% беларус_ак ніколі не слухалі падкастаў. Аднак варта заўважыць, што лічбы слухач_ак падкастаў могуць быць завышанымі ўсё з-за той жа невыразнасці тэрміналогіі ва ўспрыняцці людзей. Слова «падкаст» можа мець шырэйшае ці меней вызначанае значэнне ў беларускай інфармацыйнай прасторы.
Мы таксама запыталі рэспандэнтаў пра медыязвычкі, якія тычацца праслухоўвання радыё і музыкі, прагляду YouTube, фільмаў і тэлебачання, чытання кніг і газет, і высветлілі, што слухач_кі падкастаў у значна большай ступені ўцягнутыя ў праслухоўванне радыё, музыкі на стрымінгавых платформах і прагляду YouTube. Адзіны медыяпрадукт, у спажыванні якога не выяўлена ніякіх адрозненняў паміж слухач_камі падкастаў і астатнімі беларус_камі – гэта тэлебачанне.
1 / 11
Істотныя адрозненні ў аб'ёме спажыванай медыяпрадукцыі паміж слухач_камі падкастаў і астатнімі беларус_камі пры адсутнасці якіх-небудзь іншых бачных адрозненняў паказвае, што праслухоўванне падкастаў з’яўляецца часткай ладу жыцця, у якім спажыванне медыяпрадукцыі займае важнае месца.
Падкастэрскія звычкі
Для большасці з тых, хто слухаў падкасты на працягу апошняга месяца, праслухоўванне падкастаў з'яўляецца рэгулярным заняткам. 70% слухаюць падкасты хаця б раз на тыдзень, звычайна 3-5 эпізодаў агульнай працягласцю 2-2,5 гадзіны.
1 / 3
Падкасты часцей за ўсё слухаюць увечары (67%), многія таксама слухаюць днём (39%). Часцей за ўсё дома (78%), многія слухаюць у транспарце (25%) і ў аўтамабіле (21%). Палова слухач_ак падкастаў слухаюць іх у самоце, 45% – на адпачынку, 31% – у падарожжы, 19% – на працы, 17% – падчас шпацыру. Часцей за ўсё для праслухоўвання падкастаў выкарыстоўваецца тэлефон (94%), іншыя прылады – рэдка. Амаль усе слухаюць падкасты на рускай мове (99%), толькі нязначная частка выбірае падкасты на іншых. Паказальна, што англійская і беларуская мовы прыкладна аднолькава папулярныя – 17% і 12% адпаведна.
1 / 4
На беларускім рынку сэрвісаў доступу да падкастаў расійская стрымінг-платформа «Яндэкс.Музыка» займае дамінуючае становішча – 75%. Spotify абіраюць 22% рэспандэнтаў, Google Podcasts – 13%, а Apple Podcasts толькі 3% слухач_ак падкастаў.
1 / 2
Тэматычныя перавагі і фарматы
Падкасты для беларус_ак – гэта ў першую чаргу баўленне часу. У большасці выпадкаў беларус_ак цікавяць такія тэмы, як музыка (46%), гумар (42%), кіно (25%), псіхалогія (21%), здароўе (19%). Пры гэтым больш «сур'ёзныя тэмы», такія як палітыка, гісторыя ці эканоміка хоць і не адносяцца да ліку найбольш папулярных, таксама запатрабаваныя. У пераважнай большасці падкасты слухаюць з мэтай пазабавіцца, расслабіцца, адцягнуцца ад клопатаў, атрымаць станоўчыя эмоцыі.
Найбольш папулярныя падкасты – камедыйныя, незалежна ад фармату (42%). Сярод улюбёных фарматаў падкастаў – інтэрв’ю (34%), ток-шоу (31%), сольны (26%), аўдыядакументалкі (23%).
Большасць не любіць занадта доўгіх падкастаў. Аптымальная працягласць падкаста, па меркаванню беларускіх слухач_ак, павінна складаць каля паўгадзіны.
1 / 2
Папулярнасць беларускіх падкастаў
Многія слухач_кі падкастаў не праводзяць мяжы паміж беларускім і небеларускім кантэнтам. Адказваючы на пытанне пра любімыя беларускія падкасты, некаторыя рэспандэнты пазначаюць падкасты, якія на самай справе не з’яўляюцца беларускімі. Важна падкрэсліць, што большасць апытаных заяўляе, што не слухае беларускіх падкастаў (гэта не заўсёды так, многія на самой справе слухаюць, але проста не звяртаюць на гэта ўвагі, не ідэнтыфікуюць іх як беларускія, фактар «беларускасці» можа для іх не граць ніякай ролі).
Часта ў якасці прыкладаў любімых беларускіх падкастаў называюцца падкасты, якія тэматычна і змястоўна з Беларуссю ніяк не звязаныя, тэмы і змест якіх з'яўляюцца ўніверсальнымі. Беларускім у такіх выпадках можа быць толькі паходжанне або геаграфічнае размяшчэнне аўтараў.
1 / 2
У многіх выпадках (але не заўсёды) прычыны выбару беларускіх падкастаў звязаныя менавіта з іх нацыянальным характарам і з беларускай тэматыкай. Пры гэтым відавочна, што ўласна беларускі кампанент падкастаў, які разумеецца як тэматыка, звязаная з Беларуссю, арыентацыя на нацыянальную культуру і мову, з'яўляецца даволі нішавым прадуктам, мала цікавым пераважнай большасці слухач_ак.
У большасці выпадкаў, беларускае – гэта не толькі нацыянальная мова і культура, гэта яшчэ і «сур'ёзныя тэмы», такія як гісторыя, палітыка, эканоміка. Беларускае – гэта ў пераважнай большасці выпадкаў не забаўляльны кантэнт, то-бок не тое, што прыцягвае ў падкастах большасць беларускай аўдыторыі. Беларускае – гэта амаль заўсёды праблемнае, балючае, цяжкае, гэта сегмент рэальнасці, які не часта выходзіць у паўсядзённасць ці які большасць лічыць за лепшае не бачыць у сваёй паўсядзённасці. Ён проста не адпавядае запытам большасці слухач_ак. Стварэнне беларускага кантэнту, які б адпавядаў запытам больш шырокай аўдыторыі (напрыклад, забаўляльны кантэнт, самаразвіццё, адукацыя і іншыя «няцяжкія» тэмы), магчыма, маглі б змяніць сітуацыю і скарэктаваць успрыманне «беларускага» ў цэлым.
1 / 2
Хаця 82% рэспандэнтаў заявілі, што не слухаюць беларускія падкасты, аказалася, што ў рэчаіснасці доля тых, хто слухае беларускія падкасты, некалькі больш: па меншай меры, 30%. Гэта яшчэ раз пацвярджае, што для многіх «беларускасць» падкастаў не з'яўляецца нечым, на што яны звяртаюць увагу. Многія могуць проста не ідэнтыфікаваць беларускія падкасты як беларускія. Аналіз папулярнасці беларускіх падкастаў таксама паказвае, што ва многіх выпадках гаворка ідзе аб спецыфічным прадукце, які ў значнай меры арыентаваны на даволі вузкую аўдыторыю (гісторыя, мастацтва, літаратура, эканоміка).
У цэлым, беларуская аўдыторыя падкастаў мае вельмі невыразнае уяўленне пра беларускія падкасты. У многіх проста не сфарміравана меркаванне на гэты конт. На гэта паказвае вельмі высокая доля адказаў «Цяжка адказаць». Слухач_кі падкастаў (з тых, хто мае меркаванне) бачаць беларускія падкасты цікавымі (універсальная характарыстыка, якая мала пра што кажа), сур'ёзнымі, «для разумных людзей», сумленнымі. Гэтыя характарыстыкі кажуць аб тым, што ў агульным выпадку беларускія падкасты не ўспрымаюцца як нешта, што падыходзіць для баўлення часу і адпачынку. Гэта можа адштурхваць многіх патэнцыйных слухач_ак. Не шмат хто згодны з тым, што беларускія падкасты з'яўляюцца паспяховымі або папулярнымі. Увогуле, беларускія падкасты не бачацца вядомымі і ўплывовымі.
Калі казаць пра негатыўныя характарыстыкі, найбольшай праблемай беларускіх падкастаў з'яўляецца іх невядомасць. Таксама звяртае на сябе ўвагу характарыстыка «занадта шмат палітыкі», што фактычна азначае, што беларускія падкасты занадта сур'ёзныя, складаныя, не прыдатныя для адпачынку і прыемнага баўлення часу.
Вынікі і рэкамендацыі
Беларускія слухач_кі падкастаў з пункту гледжання сацыяльна-дэмаграфічных прыкмет не адрозніваюцца ад астатніх жыхароў Беларусі істотным чынам. Слухач_кі падкастаў адрозніваюцца ў першую чаргу больш высокай актыўнасцю ў медыяпрасторы.
Разуменне таго, што такое падкасты, дастаткова размытае, часта ў меркаванні людзей адсутнічаюць выразны падзел падкастаў і іншых медыяпрадуктаў. Дакладнае ўяўленне аб тым, што такое падкасты мае каля 30% беларус_ак. Аднак у дадзеным выпадку было б няслушным прыпісваць гэта нізкай дасведчанасці ці няведанню. Прырода сучаснай медыяпрасторы такая, што часта правядзенне мяжы з'яўляецца праблематычным або штучным. У выпадку падкастаў гэта асабліва прыкметна, паколькі многія падкасты прадстаўлены адначасова на падкаставых платформах, у сацыяльных сетках і асобных вэб-старонках. Многія рэсурсы з'яўляюцца мультыфарматнымі, прадстаўляючы доступ у тым ліку да падкастаў. На ўзроўні звычайнай свядомасці класіфікацыі і канцэптуалізацыі такога роду з'яў проста неістотныя.
Для большасці слухач_ак праслухоўванне падкастаў з'яўляецца важным элементам ладу жыцця. Праслухоўванне падкастаў з'яўляецца рэгулярным заняткам, які займае каля двух гадзін на тыдзень.
У большасці выпадкаў падкасты з'яўляюцца спосабам правядзення вольнага часу або выкарыстоўваюцца ў якасці сродку ад нуды. У пераважнай большасці людзі цікавяцца забаўляльным і гумарыстычным кантэнтам, пытаннямі самаразвіцця і здароўя. Прыкметная, але значна меншая частка прыходзіць за «сур'ёзным» кантэнтам.
Беларуская тэматыка займае прыкметнае, але далёка не галоўнае месца. У цэлым «беларускасць» у разуменні тэматыкі і мовы з'яўляецца нішавым прадуктам, што, па ўсёй бачнасці, звязана з тым, што беларускія падкасты не часта трапляюць у інтарэсы шырокай аўдыторыі. Беларускія падкасты бачацца занадта сур'ёзнымі, палітызаванымі, складанымі. Яны мала падыходзяць для адпачынку і прыемнага баўлення часу. У той жа час пэўную папулярнасць маюць беларускія падкасты нейтральнай тэматыкі (у выпадку якіх беларускасць з'яўляецца не больш чым геаграфічнай асаблівасцю).
Пашырэнне тэматычнага дыяпазону, дабаўленне «беларускіх» элементаў у найбольш папулярныя жанры і фарматы, як і стварэнне падкастаў на найбольш запатрабаваныя тэмы з беларускімі элементамі, па ўсёй бачнасці, маглі б істотна павялічыць попыт на беларускі сегмент падкастынгу, асабліва прымаючы да ўвагі, што ў цэлым у грамадстве ўспрыманне беларускага падкастынгу або станоўчае або несфармаванае. Гэта сведчыць аб вялікім нерэалізаваным патэнцыяле.
Аўтар даследавання – кандыдат сацыялагічных навук Алег Алампіеў, кіраўніца кампаніі – Марына Новікава
Беларуская аналітычная майстэрня – сацыялагічная аранізацыя, адкрытая прафесарам Андрэем Вардамацкім у 2012 годзе. Майстэрня рэгулярна ладзіць даследаванні беларускага грамадства, у тым ліку апытанні пра (не-)падтрымку вайны беларус_камі і давер беларус_ак да сродкаў масавай інфармацыі.
Text by Belarus Podcast Hub