У кожнага падкастара надыходзіць момант, калі колькасць падпісчыкаў шоу замірае, дадаючы ў месяц па чайнай лыжцы. Вядома, можна сядзець і чакаць, пакуль геніяльны прадукт заўважыць і зарэпосціць зорка з мільёнам падпісчыкаў у Instagram, але куды больш лагічна ўласнымі ножкамі пайсці ў той жа Instagram, каб расказаць пра сябе свету. Пагаворым пра тое, дзе і як шукаць новых слухачоў, якія могуць палюбіць цябе шчыра і надоўга.
Завядзі профілі шоу ў сацыяльных сетках
У якіх сацыяльных сетках канкрэтна – залежыць ад аўдыторыі. Калі час на эксперыменты ёсць, спрабуй ўсё: Instagram, Telegram, TikTok. Асноўны кантэнт, зразумела, павінен быць прысвечаны выхаду новых эпізодаў, каб тыя юзары, якія слухаюць падкасты менш актыўна, чым сядзяць у тэлезе, даведваліся пра тваі апдэйты хуценька. Але будзе зусім выдатна, калі сацыяльная сетка стане чымсьці яшчэ акрамя транслятара анонсаў. Падумай, як дадаткова быць карысным(-ай) слухачу або якім чынам яго забаўляць.
Так, беларускі падкаст «Забі зяпу» пазіцыянуе сябе як шоу «для тых, хто хоча пачаць размаўляць на роднай мове». Цалкам лагічна, што іх інстаграм стаў такім бэксайдам, што падтрымлівае агульную місію: пашырае слоўнікавы запас, раскрывае нюансы розных правапісаў, дае лайфхакі па пераходзе на беларускую мову, прасоўвае беларускамоўны кантэнт. А вось падкаст «Так склалася гістарычна» вядучая Ганна Дзягель крута прасоўвае ў ціктоку, дзе развейвае міф пра паходжанне тапоніма «Гомель», параўноўвае прыгоннае права ў ВКЛ ды Рэчы Паспалітай і Расійскай імперыі, разважае, была б БССР без БНР, і ўсяляк даказвае, што гісторыя Беларусі – прадмет не нудны.
Сацсеткам важна надаваць рэгулярную ўвагу, і ў першую чаргу – адказваць на ўсе хоць колькі-небудзь змястоўныя каментары. Добры падкаст – гэта размова, якая працягваецца па-за плэерам.
Тэгай і сачы за трэндамі
Зразумела, што хэштэг #podcast не прынясе табе нічога, але хэштэг з назвай твайго шоу – гэта магчымасць для таго, хто зацікавіцца, даведацца пра шоу больш. Можна прыдумаць спецыфічныя хэштэгі, якія развядуць эпізоды па тэмах. Напрыклад, калі твой падкаст прысвечаны эміграцыі, будзе крута прыдумаць хэштэг для розных яе відаў: студэнцкай, працоўнай, палітычнай і гэтак далей. Можна выкарыстоўваць і хэштэг, па якіх ты сам(-а) шукаў(-ла) б рэлевантны кантэнт.
Абавязкова адзначай гасцей шоу і персон, якія былі ў ім згаданыя. Нішто не працуе лепш за персанальную рэкамендацыю. Тэгай таксама праекты і канторы, пра якія ішла гаворка: бяздушнаму капіталісту узроўню Nike будзе пляваць на адзнакі сціплага падкасту на неанглійскай мове, а вось у лакальных брэндаў цікавасць, можа, і з'явіцца.
Не пакідай без увагі трэнды: падумай, што можаш зняць пад гук, які цяпер ірве TikTok, зрабі сторыс з мемаснай інстамаскай, не трымай у сабе добры жарт на злобу дня, калі ў цябе ёсць жывенькі Twitter.
Расказвай пра падкаст наогул паўсюль
Многія падкастары саромеюцца самарэкламіцца, а дарма: няма нічога ганебнага ў тым, каб распавядаць пра класны прадукт (а ён класны, праўда?). Перш-наперш «кэшыруй» уласны сацыяльны капітал і расказвай фрэндам і падпісчыкам пра свой падкастарскі бок жыцця.
Шукай тэматычныя групы і каналы. Тут беларускамоўным падкастам не тое каб ёсць дзе разагнацца, але прынамсі данясі інфу пра сябе стваральнікам Беларускага Podcast Hub ды адмінам тг-канала «Беларускія падкасты». Уступі ў профільныя чацікі накшталт «Подкастология» і «Подкасты і подкастеры. Чат». Закідвай інфу пра новыя выпускі ў групы, падпісчыкам якіх можа быць цікавая канкрэтная тэма.
Крута, калі ты добра ведаеш сваю аўдыторыю і яе інтарэсы. Калі пакуль не вельмі, то з гэтым дапаможа статыстыка пляцовак і прыёмы, якія можаш падгледзець у гэтым матэрыяле пляцоўкі Anchor. А калі ў цябе ўжо з’явяцца актыўныя каментатары і дарадчыкі ў сацыяльных сетках, не залянуйся паглядваць, што гэта за людзі і чым яны жывуць, – там можа быць суперкарысная інфармацыя.
Фота з Freepik
Часам ёсць сэнс зайсці на тэрыторыю іншага фармату – у літары. Зрабіў(-ла) інтэрв'ю з урбаністам? Можаш перавесці яго ў тэкст (цалкам або толькі частку) і апублікаваць у медыя, якое піша пра гарадское уладкаванне, з актыўнымі спасылкамі на твой падкаст. Зразумела, што не ўсе чытачы канвертуюцца ў слухачоў, затое аўдыторыя тэксту дакладна будзе твая, «цёплая». Акрамя таго, тэкст шануюць пошукавыя робаты (на жаль, да таго, каб слухаць падкасты, тэрмінатары пакуль не дараслі), і пашукавікі будуць паказваць тэкст пад рэлевантныя запыты. «Інклюзіўны горад», «бяспечны горад», «лепшыя жылыя раёны», «праектаванне паркаў» – шукае інтэрнэт-сёрфер. І – хоп! – трапляе на тваё інтэрв'ю, а там, глядзіш, і на падкаст пераключыцца.
Сябруй
Крос-прасоўванне – інструмент, якім карыстаюцца многія: ты рэкамендуеш ў сваім падкасце іншы падкаст, а яго вядоўцы ў сваю чаргу рэкамендуюць твой. Эфектыўнасць такога перакрыжаванага апылення стане вышэй, калі вашы аўдыторыі каштоўнасна блізкія адна да адной, але гэта не адна тусовачка. Ну і, вядома, крос-прамоўшэн з маленькім падкастам – гэта, лічы, дабрачыннасць з твайго боку, а падкаст, у параўнанні з якім маленькі ўжо ты сам, не факт, што пагадзіцца цябе прасоўваць. У любым выпадку разглядай іншых падкастараў як аднадумцаў, а не як канкурэнтаў – у гэтай супольнасці месца пад сонцам хопіць усім.
Выкарыстоўвай любую магчымасць расказаць пра падкаст. Калі цябе запрашаюць падзяліцца недзе сваёй экспертнасцю – гоў!
Рабі відэа
Гаворка не пра тое, каб сысці ў паўнавартасны відэафармат, а пра тое, каб прысутнічаць у тым ліку на пляцоўках, куды людзі прыходзяць за відэа. Ведаеш – не ведаеш, але многія штукі на ютубе «глядзяцца» ў фонавым рэжыме, разам з іншымі справамі. Першае, што прыходзіць тут у галаву, – LoFi girl з музыкай для вучобы і рэлаксу. Чаму ж фонам не можа быць падкаст? Для ютубнай версіі дастаткова падрыхтаваць карцінку-заглушку, як, напрыклад, гэта зроблена ў падкаста Bellit. Або зрабіць анімацыю – узорам хай будзе застаўка падкаста-расследавання «Ученицы».
І, вядома, у тваім распараджэнні такія інструменты як Stories, Reels, TikTok, Shorts на YouTube і кругалі ў телеграме. Даволі папулярная тэма – посціць яркія аўдыяўрыўкі з выпуску на фоне плэера, выглядае гэта, напрыклад, вось так. Рабіць сторысы з цытатамі дапаможа апка to Story. Удалы прыклад Reels – акаунт «Teenager Therapy», аўтары якога выкладваюць кавалачкі размовы на «студыі» і пытаюцца ў фаловераў, што яны думаюць з нагоды канкрэтных сітуацый і як адказвалі б на тыя ж пытанні, на якія адказваюць вядучыя.
Залучай
Ідэя, якая ляжыць на паверхні, – заварыць конкурс. У прынцыпе, норм, людзі любяць спаборнічаць і штосьці выйграваць. Але конкурс дзеля конкурсу наўрад ці дасць вялікі выхлап: паўдзельнічаць у віктарыне за смартфон можа хто заўгодна, а табе патрэбная публіка, якая застанецца паслухаць, што ты там такое запісваеш у гэтых сваіх падкастах.
Таму падумай, як абыграць ідэю конкурсу ў рамках каштоўнасцяў, якія транслюе тваё шоў. Тут важныя і змест, і падарунак. Калі падкаст пра кіно, лагічна дарыць квіткі ў кінатэатры і падпіскі на кантэнт-платформы, але можна злаўчыцца на нешта больш унікальнае кшалту старэнькай VHS-касеты з аўтографам зоркі дзяцінства ці рэдкага постара ў рамцы пад шклом. Для падкаста пра беларускую гісторыю здаецца лагічным замуціць прасценькую віктарыну пра Вітаўтаў і Гедымінаў, але можна зрабіць яшчэ крок – і звузіць ды канцэптуалізаваць змест. Пра што канкрэтна твой падкаст? Гэта нешта ў духу фан-фактаў, каб твае падпісчыкі маглі бліснуць эрудыцыяй у застольнай гутарцы? Ці ты распавядаеш пра нешта вядомае з нечаканага ракурсу? Ты хочаш адукаваць? Здзіўляць? Проста забаўляць? Падпушваць нацыянальную самасвядомасць? Падумай, як можа выглядаць конкурс, які не проста прынясе падарунак камусьці і дзясятак-іншы падпісчыкаў табе, а пралье вадзіцу на млын агульнай, не пабаімся гэтага слова, місіі.
Так, пра што б ні казалі ў межах гутаркі пра падкастынг, мы абавязкова будзем вяртацца да гэтага: што за каштоўнасці ў твайго шоў? Якая ў яго місія? Калі адказы на гэтыя пытанні сфармуляваныя выразна, табе будзе прасцей зразумець, куды з гэтымі каштоўнасцямі-місіямі рухацца і дзе цябе ўжо да свербу зачакаліся.
Text by Zamandarin