Нядаўна перазапусціўся праект «Літрадыё», які быў створаны аж 15 гадоў таму. У межах гранд-рэбуту на хвалях «Літрадыё» пачаў выходзіць падкаст «Адкуль бяруцца кнігі» – гэта разважанні творцаў пра сабж, то-бок літаратурную кухню. У першым выпуску можна паслухаць маналог Таццяны Заміроўскай.
Пісьменніца Таццяна Заміроўская нарадзілася ў Барысаве, жыла ў Менску, дзе вучылася журналістыцы і здабыла вядомасць у сферы музыкальнай крытыкі. З 2015 года Таццяна жыве ў Нью-Ёрку, яна скончыла магістратуру выяўленчага мастацтва і музыкі Бард-Каледжа. Аматарам кніг яна вядомая па зборніках апавяданняў «Жизнь без шума и боли» (2010), «Воробьиная река» (2015) і «Земля случайных чисел» (2019), а таксама рамане «Смерти.net» (2021).
У падкасце «Адкуль бяруцца кнігі» Таццяна распавяла, як прыдумляе апавяданні ў фонавым рэжыме мозга і як мігрэнь у камплекце з Джонам Ленанам дапамагла ёй стварыць раман. Выпуск тэматычна падзяляецца на дзве часткі: у першай можна пазнаёміцца з асабістымі падзеямі, якія паўплывалі на пісьменніцу (тут і дзіцячая траўма, і праца ў свячным буціку, і шэраг выпадковасцей), у другой – паслухаць пра творчыя прыёмы (натхненне, пісьменніцкія страхі, пошук матэрыялу і свайго голасу). Бонусам ідуць парады тым, хто піша.
Далейшыя выпускі «Адкуль бяруцца кнігі» будуць складацца прыкладна па той жа канве: асабістыя гісторыя, творчыя правілы, практычныя парады для калег. У наступных выпусках слухач_кі пачуюць Насту Грышчук, Адама Глобуса, Таню Скарынкіну, Уладзiміра Сцяпана.
Аўтар ідэі «Літрадыё» пісьменнік Павел Анціпаў («Дипломная работа», «Верхом на звезде», «Краткая история премии Г.») кажа, што будзе пісацца і яшчэ адзін падкаст, у жанры інтэрв’ю, і што гэты падкаст «Літрадыё» «зробіць прарыў у айчынных матэрыялах пра літарартуру, бо яго аўтар – першы, хто здагадаўся размаўляць з літаратар_камі, папярэдне прачытаўшы іх тэксты».
Акрамя падкастаў на «Літрадыё», зразумела, будуць выходзіць тэксты, а таксама літаратурная крытыка. Праект чакае райтараў ды рыдэраў, «тых, для каго белліт – лёс, кайф і авантура». Абяцаюць адсутнасць культурніцкай цэнзуры і агрэсіўнай прамоцыі «сваіх».
Text by Zamandarin