Та-дам: у другім сезоне тэатральна-кіношна-фатаграфічнае аўдыяшоу «Паставілі.Знялі» заходзіць на новую мастацкую тэрыторыю.
У аўтарскім цыкле журналіста Дзмітрыя Падбярэзскага размова пойдзе пра беларускую – увага! – папулярную музыку. Менавіта. Першы выпуск называецца «Бацькі беларускага біг-біту. Падмурак сучаснай рок-музыкі». З яго можна раптам даведацца, што першы фестываль біт-музыкі адбыўся ў Менску раней за «Вудсток» – у 1968 годзе (амерыканскі культавы фэст упершыню прайшоў у 1969-м). Шмат хто з удзельнікаў таго гістарычнага беларуска-сталічнага гіга потым перабраўся на прафесійную сцэну. У іх было чаму павучыцца будучым музыкальным зоркам і зорачкам.
Каманда «Паставілі.Знялі» падкрэслівае, што вядучы падкаста сам быў удзельнікам і сведкам падзей, якія «істотна паўплывалі на развіццё беларускага музычнага асяроддзя». Праз багаты досвед можна чакаць цікавых расповедаў, якія будуць цікавыя не толькі тым, хто лічыць, што беларуская папулярная музыка вядзе адлік ад «Песняроў», але і для музычных гурмэ, якія тусілі ў свой час на канцэртах «Алгарытмаў» ды «Арганаўтаў».
У наступных выпусках Дзмітрый Падбярэзскі распавядзе пра рок-канцэрты ў залах менскай філармоніі і Вялікага тэатру оперы і балета, пра нечаканы сапорт ад беларускага камсамолу, дзіўныя пляцоўкі для джазавых джэмаў ды іншае. Слухач_ак яўна чакаюць прыемныя нечаканасці.
Text by Zamandarin