Калі
вы чытаеце гэты артыкул, то пэўна нешта ведаеце пра падкасты і цікавіцеся імі,
хаця загаловак сцвярджае, што падкасты беларус_кам не заходзяць. Парадокс:
загаловак артыкула можна абвергнуць адным тым фактам, што вы тут. Такі загаловак
я абрала ў гонар аднаго радыёжурналіста, які аднойчы катэгарычна сказаў мне,
што падкасты ў Беларусі не заходзяць, і кропка. Я з ім унутры не
пагадзілася, але паспрабавала аб’ектыўна падысці да таго, што адбываецца з
рынкам падкастаў у Беларусі і ў свеце. Я шукала адказы на пытанні, ці сапраўды
падкасты не заходзяць у Беларусі, дзе тады яны заходзяць і чаму. З маіх
пошукаў нарадзіўся гэты артыкул.
Ці сапраўды падкасты ў
Беларусі «не заходзяць»?
Першая
праблема, з якой я сутыкнулася ў сваім даследаванні – адсутнасць дадзеных.
Пакуль не існуе аніякіх дакладных даследаванняў пра колькасць беларус_ак, якія
прынамсі час ад часу слухаюць падкасты. Паколькі сацыялагічных дадзеных не
было, я вырашыла запытаць, прынамсі, у нерэпрэзентатыўнай выбарцы маіх знаёмых. І
тут паўстала другая праблема.
Увогуле
не зразумела, што лічыць «праслухоўваннем падкастаў». Сярод маіх знаёмых шмат
тых, якія глядзяць відэападкасты на YouTube і ніколі не карыстаюцца
аплікацыямі менавіта для праслухоўвання. З іншага боку, ёсць у мяне і знаёмыя,
якія маюць падпіску на YouTube-Premium, каб час ад часу заблакаваць экран,
пакласці тэлефон у кішэню і пайсці на шпацыр пад разважанні як_ой-кольвек
відэаблогер_кі ў навушніках. Атрымліваецца, хаця вытворца кантэнту разлічва_ла,
што на гэты кантэнт будуць менавіта глядзець, частка аўдыторыі самастойна
ператварае тое відэа ў падкаст.
Мала
таго, што ў нас няма ўяўлення аб тым, колькі менавіта чалавек слухаюць
падкасты, дык мы яшчэ і не даем сабе справы, ці супадаюць нашыя ўяўленні пра
тое, што гэта за працэс такі «слуханне падкастаў» з аўдыторыяй.
Дадзеных
па Беларусі няма, і сабраць іх складана. Затое я знайшла дадзеныя па рынку
падкастаў у ЗША.
Паважаны
сервіс Statista.com прыводзіць наступную інфармацыю за 2022 год:
- 79%
амерыканцаў ведаюць, што такое падкастынг;
- 62%
слухалі аўдыяпадкасты прынамсі адзін раз у жыцці;
- 38%
слухаюць падкасты рэгулярна.
Наконт
апошняй лічбы ў 38%, трэба адзначыць, што пытанне фармулявалася так: ці слухалі
вы аўдыяпадкасты больш за тры разы ў мінулым месяцы? 38% адказваюць на гэтае
пытанне: так, слухалі больш за тры разы. Можам сказаць, што гэтыя 38% слухаюць
падкасты рэгулярна.
Ёсць
нейкае агульнае адчуванне, што падкасты ў Беларусі нашмат менш папулярныя, чым
у Злучаных Штатах. Мы не можам уявіць, што 80% насельніцтва ведае пра падкасты,
а 38% – слухае рэгулярна. Зноў жа, у адсутнасці статыстыкі нашыя інтуітыўныя
ўражанні могуць адрознівацца ад рэчаіснасці. Аднак тое, што беларус_кі слухаюць
падкасты значна меней, чым маглі б – відавочна.
Хаця нішто не перашкаджае беларус_кам, таксама, як амерыкан_кам, адкрыць аплікацыю з
падкастамі і слухаць іх па дарозе на працу, на шпацыры з сабакам ці падчас
мыцця посуду. Чаму амерыкан_кі гэта робяць значна больш ахвотна, чым
беларус_кі? Я вырашыла разабрацца з гістарычнымі падставамі.
Так склалася гістарычна:
чаму ў ЗША падкасты папулярныя, а ў Беларусі – не вельмі?
Паколькі,
зноў жа, не існуе дакладных антрапалагічных даследаванняў пра гістарычны
феномен падкастынгу ў ЗША ці Беларусі, тое, што я пішу далей, – пераважна мае
ўласныя здагадкі, якія нарадзіліся на падставе прачытаных кніг і артыкулаў пра
падкастынг і размоў з кале_жанкамі па цэху.
Прычына 1: розныя традыцыі
забаўляльнага радыё
Выразнае
адрозненне ЗША ад Беларусі ў розных традыцыях падыходу да радыёкантэнту: а
менавіта з радыёпраграм нарадзіўся жанр падкастаў.
Пакуль
у БССР панавала ўлада адной дзяржаўнай радыёстанцыі, у ЗША квітнелі і
развіваліся шмат незалежных радыё, якія маглі распавядаць аўдыторыі пра што
хочаш, а не толькі пра дасягненні савецкіх грамадзян ды заняпад Захаду.
У
незалежнай Беларусі таксама пачалі з’яўляцца незалежныя радыёстанцыі ва ўсёй
іх разнастайнасці. Аднак давайце ўспомнім, з чаго звычайна складаюцца эфіры
большасці беларускіх радыё: музыка, праграма «Прывітанні і віншаванні», навіны
з топа «Яндэкса» і дзесяціхвілінныя інтэрв’ю з музыкамі наконт таго, як у іх
атрымалася стаць такімі таленавітымі. Выключэнні складаюць лічаныя
радыёстанцыі, якія робяць праграмы пра палітыку і сацыяльныя праблемы. Усе яны
цяпер прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкімі.
Тым
часам у ЗША існавала сапраўдная радыёжурналістыка. Вядоўцы перадачы маглі
запрасіць палітыкаў ці актывістаў, каб абмеркаваць важныя сацыяльныя пытанні.
Выходзілі працяглыя інтэрв’ю. Вялікія каманды працавалі над дакументалкамі на
самыя розныя тэмы: атрымліваўся такі кантэнт National Geographic толькі ў
аўдыё. Карацей, радыёстанцыі ЗША працавалі прыблізна так, як працуюць
тэлеканалы: там было месца і забаўляльнаму кантэнту, і вострасацыяльнаму, і
інтэлектуальным гульням, і вялікім расследаванням.
Зразумела,
калі спажыўцы звыкліся да таго, што ў аўдыя можна ўспрымаць не толькі музыку і
«прывітанні з віншаваннямі», але і складаны інфарматыўны кантэнт, – у іх з'явілася больш
шанцаў палюбіць жанр падкастаў. Так і амерыкан_кі па прыкладзе радыёперадач
лёгка перайшлі на падкасты. Беларус_кам у большасці не было з чаго пераходзіць.
Прычына 2: Хайвэі, субурбіі
і патэрны
Штодзённасць
значнай часткі амерыканскага насельніцтва – гэта неабходнасць шмат гадзін знаходзіцца
ў дарозе. Напрыклад,
калі трэба ехаць са шматкіламетровай субурбіі (прыгарада) у цэнтр горада на
працу. Або калі даводзіцца гадзіну-другую ехаць па тым жа хайвэі (шашы) з
аднаго горада ў іншы таксама на працу. Прычым амерыканскія камфортныя дарогі дазваляюць
кіроўцам не сачыць за рухам пільна, накіроўваючы на гэта ўсю сваю ўвагу, а ехаць даволі расслаблена. У такім расслабленым стане, у дарозе, што займае
некалькі гадзін у дзень, даволі файна фонам паслухаць якую-небудзь доўгую
перадачу, ці аўдыёкнігу, ці падкаст. Тут
нам сам лад жыцця спажыўца падказвае, якога кшталту кантэнт можа запоўніць
лакуны ўвагі.
Аднак
і шмат якія беларус_кі вымушаныя ехаць у сваіх уласных аўтамабілях па горадзе
гадзінамі, – скажаце вы. І будзеце мець рацыю. Аднак менскія дарогі ў час пік і
амерыканскі хайвэй – зусім іншыя рэчы. У Менску даводзіцца ўвесь час
канцэнтравацца на руху ў заторах, бясконцых святлафорах, пешаходах, што бягуць
на чырвонае святло і супрацоўніках ДАІ. Гэта зусім не той стан, калі кіроўца
можа ўважліва паслухаць падкаст. Жыхары ж усіх астатніх гарадоў, праводзяць у
дарозе менш часу проста статыстычна, але прыблізна з тым жа ўзроўнем
канцэнтрацыі.
Шмат
хто, канешне, карыстаецца грамадскім транспартам. Аднак у большасці з
пасажыраў грамадскага транспарту ўсё яшчэ няма звычкі спажываць кантэнт праз
аўдыя.
У нас ёсць патэрн, што інфармацыю можна спажываць праз зрок і слых:
тэлебачанне, YouTube ды лекцыі ва ўніверсітэце кожны дзень пераконваюць нас у
гэтым. Мы дакладна ведаем, што інфармацыю можна спажываць толькі праз зрок:
калі чытаем артыкулы і кнігі, глядзім карцінкі ў Pinterest і гартаем Instagram.
Тое, што можна спажываць інфармацыю выключна праз вушы, мы пакуль не так
моцна ўпэўненыя, а менавіта гэта – патэрн праслухоўвання падкастаў.
Прычына 3: амаль усе
амерыкан_кі, у адрозненні ад беларус_ак, ведаюць ангельскую
Само
па сабе веданне ангельскай мовы можа і не набліжае вас да праслухоўвання
падкастаў. Аднак знакаміты падкаст Serial – папулярнае расследаванне, якое
выклікала бум цікавасці да падкастынгу ў 2014 годзе – выходзіў менавіта на
ангельскай мове.
Журналістка
Сара Кёніг на працягу 13 эпізодаў расследуе забойства, якое адбылося ў 1999
годзе. То-бок за 15 год да таго, як расследаваннем занялася Сара. Публіцы было
настолькі цікава высветліць, ці сапраўды ў забойстве школьніцы абвінавацілі
нявіннага чалавека, што падкаст стаў сусветным рэкардсменам па колькасці
праслухоўвання. Пасля Serial аўдыторыя ўжо добра ведала, якімі якаснымі могуць
быць падкасты, і пачала слухаць іншыя.
На
жаль, гэты бум падкастынгу тады не дайшоў да Беларусі, што цалкам лагічна. Калі
большасць людзей не валодае ангельскай мовай на высокім узроўні і не
знаходзіцца ў ангельскамоўным кантэксце, складана даведацца, што ў ЗША выйшаў
падкаст-сенсацыя і ўсе раптам пачалі слухаць падкасты.
Пакуль
што анічога падобнага на Serial не выходзіла ані ў расейскамоўным, ані ў
беларускамоўным сегменце падкастынгу. Магчыма, калі хтосьці з нас знойдзе такую
тэму, такую гісторыю і такі падыход, каб гэта стала цікава «шырокім масам» –
бум падкастаў адбудзецца і ў Беларусі.
Прычына 4: ціск
расейскамоўнай прасторы
На
жаль, гісторыя не мае ўмоўнага ладу, і мы не ведаем, які б кантэнт спажывалі
беларус_кі, калі б не расейскі ўплыў.
Факт
у тым, што беларус_кі доўгія гады доўгія гады спажывалі пераважна расейскі
кантэнт: ад пачатку тэлебачанне, потым YouTube. Толькі ў апошнія гады на
YouTube пачаў з’яўляецца кантэнт, разлічаны менавіта на беларус_ак і які
датычыцца не толькі палітыкі.
На
жаль, забаўляльны кантэнт, які мы спажывалі, быў пераважна расейскім. Гэта
прадказала і тое, што нашыя спажывецкая паводзіны ў медыясферы былі прыблізна
такімі ж самымі, як у расейцаў.
Калі
ўсе расейскія блогер_кі бясконца размаўляюць пра TikTok, мы ў нейкі момант
таксама спампоўваем сабе гэтую аплікацыю і пачынаем спажываць кантэнт такога
фармату. Калі ўявіць сабе сітуацыю, што расейскія блогер_кі раптам бясконца
пачынаюць згадваць нейкія падкасты і падкаст-платформы, верагодна і шмат якія
беларус_кі зацікавяцца гэтым фарматам.
На
жаль, гэтага не адбываецца: у Расеі жанр падкаста гэтаксама малавядомы, як у
Беларусі. Наконт расейскага рынку падкастаў мы таксама не маем дакладнай
статыстыкі, але, па некаторых ацэнках, каля мільёну грамадзян_ак Расеі
рэгулярна слухаюць падкасты (пры насельніцтве ў 140 мільёнаў).
Падкасты непапулярныя ў
Беларусі: ці гэта прысуд?
Зараз
я мушу абвергнуць загаловак артыкула, які ж сама і прыдумала. Калі мы кажам,
што «падкасты не заходзяць у Беларусі» – гэта гучыць як нейкі непазбежны лёс.
Быццам Беларусь – гэта такая анамальная кліматычная зона, дзе падкасты не былі,
не ёсць і не будуць папулярнымі ніколі. Аднак папулярнасць падкастаў расце: мы
гэта бачым і па статыстыцы, якой з намі дзеляцца падкастэры, і па тым, як
пашыраецца наш каталог падкастаў. Я, напрыклад, заспела яшчэ тыя часы, калі
беларускія падкасты можна было палічыць па пальцах дзвюх рук. Цяпер беларускіх
падкастаў больш за сотню. Калі гэта не рост рынку, то што тады?
Мы
мусім прызнаць, што наш шлях да папулярызацыі падкастаў ніколі не будзе такім, як у ЗША, ці ў якой-кольвек іншай краіне. Занадта наш гістарычны кантэкст
спецыфічны. Аднак нішто не перашкаджае нам прасоўваць падкасты ў тых умовах, у
якіх мы знаходзімся.
Уявім
сабе, што беларускія СМІ і блогер_кі пачынаюць масава распавядаць пра
які-небудзь класны падкаст. Гэта будзе значыць і рост папулярнасці канкрэтна
гэтага падкаста, і тое, што больш людзей даведаюцца пра падкастынг у прынцыпе.
Што калі беларускія СМІ і блогер_кі пачнуць распавядаць пра розныя класныя падкасты
рэгулярна? Відавочна, гэта будзе яшчэ большы буст да папулярнасці фармату ў
цэлым.
Усё
што для гэтага патрэбна – рабіць класныя падкасты і распавядаць пра іх у СМІ.
Гэта няпроста, але цалкам магчыма.
Text by Дар'я Гардзейчык