У канцы 2019 года будучы палітзняволены і нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі
зацікавіўся падкастамі: у спадара Алеся з’явілася ідэя рабіць падкаст «Праваабарончага цэнтра "Вясна"». Тым часам журналістка Кацярына, сябра «Вясны»,
ужо рабіла праграму «Вясна» на беларускім радыё «Рацыя».
Паколькі спадарыня Кацярына разумела, як робяцца аўдыяпрадукты, Алесь Бяляцкі
звярнуўся з ідэяй рабіць падкаст да яе. 1 красавіка 2020 года свет пабачыў
першы выпуск падкаста «Вясна прыйдзе». Выпуск быў прысвечаны людзям з
інваліднасцю. Журналістка Дар'я Гардзейчык пагутарыла з Кацярынай пра тое, якія трансфармацыі перажыў
падкаст з 2020 года, як змяняліся інтарэсы аўдыторыі і чаго бракуе проста
зараз.
– «Вясна прыйдзе» – гэта мой першы
досвед стварэння падкастаў, – распавядае Кацярына. – Таму для мяне гэта быў цалкам эксперымент. Ужо пасля я праходзіла
навучанні па падкастах. Мне запомнілася адна фраза, якая прагучала на курсе ад
Belarus Podcast Hub: «Падкасты ад НДА – гэта добрая магчымасць даць ім голас і ачалавечыць іх».
Падчас навучання я зразумела, што рабіла не зусім так,
як трэба па «тэорыі стварэння падкастаў»: не вызначыла сваю мэтавую
аўдыторыю, не прадумвала загадзя тэмы, не запісвала тры выпускі наперад.
Мной проста кіравала жаданне распавесці свету тыя гісторыі, якія я назапасіла
праз знаходжанне ў праваабарончай сферы.
Ёсць у Беларусі некаторыя лакуны жыцця, пра якія мала хто ведае, а там
тым часам адбываюцца жудасныя і пры гэтым абсурдныя рэчы.
Цытата з
першага выпуску падкаста «Вясна Прыйдзе» «Людзі з
інваліднасцю».
Гаворыць Алег Граблеўскі, юрыст «Офісу па правах людзей з
інваліднасцю»:
Мы сядзім у калідоры столінскага суда. Мяне хутка мусяць
выклікаць у якасці сведкі. Са мной побач сядзіць маладая жанчына. Ідзе па
калідоры чалавек сталага ўзросту і гучна ёй кажа: «Ну калі ты ўжо народзіш, і
мы ў цябе забяром дзіця»? Прайшоў. Дзяўчына галаву панурыла. Я кажу: «А што гэта такое было». Яна кажа: «Дык у мяне дыягназ лёгкая разумовая адсталасць». Я пытаю: «А чаму ў вас такі дыягназ»? А побач маці яе сядзіць і кажа: «У нас у вёсцы ва ўсіх такі дыягназ. У Давыд-Гарадок дзяцей вазіць у школу – далёка. А школа для дзяцей з псіхафізічнай адсталасцю – тут побач. І нам казалі заўсёды: ну навошта вам вазіць дзяцей туды далёка, калі тут побач школа. У мяне таксама такі дыягназ».
Чацвёрты выпуск падкаста прысвечаны лячэбна-працоўным
прафілакторыям (ЛПП).
Ідэя выпуску нарадзілася з
таго, што Кацярына разам з сяброўкай аднойчы загаварылі пра Савецкі Саюз.
Дзяўчыны сыходзіліся ў тым, што ў гэтым перыядзе гісторыі было не шмат чаго
добрага для нашай краіны. Адное, аб чым сяброўкі заспрачаліся, – стаўленне да
ЛПП. Сяброўка Кацярыны была перакананая, што ЛПП – гэта добрая сістэма.
Кацярына не пагаджалася. Так нарадзілася ідэя выпуску.
Ідэя ЛПП у тым, што людзей, якія
хворыя на алкагольную ці наркатычную залежнасць, адпраўляюць у такія
прафілакторыі і прымушаюць да рабскай працы. Хаця афіцыйна ЛПП не з’яўляецца
месцам, дзе адбываюць пакаранні за крымінальныя злачынствы, фактычна – гэта тая
ж самая «зона», куды адпраўляюць людзей, ад якіх грамадства імкнецца
пазбавіцца.
Ці магчыма пазбавіць чалавека ад
залежнасці праз працу пры адсутнасці тэрапіі? Практыка паказвае, што нельга.
– Калі тая мая сяброўка паслухала
выпуск пра ЛПП, – распавядае Кацярына, – сказала, што падкаст зроблены добра,
але яна ўсё адно ўпэўненая, што ЛПП павінны існаваць. Прыводзіла ў прыклад «суседа-алкаголіка, які ўвесь час піў ды валяўся ў іх на парозе». Калі яго
высылалі ў ЛПП, то ўсе суседзі ўздыхалі з палёгкай.
З іншага ж боку, гэта сістэма
рабскай працы ў нечалавечых умовах. На маю думку, для людзей з залежнасцю
мусіць існаваць іншая сістэма: не пакарання, а дапамогі.
Дарэчы, пасля жніўня 2020-га
некаторых затрыманых дасылалі ў ЛПП, калі бракавала месца на Акрэсціна і ў
СІЗАх.
Для свайго падкаста я абрала лозунг: «Меншае, што мы можам зрабіць, – гэта ведаць пра досвед людзей, якія жывуць побач з намі».
На дадзены момант нам вядома пра паўтары тысячы палітзняволеных. Яны зараз трапілі ў калоніі і СІЗА, сутыкнуліся з тымі
жудаснымі ўмовамі. Але такія ж умовы былі ў тых калоніях дзесяцігоддзямі да
пратэстаў. Грамадства ніколі не цікавіла, што адбываецца ў такіх установах.
Нават калі нешта і даведваліся, то апраўдвалі такое стаўленне да вязняў:
маўляў, там жа сядзяць забойцы, то так ім і трэба.
Так працуе грамадская адказнасць:
калі мы не задумваемся пра такія рэчы, праз некаторы час яны могуць адгукнуцца.
Калі
паглядзець, у Беларусі паўсюдна былі праблемы. Але шмат хто з нас да 2020 года
жыў у нейкай паралельнай рэальнасці: ну, пераабіраецца Лукашэнка, то і ладна,
а ў нас сваё жыццё. Дарэчы, гэта парушэнне выбарчых правоў. Што адбываецца
паралельна ў нашай краіне, або нікому не было вядома, або выклікала рэакцыю на
інфармацыю пра ўмову ў турмах, кшталту «то значыць так ім і трэба, яны ж злачынцы».
Для свайго падкаста я абрала лозунг: «Меншае, што мы можам зрабіць, – гэта ведаць пра досвед людзей, якія жывуць побач з намі». Насамрэч, каб шырокія масы людзей ведалі, як у нас усё пабудавана, то дзяржаўны апарат не ўзмацніўся б да такой ступені, што выстаяў нават пасля падзей 2020 года.
Як змяніўся падкаст пасля жніўня
2020
– У жніўні 2020-га нельга было рабіць
падкаст пра нешта іншае, чым тое, што адлюстроўвала б нашу рэчаіснасць, якая
паўстала з нагоды прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, пратэстаў і далейшых рэпрэсій. Зноў жа, мая асаблівасць у тым, што
я ніколі не прадумвала аніякае развіццё. З планамі мне цяжка: я не чалавек
рэзультату, а чалавек працэсу.
Першы час выпускі пра рэпрэсіі мелі шмат праслухоўванняў:
людзям важна было пачуць, што адбываецца. Потым аўдыторыя стамілася ад цяжкіх
навін, і лічбы «праселі».
Апошні выпуск, пра суды, я
пастаралася зрабіць не занадта сумным. Гэта не азначае, што я пачала рабіць
«іржаку на касцях». Проста ў беларускіх судовых працэсах ёсць такія смешныя
сітуацыі, што калі над імі пасмяяцца, то ў сітуацыі поўнага трындзеца,
становіцца лягчэй.
Я бачу па статыстыцы, што з пэўнага
моманту падкаст пачалі слухаць у Вільні і ў Варшаве. Таму для нас паўстала праблема: як рэкламаваць падкаст такім чынам, каб дагрукацца да тых беларусаў,
якія з’ехалі.
Дарэчы, я не магу сказаць, што для
мяне жнівень 2020 года стаў самым страшным момантам у жыцця. Для мяне самы
эмацыйна складаны момант адбыўся трохі раней. Гэты момант зафіксаваны ў трэцім
выпуску – пра смяротнае пакаранне.
Я тады была на судзе ў братоў
Косцевых, якіх прысудзілі да смяротнага пакарання. Іх потым памілавалі, але ў
зале суда быў абвешчаны смяротны прысуд. Суддзя кажа: імем дзяржавы прыгаварыць
да вышэйшай меры пакарання. На ўсю залу гучаць
апладысменты.
Са мной там быў Андрэй Палуда – каардынатар кампаніі «Праваабаронцы
супраць смяротнага пакарання ў Беларусі». Ён кажа: «Каця, спакойна». Я
проста села, прыклаўшы руку да ілба. Гэта быў мой пункт незвароту. Пасля гэтага
нават жнівень 2020 года я ўспрымала значна спакайней: ужо разумела, які жах
можа адбывацца ў гэтай краіне.
Як падкаст робіцца тэхнічна?
Мікрафонаў
у Каці няма. Таксама як няма і студыі, дзе мог бы адбывацца запіс.
– У мяне ёсць адзін рэкордар, – кажа Кацярына. – Ён досыць добрай якасці, але ўжо стары, і там адламаўся трымальнік.
Я мушу проста ў руцэ яго трымаць, калі з кімсьці размаўляю: ужо добра накачала
руку (смяецца). Па-другое, калі мне трэба нешта сказаць, трэба разварочваць
рэкордар да мяне, а гэта можа быць чутна.
З іншага боку, гэта дадае
мабільнасці: я ніколі не запісвала падкаст у студыі, для мяне запіс у студыі –
гэта нейкая фармальнасць. Я хачу схапіць досвед чалавека як ёсць.
Запісвала я ў абсалютна розных
умовах: у мяне ёсць падкаст запісаны пад СІЗА, калі там ездзяць аўтазакі, размаўляюць валанцёры і сваякі,
якія перадаюць перадачы.
Гэта тое, чым падкаст моцна
адрозніваецца ад тэксту. Падаецца, што хутчэй прачытаць тэкст, чым паўгадзіны
слухаць падкаст. Аднак тэкст не перадае ані інтанацыі, ані навакольныя гукі, а
менавіта праз іх можна адчуць непасрэдны досвед людзей.
Калі я ўжо ўсё запісала і ў мяне
ёсць чарнавік, я дакладна прадумваю сцэнар і раблю мантаж. Лінейны мантаж, як я
гэта называю, – гэта калі я падчышчаю запіс і расстаўляю фрагменты ў тым
парадку, як яны мусяць ісці, дадаю сваю каментары. Потым ідзе нелінейны мантаж
– калі я накладаю музыку. Я неяк лічыла, што ўвесь працэс мантажу займае гадзін
17.
Таму ў мяне праблемы з рэгулярнасцю:
выпускаць падкаст раз на тыдзень, я не пацягнула б. На пачатку я выпускала
эпізод раз на дзесяць дзён, але слухачы казалі, што так цяжка падлічыць, у які
канкрэтна дзень чакаць новы выпуск.
Усе тэхнічныя складанасці звязаныя з тым, што падкаст – гэта цалкам
аўтарскі праект. Адзінае, лагатып мне зрабіла Вольга Дажонак, а музыку я ўзяла
ў Яўгена Кучмейны: ён мне дазволіў.
Чаго бракуе аўтарцы падкаста?
– Я сачу за іншымі падкастамі, – кажа Кацярына. – У некаторых падкастах у апісанні пазначаныя прозвішчы вядучых,
прадзюсараў, гукарэжысёраў, рэдактараў... То-бок 4-5 чалавек ствараюць падкаст.
Памятаю, слухала адзін падкаст, і там вядучы неяк сказаў: «наш гасцявы
прадзюсар знайшла чалавека». То-бок у іх ёсць нават асобны чалавек, які шукае
герояў, а я абсалютна ўсё раблю сама.
З-за гэтага мне яшчэ бракуе фідбэку,
бо ў некаторых момантах я не ўпэўнена, як будуць успрымацца тыя ці іншыя
моманты. Аднак чалавека, які б мне даў такі фідбэк, няма. З іншага боку, мне,
можа быць, было б і страшна працаваць з нейкім рэдактарам. Можа ён бы
ўносіў тыя змены, якія б мне не падабаліся...
Вось чаго мне насамрэч моцна бракуе,
дык гэта аўдыторыі, якая б не баялася слухаць пра цяжкія рэчы. Я разумею, што
людзі стомленыя ад цяжкіх тэм, але я б хацела, каб былі не стомленыя.
Напрыклад, я сярод такіх, таму
адчуваю сябе цалкам на сваім месцы, хаця месца крыху нездаровае. Я неяк пыталася
ў сваіх калег: кім бы вы былі, каб Беларусь не была рэпрэсіўнай. Хтосьці
застаўся б праваабаронцам: праваабаронцы заўсёды ёсць у дэмакратычных краінах.
Некаторыя працавалі б па спецыяльнасці: юрыстамі, нават біёлагамі. У мяне ж
заўсёды была мара быць антраполагам, каб запісваць глыбінныя інтэрв’ю з
досведам людзей. Тое, чым я займаюся ў падкасце, – гэта працяг маіх мар.
–
У цябе ёсць улюбёны выпуск падкаста?
– Мне вельмі падабаюцца выпускі «Антрапалогія Валадаркі», прысвечаныя таму, як жывуць і размаўляюць людзі ў СІЗА на
вуліцы Валадарскага. Госцем у тых выпусках быў Алег Граблеўскі – той самы, які
ўдзельнічаў у першым выпуску. Потым стаў палітзняволеным. Потым выйшаў, і стаў
удзельнікам выпускаў пра антрапалогію валадаркі. Такое вось кола часу.
Text by Дар'я Гардзейчык