Падкаст як фармат першапачаткова – гэта аўдыязапіс, які існуе менавіта ў гукавым фармаце. Аднак праз папулярнасць YouTube шмат якія творцы пераходзяць зараз у відэафармат. У тым ліку і падкастэры. Для Беларусі гэта пакуль не самая распаўсюджаная з’ява: з сотні падкастаў, якія ёсць у нашым каталозе, толькі 15 маюць відэаверсію. Тым не менш, калі, напрыклад, вам падаецца, што падкасты – гэта не ваш фармат і вы ўвогуле «неаўдыял», то-бок дрэнна ўспрымаеце інфармацыю на слых, то можна пачаць менавіта з відэападкастаў. Сёння прадставім вам нашую падборку з 5 беларускіх падкастаў, якія можна не толькі слухаць, але і глядзець.
Slodky Stony
Падкаст Мікіты Мелказёрава, які, на жаль, пратрымаўся толькі 5 выпускаў. Апошні эпізод быў апублікаваны больш за год таму. Аднак усе тыя 5 эпізодаў вартыя ўвагі.
У адрозненні ад шоу «Жыццё-маліна», дзе Мікіта выступае ў якасці інтэрв’юэра, які толькі задае пытанні і не мусіць выказваць сваё меркаванне, Slodky Stony – гэта размоўны падкаст, дзе менавіта адбываецца размова Мікіты Мелказёрава з гасцямі, і ў іх ёсць аднолькавая магчымасць выказацца і паразважаць на тую ці іншую тэму.
Госцямі тых 5 выпускаў сталі грамадская дзяячка Ніна Шыдлоўская, культуролаг Максім Жбанкоў, кіраўнік фонду BySol Андрэй Стрыжак, PR-шчыцы Таццяна Курбат і Наста Касцюгова. Падкаст быў файнай магчымасцю пагаварыць з вельмі публічнымі людзьмі ў менш фармальнай абстаноўцы на тэмы, якія будуць у першую чаргу цікавыя ім самім, а не шырокай аўдыторыі.
Ці ёсць у гэтага падкаста нейкая дададзеная вартасць за кошт наяўнасці відэаверсіі? Насамрэч, калі вам не цікава глядзець на міміку Мелказёрава і гасцей падкасту, то можна проста паслухаць аўдыяверсію і нічога не згубіць. У відэа няма аніякай графікі ці ілюстрацыйных матэрыялаў.
«Паўгадзіны кардыё» (Полчаса кардио)
Падкаст журналіста Максіма Паршуты і журналісткі Ані Пяровай. Ад пачатку «Паўгадзіны кардыё» выходзіў толькі ў аўдыё. У тыя часы Максім і Аня яшчэ жылі ў Беларусі і разважалі ў падкасце пра рэчы, якія не датычыліся палітыкі ці іншых патэнцыйна «таксічных» тэм. З пераездам вядоўцаў за мяжу змяніўся і фармат. Максім і Аня пачалі здымаць відэа, а тэмы сталі больш востра сацыяльнымі.
Напрыклад, у падкасце з’явіўся эпізод з гісторыямі беларусак, якія ў дзяцінстве перажылі сэксуалізаваны гвалт з боку настаўнікаў. Тэмай яшчэ аднаго з эпізодаў была сітуацыя ЛГБТК+ у Беларусі. Разам з актывістам Эдвардам Тарлецкім вядоўцы прыгадвалі гісторыю прайдаў у Беларусі і аналізавалі гамафобныя настроі сярод прадстаўнікоў беларускай улады. Таксама ў падкаст перыядычна прыходзяць лекар_кі, каб адказаць на пытанні наконт сэксу і здароўя.
«Паўгадзіны кардыё», у адрозненні ад папярэдняга прыкладу, мае «дададзеную вартасць» за кошт відэа: у якасці ілюстрацый час ад часу з’яўляюцца анатамічныя карцінкі, фатаграфіі з важных падзей і нават сэкс-цацкі.
PLACOÜKA  
PLACOÜKA – гэта YouTube-канал, якія аб’ядноўвае адразу некалькі шоу. Аднак зараз гаворка пойдзе пра тое, якое выходзіць найбольш часта і з’яўляецца менавіта падкастам. Гэта шоу «Глушылка Бі-бі-сі». У «Глушылку» трапляюць розныя вядомыя беларусы і беларускі, каб з гумарам абмеркаваць бягучыя падзеі. Ад часу да часу гэта не самыя вострыя пытанні, якія хвалююць усіх.
Напрыклад вядоўцы запрасілі аналітыка Арцёма Шрайбмана, але не для таго, каб прааналізаваць палітычную сітуацыю ў рэгіёне. У «Глушылцы» з вядомым аналітыкам абмяркоўвалі спажыванне алкаголю ў школе, зыход McDonalds і камп’ютарныя гульні.
Падаецца, што «Пляцоўку» варта менавіта глядзець, а не слухаць. Бо, канешне, варта пабачыць на ўласныя вочы, як сур’ёзны палітычны аналітык п’е шампанскае і разважае пра ролю McDonalds у сваім гомельскім дзяцінстве.
Лятучы ўніверсітэт
Лятучы ўніверсітэт – гэта адукацыйная медыя-платформа, дзе беларускія інтэлектуал_кі прадстаўляць свае курсы з разнастайных галін навукі. На YouTube-канале Універсітэта можна паглядзець лекцыі на самыя розныя тэмы: ад габрэйскай спадчыны ў Беларусі да кіравання грамадскімі прасторамі. Частка гэтых лекцый таксама дасяжная на падкаст-платформах.
Аднак гэта той выпадак, калі варта звярнуць увагу менавіта на YouTube-канал. Па-першае, у відэа шмат цікавых ілюстрацыйных матэрыялаў: карціны, гравюры, фатаграфіі, чарцяжы і схемы. Па-другое, калі лектар_ка згадвае імя якойсьці важнай гістарычнай постаці, але не распавядае падрабязна, то на відэа з’яўляецца ўстаўка з гадамі жыцця і кароткім апісаннем дзейнасці. Гэта дапамагае больш дэталёва паглыбіцца ў кантэкст.
На тым жа YouTube-канале можна знайсці старыя запісы лекцый, якія яшчэ праходзілі афлайн у Беларусі і якіх вы не знойдзеце на падкаст-платформах. Напрыклад, тэалагіня Ірына Дубянецкая некалькі год запар выкладала ў «Школе Бібліі» – адукацыйным курсе, які дапамагае разабрацца са скрытым значэннем біблейскіх тэкстаў. Запісы заняткаў з гэтага курсу якраз варта знайсці на канале Лятучага ўніверсітэту.
Трэба адзначыць, што кантэнт Лятучага ўніверсітэту моцна адрозніваецца ад усіх падкастаў, пра якія мы распавядаем у гэтай падборцы. Лекцыі Лятучага ўніверсітэту наўрад ці атрымаецца слухаць ці глядзець фонам, пакуль вы занятыя нейкай іншай дзейнасцю. Гэта той кантэнт, які хочацца спажываць з усёй увагай і нават весці канспекты.
Natatnik
Natatnik – гэта праект пра скарбы беларускай культуры, якія нельга назваць відавочнымі. На канале Natatnik ёсць, напрыклад, кароткія дакументальныя фільмы пра «выміраючыя» вёскі. Вядоўцы бяруць інтэрв’ю ў мясцовых жыхароў, разглядаюць разам з імі старыя фотаздымкі і пейзажы спусцелай вёскі.
Ёсць на канале і падкаст (які таксама можна паслухаць на падкаст-платформах), агульнай тэмай якога можна назваць «таямнічая Беларусь». Напрыклад, ёсць выпуск з астраномам пра месцы, у якіх варта шукаць метэарыты. Або інтэрв’ю пра старавераў і Палессе з гісторыкам і палешуком.
Падкаст Natatnik – той від кантэнту пра культуру і гісторыю, які сапраўды хочацца спажываць, бо там раскрываюцца нязбітыя тэмы ў цікавай і простай форме. Акрамя таго, відэаверсія вельмі дарэчная для падкаста, бо часта здымкі ідуць у цікавых лакацыях: у музеях ці вясковых хатах. Таксама ў падкасце паказваюць шмат рэчаў, на якія варта паглядзець. І гэта не толькі ўстаўленыя карцінкі, але і прадметы быту, старыя кнігі і экспанаты з веткаўскага музею на фоне.
Text by Дар'я Гардзейчык