Давай паставім пытанне па-іншаму: а якія ў цябе прычыны не запісваць падкаст? Бо калі ты тут, то ідэя пабалбатаць у мікрафон цябе ўжо як мінімум наведала. Дык што ж цябе спыняе? Давай, паспрабуй знайсці хоць адну добрую адмазку.
Баішся здацца занадта модным, бо ў гэтым свеце ўжо нават «у халмоў ёсць свой падкаст»? Што ж, з большага ты маеш рацыю, але ты крыху пераблытаў(-ла) паўшар'і. Гэта ў Амерыцы падкасты – сур'ёзны бізнэс з кучай суперзорак і рэкламных бабак. Колькі там Spotify заплаціў Джо Рогану (так, зноў я пра яго)? Вось-вось. Там, далёка на радзіме біг-макаў і бейсбола свой падкаст ёсць абсалютна пра ўсё. Не, літаральна. Вось напрыклад падкаст, у якім бяруць інтэрв'ю ва ўсякіх рэчаў: у шарыка, банкі колы, падушкі і да т.п.
А вось падкаст чыста з белым шумам . Дарэчы, не смейся: ён на трэцім месцы ў чарце Spotify і тэхнічна, на дадзены момант, папулярней за Канье. Ды і манетызацыя ў яго $ 18000 у месяц. Трохі балюча прызнаваць, што белы шум значна больш паспяховы і за нас, і за цябе, але гэта ўжо сафістыка.
Увогуле ў Амерыцы жанр зараз на піку. Адсюль і ўсе гэтыя твітарскія мемы пра тое, што калі ты «мужык за 30 і ў цябе ёсць мікрафон – гэта яшчэ не значыць, што твая думка камусьці цікавая» і што «музычных падкастаў ужо больш, чым саміх музыкаў».
Але азірніся: няўжо мір вакол цябе ўжо захапілі людзі з Rode Podcater наперавес? Гэта было рытарычнае пытанне. У нашых краях жанр ужо, вядома, становіцца на ногі паціху, але, скажам так, на ровары катацца ён яшчэ будзе не хутка. І яго развіццё залежыць выключна ад новай крыві і крэатыўных трэндсэтараў. Ты можаш стаць адным з іх і ў перспектыве нават нядрэнна зарабіць на сваёй займальнай балбатні, калі ў нас, як і ў Амерыцы, падкасты стануць (а яны абавязкова стануць, скрынь!) сур'ёзнай індустрыяй. А можаш, канечне, нічога не рабіць. Проста засцябаць іх і забіць. І потым кусаць локці, як гэта было ўжо некалі з Tik-Tok.
Фота з Kinsta
Якія ў цябе яшчэ прычыны не націснуць ужо нарэшце на REC? Баішся, што не пацягнеш мантаж? Што няма прыдатнага абсталявання і памяшкання? Сябра, калі я пачынаў, маёй студыяй была табурэтка, на якой стаяў мікрафон. Ён быў адзін, а нас было трое. А першай мантажнай праграмай стаў Sony Vegas, які з'яўляецца відэарэдактарам, але ў ім я проста хоць нешта ўжо разумеў.
Усё прыходзіць з досведам і ўсяму патрэбны час. Галоўнае пачаць. Сёння я ўжо ўмею па-чалавечы мантаваць падкасты любой складанасці ў Ableton і пішу гэты тэкст, седзячы ў сапраўднай падкаст-студыі. Дарослай такой, з «паралонавымі сісечкамі» на сценах, як на малюначках. Гэтыя «паралонавыя сісечкі», дарэчы, не вельмі і моцна дапамагаюць наладзіць акустыку, але пра гэта ў іншы раз як-небудзь.
Сутнасць вышэйсказанага не ў банальным: «Я пачынаў на вуліцы, скажы мне, дзе я зараз? І як дайсці да метро? Ёу!» Проста ўсё, што табе на дадзены момант трэба – гэта цікаўнасць і жаданне. У цэлым іх хопіць. А туторыял па тым умоўным мінімуме, які патрэбен для запісу, мы табе ўжо падрыхтавалі.
Што яшчэ? Перажываеш, што цябе ніхто ня будзе слухаць? Так і будзе. Спачатку твае патугі зацэняць толькі твае сябры, кот і бабуля. І тое, у ката ды бабулі проста не будзе выбару, бо ты запісваешся ў суседнім пакоі. Але праз гэта праходзілі ўсе, і калі гэтага баяцца, то і пачынаць нічога новага не варта зусім. Калі ў цябе ёсць класная ідэя, калі ты і твае сябры сапраўды цікавыя, то ваша аўдыторыя вас непазбежна знойдзе. А пра тое, як сябе рэкламаваць, каб гэта адбылося хутчэй, мы таксама хутка раскажам.
Ну і нарэшце класіка: «Хто я ўвогуле такі/такая? Гэта нікому не будзе цікава». Тут бальзамам на сэрцы ляжа адзін просты факт: у індустрыі падкастаў пакуль што ўсе плюс-мінус аднолькавыя ноўнэймы. Ну, гэта калі не мець на ўвазе падкасты, створаныя спецыяльна для селеб пад ключ якім-небудзь вялікім медыя. Але, як паказвае практыка, яны доўга не жывуць. Што там з падкастам Дзюбы пра кіно? Не напружвайся, мы таксама не ведаем.
Фота з Shutterstock
Усе мы некалі ноўнэймы, гэта нармальна. Больш за тое, менавіта падкасты зараз ледзь не лепшае месца, дзе можна паспрабаваць сябе з нуля. Тут няма душных аўтарытэтаў. Затое ёсць даволі спагадлівае кам'юніці такіх жа ініцыятыўных ноўнэймаў, якія гараць ідэяй і гатовыя дапамагаць блізкаму свайму. У тым ліку менавіта для яго фармавання і быў створаны наш падкаст хаб. Залятай у наш дыскорд і знаходзь аднадумцаў. Калі моцна павязе, тамака жа можна знайсці і мантажора, і мікрафоны амаль нахаляву. Але гэта калі павязе. І не кажы нікому, што гэта мы параілі, добра?
Увогуле прабач, але ўсе твае аргументы «супраць» разбітыя ў пух і прах. А вось нашы аргументы «за». Табе тэрмінова патрэбен падкаст таму што:
  • Гэта весела. Уяві, што ў вас з сябрамі нарэшце з'явіцца легітымная нагода кожны тыдзень збірацца. Плюс вы зможаце знайсці новых сяброў па інтарэсах ужо з ліку слухачоў і, як бы, «размножыцца». Такое вось падкастава-сяброўскае кола.
  • Гэта перспектыўна. Прыкінь, гэтая вясёлая авантура яшчэ і можа стаць тваёй працай. Ужо зараз вялікія медыя і спонсары гатовы  ўкідвацца ў праекты перспектыўных аўтараў. Агалі свой неверагодных памераў крэатыў і стань адной з новых зорак жанру, камрад!
  • Гэта нядорага. Ну, дакладней кажучы, гэта моцна танней, чым здымаць відэа. Так, на добрыя мікрафоны ў перспектыве таксама прыйдзецца трохі выдаткаваць, але павер мне, гэта не ідзе ні ў якія параўнанні з прайсамі вытворчасці відэакантэнту.
  • Гэта дапамагае самарэалізавацца. Дапусцім, ты лепш за ўсіх на свеце разбіраешся ў пяльменях. Дзіўна, вядома, але вось такая ў цябе суперздольнасць. Дык вось на бытавым узроўні яна табе не дасць зусім нічога. Ты практычна асуджаны есці аднолькавыя і нявартыя цябе пяльмені з крамы і плакаць аб тым, што жыццё несправядлівае. Але варта табе завесці падкаст, і ты здзівішся, што аказваецца не адзін ты настолькі in love with мяса ў цесце. Цябе слухаюць, тваім меркаваннем цікавяцца, ды яшчэ і пяльменныя заводы выстройваюцца ў чаргу, каб ты першым паспрабаваў іх навінку. На любую, нават самую вузкую тэму, знойдзецца аўдыторыя, павер.
  • Асабіста мы вельмі жадаем, каб ты паспрабаваў(-ла). Нават запілавалі для цябе вось гэты сайт і дыскорд, у якім ты зможаш знайсці сапраўды такіх жа «падкастнутых» індывідаў. Было б крута, калі б ты застаўся назаўжды ў нашай маленькай, але ўтульнай і легальнай секце аматараў трашчаць у мікрафоны аба ўсім на свеце. У нас ёсць печыва. І крутыя плагіны для звядзення (магчыма пакуль ты не разумееш, але гэта нават лепш за печыва). Ўэлкам!
Text by Саша Маніту